Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 6 ліпеня: жанчыну асудзілі за тое, што назвала генпракурора Шведа злачынцам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед грамадзян за выказваньне палітычнай пазыцыі і пратэсты супраць уладаў. Свабода сочыць на прысудамі і разглядам справаў у судах.

2 гады «хіміі» за абразу гепракурора

У Менскім раённым судзе 6 ліпеня вынесьлі прысуд у крымінальнай справе 47-гадовай жыхаркі Бараўлян Натальлі Красько. Яе абвінавацілі ў паклёпе (арт.188 КК РБ) на генэральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа, піша «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Антон Колабаў. Ён прысудзіў жанчыне 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Суд крыху зьнізіў суму кампэнсацыі маральнай шкоды, якую прасіў Андрэй Швед.

Паводле сьледзтва, Натальля Красько з выкарыстаньнем у публічным чаце «Кулуары KYKY» пад допісам аб узмацненьні адказнасьці за «экстрэмізм» 1 лютага напісала, што генэральны пракурор Швед — злачынец. Тым самым яна, на думку сьледзтва, распаўсюдзіла несапраўдныя зьвесткі.

Андрэй Швед ацаніў памер маральнай шкоды ў 10 000 рублёў. Суму кампенсацыі суд зьнізіў на 1 тысячу — цяпер Красько мусіць сплаціць Шведу 9 тысяч рублёў.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG