Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшая апазыцыйная газэта Ганконгу абвясьціла пра закрыцьцё


Выданьні Apple Daily

Найбуйнейшая дэмакратычна арыентаваная газэта Ганконгу «Пінго жыбао» (Apple Daily) абвясьціла пра закрыцьцё, паведамляе ВВС.

Гэта адбылося на фоне ціску з боку ўладаў: на мінулым тыдні ў офісах рэдакцыі былі праведзеныя ператрусы з нагоды парушэньня спрэчнага закону аб нацыянальнай бясьпецы. Паліцыя затрымала галоўнага рэдактара і пяцярых топ-мэнэджараў. Актывы кампаніі былі замарожаныя.

Выданьне было вядучым крытыкам кітайскага ўраду ў Пэкіне і яго прадстаўнікоў на ганконскай тэрыторыі. Прымаючы рашэньне пра закрыцьцё, кіраўніцтва газэты зыходзіла зь меркаваньняў бясьпекі супрацоўнікаў. Пасьля поўначы лічбавая вэрсія «Пінго жыбао», якая праіснавала на працягу 26 гадоў, перастане абнаўляцца. Апошні друкаваны нумар выйшаў у мінулы чацьвер — у дзень налёту на рэдакцыю, у якім удзельнічалі паўтысячы паліцыянтаў.

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Домінік Рааб назваў закрыцьцё газэты «зруйнавальным ударам па свабодзе слова ў Ганконгу».

Раней за кратамі апынуўся заснавальнік «Пінго жыбао», 73-гадовы мільярдэр Джымі Лай. Вядомы крытык Кампартыі КНР ужо каля году знаходзіцца ў турме па шэрагу абвінавачваньняў. Па двух зь іх вынесены абвінаваўчыя прысуды: у адпаведнасьці зь імі арыштант правядзе ў зьняволеньні каля двух гадоў. У будучыні яму можа пагражаць пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Пасьля таго як у 1997 годзе Брытанія вярнула Ганконг пад кітайскую юрысдыкцыю, Пэкін дамовіўся з былой ангельскай калёніяй наконт базавага прынцыпу існаваньня пад назвай «Адна краіна, дзьве сыстэмы». У апошнія гады цэнтральныя ўлады перасталі прытрымлівацца гэтай дамоўленасьці, пачаўшы наступ на свабоды жыхароў Ганконгу. У 2019 годзе ў Ганконгу ўспыхнулі маштабныя пратэсты супраць Пэкіну, паліцыя затрымала больш за дзесяць тысяч чалавек.

У 2020 годзе кітайскія ўлады прынялі закон «Аб ахове нацыянальнай бясьпекі ў Спэцыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг». У выніку дзейнасьць апазыцыі была фактычна забароненая. За парушэньне гэтага акта ў апошнія месяцы арыштавалі звыш сотні чалавек, у тым ліку Джымі Лая. Многія актывісты паўцякалі за мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG