Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сюжэце, які літоўцы назвалі фэйкам, беларуская тэлевізія скарыстала два розныя пераклады для аднаго відэа


Мігранты ў літоўскім лягеры для ўцекачоў

У нядаўнім сюжэце пра мігрантаў і «жахлівае стаўленьне да іх з боку літоўскіх памежнікаў» журналісты дзяржаўнай тэлевізіі выкарысталі аднолькавае відэа двойчы і пераклалі яго па-рознаму.

На гэта зьвярнуў увагу тэлеканал «Белсат». Паводле «Белсату», паўтор відэашэрагу з розным перакладам на расейскую мову адбыўся прыблізна праз хвіліну.

У панядзелак Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 18 і 19 ліпеня памежнікі затрымалі 25 чалавек, якія нібыта заявілі, што іх сілай выгналі зь літоўскага лягеру для ўцекачоў у Беларусь.

Паводле беларускіх памежнікаў, мігранты расказалі, што ў Літве іх быццам прымушалі даваць паказаньні аб подкупе беларускіх памежнікаў за дапамогу ў парушэньні мяжы. Пры гэтым затрыманых, як сьцьвярджае ДПК, не кармілі, не давалі піць, а «гутарка» суправаджалася ўдарамі тэлескапічнай дубінкай, пра што сьведчаць раны і сінякі на розных частках цела мігрантаў.

«Адразу пасьля допыту, як растлумачылі іракцы, праваахоўнікі прывезьлі іх да дзяржаўнай мяжы і пад пагрозай прымяненьня зброі прымусілі ісьці на тэрыторыю Беларусі». — гаворыцца ў паведамленьні на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Радыё Свабода зьвярнулася ў Літоўскую памежную службу з просьбай пракамэнтаваць інфармацыю ад беларускіх памежнікаў.

«Мы не камэнтуем фэйкавых навінаў», — гаворыцца ў адказе прэс-службы Дзяржаўнай памежнай службы Літоўскай Рэспублікі.

Паводле апошніх зьвестак, на беларускай мяжы літоўскія памежнікі ад пачатку году затрымалі 2096 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 26 разоў больш, чым у 2020 годзе. Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі. Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, якою прызнаў узрослую міграцыю празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG