Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Антона Шукелойця


Разьвітаньне з Антонам Шукелойцям, студзень 2017
Разьвітаньне з Антонам Шукелойцям, студзень 2017

Падзеі 19 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзеі 19 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 ліпеня 1915 году нарадзіўся Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмяне першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету.

Падчас нацысцкай акупацыі Шукелойць працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю. З 1944 году жыў у эміграцыі. Быў актыўным удзельнікам жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Памёр 7 студзеня 2017 году.

2010 год. 29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Выступае Антон Шукелойць
2010 год. 29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Выступае Антон Шукелойць

У 1939-м, Антон Шукелойць, нядаўні выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя, пасьля прыходу саветаў у Заходнюю Беларусь стварыў у былым Ашмянскім павеце блізу ста беларускіх школаў і настаўніцкія курсы, загадваў у Ашмянах аддзелам народнай адукацыі, але хутка трапіў у турму НКВД, адкуль вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

Мы наведалі сёньня Музэй Гугэнхайма, таму заходзіць гаворка пра Менскі гістарычны музэй. Малады Антон кіраваў ім у час нямецкай акупацыі. Немцаў ён любіў гэтаксама моцна, як і бальшавікоў, таму і ўступіў у Беларускую незалежніцкую партыю. Брунатны фашызм, кажа ён, прыйшоў на зьмену чырвонаму.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Шукелойць займаўся арганізацыяй школьніцтва і прафэсійных курсаў у лягерах для перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне, шукаў вывезеныя туды нацыстамі беларускія музэйныя каштоўнасьці.

У Злучаных Штатах Амэрыкі дзядзька Антось быў адным з найактыўнейшых беларускіх «штыхоў»: трыццаць два гады ачольваў БАЗа, супрацоўнічаў з газэтай «Беларус» і Беларускім інстытутам навукі й мастацтва ў НьюЁрку.

Добрым словам успамінаюць ягоную працу ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Там, на вежы па-над Нью-Ёркам, дзядзьку Антосю было восемдзесят. Я пажадаў яму на разьвітаньне 100 гадоў.

Ён пражыў 101. Столькі і павінны жыць беларусы ў ХХІ стагодзьдзі.​

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

Таксама ў гэты дзень

1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны Максім Гарэцкі.

1972 — Івану Мележу і Івану Шамякіну надалі годнасьць народных пісьменьнікаў Беларусі.

1988 — у Віцебску пабудавалі летні амфітэатар. Тут штогод праводзіцца «Славянскі базар».

Летні амфітэатар у Віцебску
Летні амфітэатар у Віцебску

1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.

У гэты дзень нарадзіліся

1869 — Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі архітэктар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі – стаіць першы зьлева
Лявон Вітан-Дубейкаўскі – стаіць першы зьлева

Выпускнік Парыскай акадэміі архітэктуры, ён будаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве й Смалянах, спраектаваў царкву ў Відзах і мноства іншых пабудоваў на Віленшчыне і ў Вільні, дзе назаўсёды атабары ўся на пачатк у 1920-х гадоў.

Калегі і вучні ведалі яго як зацятага беларускага незалежніка, што калісьці, жывучы ў Менску, рэгулярна завітваў у «Беларускую хатку», а пазьней выконваў абавязкі прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Варшаве. Свае прыхільнікі былі і ў Лявона-літаратара, аўтара вострых і дасьціпных паэтычных твораў, сярод якіх вылучаецца байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка».

Яшчэ адзін штрых да партрэту Лявона Вітан-Дубейкаўскага: празь некалькі гадоў пасьля сьмерці свайго нарачонага Івана Луцкевіча Лявонавай жонкаю стала Юліяна Мэнке, віленская немка, якая ўдзельнічала ў беларускім руху і, перажыўшы Лявона, прысьвяціла яму напісаную па-беларуску кнігу ўспамінаў, што выйшла ў сьвет у 1950-я гады ў Нью-Ёрку. Тамсама, дарэчы, зьберагаюцца й многія рукапісы Дубейкаўскага.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

1893 — Уладзімер Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.

У памяці

1855 — памёр Тамаш Зан, беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху.

Тамаш Зан, партрэт пяра Валенція Ваньковіча
Тамаш Зан, партрэт пяра Валенція Ваньковіча

Упершыню пазнаёміўшыся з гісторыяй таемных патрыятычных таварыстваў філяматаў і філярэтаў, я быў зьдзіўлены адноснай мяккасьцю пакараньняў, атрыманых іх удзельнікамі пасьля таго, як у 1823-м яны трапілі ў рукі паліцыі. Тых, хто выступаў ня толькі за паляпшэньне асьветы, але і за зьнішчэньне прыгону ды нацыянальную незалежнасьць народаў, у Расейскай імпэрыі павінны былі чакаць, прынамсі, турэмныя тэрміны.

Як выявілася, ратуючы сяброў, усю віну ўзяў на сябе выпускнік фізычна-матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, прэзыдэнт таварыства філярэтаў Тамаш Зан.

Ён быў на год зьняволены ў цытадэлі, затым стаў палітвысланцам. Астатніх арыштаваных, у ліку якіх былі Адам Міцкевіч, Ян Чачо т, І г н ат Да мей к а , выслалі ўглыб Расеі.

Адбываючы кару ў Арэнбургу, Тамаш, што меў відавочныя схільнасьці як да дакладных навук, так і да паэзіі, не зламаўся й не замкнуўся ў сабе.

На высылцы Зан дасьледаваў прыроду Ўралу, стварыў мінэралягічны музэй (што пазьней паспрыяла атрыманьню паса ды бібліятэкара ў пецярбурскім Горным iнстытуце). На ягоны лёс паўплывала сустрэча з славутым нямецкім вучоным Аляксандрам Гумбальтам. Той праводзіў на Ўрале навуковыя росшукі і быў вельмі ўражаны ведамі Зана.

Тамаш вёў дзёньнік, дзе выказваў намер пісаць у будучыні на мове свайго дзяцінства — беларускай.

Трэба меркаваць, што гэтыя памкненьні не засталіся адно словамі, асабліва калі выгнанец вярнуўся ў 1841-м на радзіму і грунтоўна заняўся вывучэньнем беларускага фальклёру, якім проста прасякнутыя шмат якія ягоныя творы.

Літаратурная спадчына Зана, што дайшла да нашых дзён, — польскамоўная. Аднак у камэдыі «Грэцкія піражкі» дзеяньне адбываецца ў Менску, самі за сябе кажуць назовы баляды «Сьвіцязь-возера», вершаў «Мянчук», «Песьня з турмы ў Вільні»...

Тую турму, а дакладней, сяброў-арыштантаў, унеўміручыў у сваіх «Дзядах» Адам Міцкевіч. Адрозна ад многіх іншых, Зан названы там уласным імем.

У вусны сябру Міцкевіч, падкрэсьліваючы Тамашову ахвярнасьць, уклаў наступныя словы:

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,

І абавязак мой — за вас прыняць пакуты.

Цяпер у колішніх віленскіх Базылянскіх мурах адноўленая адна з камэраў, дзе пакутавалі філяматы і філярэты: тапчагі з саломай заместа матрацу, грубая тонкая посьцілка, сьвечка і збан з вадой.

Зь вялікім зьдзіўленьнем я не знайшоў артыкулу пра Тамаша Зана ў шасьцітомавым энцыкляпэдычным біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменьнікі», які часам апавядае пра тых, хто не напісаў па-беларуску аніводнага радка й ніколі ня меў такіх намераў, ніколі не пакутаваў за нашую зямлю, затое — жывучы тут, ня мог ці не хацеў зьвязаць на яе мове й пары словаў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG