Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З усіх камэрцыйных пасылак у Эўразьвяз будуць спаганяць падатак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падатак на даданую вартасьць будуць спаганяць пасьля ўвядзеньня новых правілаў у Эўразьвязе.

У Эўразьвязе зьмяніўся парадак збору падатку на даданую вартасьць для камэрцыйных адпраўленьняў зь іншых краін, гаворыцца ў паведамленьні на сайце «Белпошты».

«З 1 ліпеня 2021 году ўнесены зьмены ў парадак збору падатку на даданую вартасьць (ПДВ) пры трансгранічным гандлі ў Эўрапейскім Зьвязе, прымяняецца да электроннай камэрцыі. Такім чынам, з усіх камэрцыйных пасылак без залежнасьці ад кошту ўкладаньня, якое перасылаецца, спаганяецца ПДВ, на ўкладаньні коштам звыш 150 эўра дадаткова спаганяюцца мытныя плацяжы», — растлумачылі ў «Белпошце».

Пры перасылцы тавараў для асабістага карыстаньня атрымальніка і яго сям’і, кошт якіх не перавышае 45 эўра, ПДВ не спаганяецца.

«Аднак калі кошт укладаньня некамэрцыйных адпраўленьняў большы за 45 эўра, будуць налічвацца мытныя плацяжы», — нагадалі на прадпрыемстве.

Для скарачэньня тэрмінаў перасылкі міжнародных паштовых адпраўленьняў супрацоўнікі аб’ектаў паштовай сувязі складаюць мытныя дэклярацыі ў электронным выглядзе для наступнай перадачы іх у краіну прызначэньня.

«Для вызваленьня сваіх атрымальнікаў, якія пражываюць у краінах Эўразьвязу, ад выплаты ПДВ інтэрнэт-крамы могуць зарэгістравацца ў сыстэме IOSS (Адзіная крама імпарту) і выплачваць ПДВ самастойна».

У цяперашні час «Белпошта» дапрацоўвае праграмнае забесьпячэньне і інтэрнэт-партал, каб даць магчымасьць пры афармленьні электроннай мытнай дэклярацыі ўказваць рэгістрацыйны нумар адпраўніка (інтэрнэт-крамы), зарэгістраванага ў IOSS, для перасылкі тавараў электроннай камэрцыі, імпартуемых у ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG