Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кельвін Кляйн і карункавыя станікі. Як асуджаная ў «справе студэнтаў» Кася Будзько вядзе Instagram зь СІЗА


Кася Будзько

Студэнтка-мастачка з Горадні Кася Будзько, якой 16 ліпеня прысудзілі 2,5 года зьняволеньня ў «справе студэнтаў», за кратамі працягвае весьці свой Instagram. Папраўдзе, гэта сябры дзяўчыны выкладаюць у сеціва ейныя фрагмэнты зь лістоў і турэмныя малюнкі.

Кася Будзько паходзіць з Горадні, ёй 20 гадоў. Вучылася ў пэдагагічным унівэрсытэце на мастачку. Актывістка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Яе затрымалі летась 12 лістапада. Дзяўчына сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Прапануем паглядзець ейныя побытавыя замалёўкі і партрэты, а таксама пачытаць гісторыі пра сэндвічы ў асартымэнце, убэр-дыскамфорт, пацукоў з унітаза і мянушку для сьледчага камітэту.

Пацукі з унітаза, 29 чэрвеня

«Тыя, каму пашчасьціла пасядзець у Жодзінскай турме, расказваюць пра пацукоў, якія вылазяць з унітаза. Перад тым, як скарыстацца прыбіральняй, трэба змыць вялікую колькасьць вады. І вось я быццам бы не баюся пацукоў і мышэй, але калі яны такія ўсе мокрыя вылазяць з унітаза, — гэта крыпава» (моладзевы слэнг, «страшна» — РС.).

Сьледчы камітэт і Кельвін Кляйн, 25 чэрвеня

«Вы ні за што не ўгадаеце, як на Валадарцы называюць Сьледчы камітэт. Я ўвогуле мяркую, што ім пашчасьціла зь мянушкай, ну вельмі яна сьмешная. Дык вось, называюць іх Кельвін Кляйн, і гэта не таму, што ўсе супрацоўнікі СК такія прыгожыя, што маглі бы рэклямаваць прадукцыя Кельвіна. Усё куды прасьцей. Уся соль у абрэвіятуры гэтых дзьвюх арганізацый, яны скаладюцца зь дзьвюх аднолькавых літар СК і СК».

Хлебны кубачак і пацеркі, 24 чэрвеня

«Я пачала ляпіць з хлеба. Хлебныя скульптуры — гэта клясычнае турэмнае рамяство. Пачала я з самога, як мне тады падавалася, простага — пацеркі. Пару месяцаў таму я бачыла іхны самаробны ўзор, мацала, круціла, разьбіралася ў тэхналёгіі. Агулам выглядала проста, але з густам — праз чорны матавы колер, якога дасягаюць, калі падмешваюць у цеста актываваны вугаль.

Я вырашыла, што для першага разу абыдуся без фарбавальнікаў. Так я наляпіла цэлую кучу пацерак. На наступны дзень яны ўсё яшчэ былі вільготнымі ўнутры, а некаторыя пусьцілі расколіны і іх давялося выкінуць.

Узгадала пра свае гліняныя кубачкі ва ўнівэры і вырашыла, што будзе забаўна мець хаця б адзін хлебны кубачак. Гэтым разам у цеста я вырашала дадаць цукар, нехта казаў, што так лепш трымаецца, і, спадзяюся, будзе меней расколінаў. Пакуль усё добра, і кубачак стаіць на вакенцы. Вось такія ў мяне хлебныя справы».

Убэр-дыскамфорт і суд, 4 чэрвеня

«Калі б судзілі мяне адну, то гэта было бы сапраўдным катаваньнем: штодня катацца на ўбэр-дыскамфорце, слухаць усё гэтае трызьненьне і амаль не адпачываць. Усе пералічаныя мінусы кампэнсуюцца адным плюсам — 11 клёвых чалавек, дзякуючы якім ня так цяжка ўставаць у 6 ранку, сядзець на паседжаньні, жартаваць, падтрымліваць адно аднаго ў выпадку чаго. Агулам зь імі езьдзіць на суды нават весела».

Сьведкі на двух крэслах, 30 траўня

«Мне чамусьці вельмі шкада ўсіх сьведкаў на судзе. Яны спрабуюць усядзець на двух крэслах адразу і не надаюць асаблівага значэньня фармулёўцы словаў, а ўрэшце нехта праз гэта сядзе. Вось так вось сумна, але што паробіш».

Сэндвічы ў асартымэнце, 19 траўня

«У нашых „пакоях чаканьня“ падчас перапынку крыху прахалодна, але я надзяваю там куртачку, кусаю канапку і раблю ўсялякія практыкаваньні, каб разьмяцца і сагрэцца, таму ўсё норм, калі кантралюеш сытуацыю

Увогуле пра канапкі ёсьць асобны мем. Тады браць з сабой нічога зь ежы не дазвалялі, нават ваду, толькі канапку (дакладней, сэндвіч), які выдаюць нам „дома“. Сэндвічам яго, канешне, назваць складана, але такія рэаліі. Гэта два вялізныя тоўстыя кавалкі чорнага хлеба-цаглінкі, паміж якімі ляжыць такі ж тоўсты кавалак курынага варанага філе (у суботу замест курынага мяса далі ялавічыну, таму сэндвічы ў асартымэнце).

Калі атрымліваеш такі сухпаёк, асаблівага апэтыту і жаданьня не зьяўляецца, але ў „пакоі чаканьня“ заходзіць на ўра)) Праз стрэс там есьці і піць зусім ня хочацца, але гэта толькі маё адчуваньне.

У суботу мы здолелі адстаяць сваё права на ваду і сваю ежу, за што хочацца падзякаваць мужчыну-начальніку, які ўвайшоў у становішча і праявіў чалавечнасьць».

«Новы час», 10 траўня

«Я запытала ў бібліятэкара пра „Новы час“. Ён сказаў, што яго няма і хутчэй за ўсё ня будзе. Падобна, мае здагадкі пра закрытую газэту былі слушныя, але што паробіш. Усё роўна дзіўна, што газэта праіснавала на Валадарцы такі досыць доўгі час».

Спаліць турэмнае адзеньне на волі, 5 траўня

«Я вельмі дакладна для сябе вырашыла, што не зьбіраюся выкрэсьліваць у сябе з памяці час зьняволеньня, як, напрыклад, большасьць людзей тут плянуюць спаліць сваё адзеньне пасьля вызваленьня. Гэта такое трызьненьне, як на мяне».

Турэмны слэнг, 23 красавіка

«Турэмны слэнг — унікальная зьява. Чаму людзі пачынаюць называць прывычныя рэчы іншымі назвамі? Вось, напрыклад, з „тармазамі“. Навошта „тармазы“, а ня проста дзьверы? Цымус у тым, што гэта сапраўды ніякія ня дзьверы. У прывычных для нас ёсьць ручка з абодвух бакоў, і ты можаш іх адкрыць (ваў), і звычайна ў іх няма ніякіх „кармушак“».

Чалавек пасьля зоны, 19 красавіка

«Я таксама часта ўзгадваю нашыя роварныя трыпы, кінатусоўкі, дні народзінаў, пікнікі, пасядзелкі на прыгорачцы. Сумна ад думкі, што я згублю 3 гады. Ці я застануся чалавекам пасьля зоны? Колькі мне спатрэбіцца часу на аднаўленьне, адаптацыі і рэфлексіі? Ці пройдзе нашае сяброўства гэтае выпрабаваньне? Ці мы зможам зноў тусавацца і ганяць на роварах?».

«Зэк павінен пакутаваць», 17 красавіка

«У турме ёсьць устойлівы выраз: „Зэк заўжды павінен цярпець“, і гэта неаспрэчны аргумэнт у любой сытуацыі. Пакараньне пазбаўленьнем волі — это толькі пачатак тваіх цярпеньняў, межаў для якіх няма. Дзякуй стыгматызацыі».

Пачуцьцё віны 24/7, 10 красавіка

«Турма прымушае цябе адчуваць пачуцьцё віны 24/7, і гэта ўжо самае жорсткае пакараньне. Усё тое, што адбываецца ў чалавека ўнутры ў 10000 разоў больш страшнае за лічбу тэрміна».

Карункавыя станікі, 4 красавіка

«Фэміністычная турэмная парада. У турму лепей за ўсё надзяваць/ перадаваць не станікі, а ўсялякія карункавыя бра. Па-першае, у іх няма костак, а значыць, яго не сапсуюць пры даглядзе. Па-другое, яны лёгкія і кампактныя для захоўваньня, і ўрэшце іх вельмі лёгка і хутка праць, сушыць, што вельмі важна ва ўмовах зьняволеньня».

Алексіевіч і Оруэл, 13 сакавіка

«Прыходзіла бабліятэка, і мне прынесьлі цэлых 4 кнігі з майго сьпісу. Там была Алексіевіч, Оруэл, Дантэ „Боская камэдыя“ і кніга па Сусьветнай мастацкай культуры. Праўда, у той жа ранак мяне перавялі ў іншую камэру, і я пакінула там Оруэла і Дантэ. Цяпер застаецца спадзявацца, што мне іх вернуць у наступны раз».

Што варта ведаць у «справе студэнтаў»?

16 ліпеня судзьдзя Савецкага суду Менску Марына Фёдарава агучыла выракі ў «справе студэнтаў». Усім фігурантам справы апроч аднаго прысудзілі па 2,5 года зьняволеньня. Менавіта столькі запрасілі пракуроры Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.

10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Большасьць з 12 абвінавачаных затрымаў КДБ яшчэ 12 лістапада 2020 году.

Падчас свайго апошняга слова Кася Будзько патлумачыла, што вельмі хвалюецца і будзе зачытваць апошняе слова з паперы.

«Хачу пахваліць нас усіх за тое, што мы пратрымаліся. Усе вельмі цікавыя і разумныя людзі», — сказала яна пра фігурантаў справы. Паводле дзяўчыны, за 8 месяцаў у СІЗА яна пабачыла зрэз грамадзтва і пераканалася, што яно дагэтуль баіцца праблем, закрывае на іх вочы, бо гэтак лягчэй, але ў яе іншы шлях. «Люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі, нават пасьля гэтых 8 месяцаў», — адзначыла Кася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG