Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС прапанавала ўключыць нацыянальны сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь» у пералік «нацысцкай сымболікі»


Марш новай Беларусі. Менск, 23 жніўня 2020 году.

Пра тое, што  МУС прапанавала ўключыць бел-чырвона-белы сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь» у пералік нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі, паведамляе праўладны Саюз журналістаў.

Паводле інфармацыі БСЖ, у КДБ Беларусі паступіў на ўзгадненьне праект акту МУС «Аб вызначэньні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі».

Дакумэнт нібыта зьмяшчае пералік нацысцкай (калябарацыянісцкай) сымболікі і атрыбутыкі, у прыватнасьці бел-чырвона-белы нацыянальны беларускі сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь!», якія актыўна выкарыстоўваюцца падчас масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Іх выкарыстаньне цяперашнія ўлады прыпісваюць калябарацыйным фармаваньням і арганізацыям падчас Другой сусьветнай вайны.

Важныя факты пра бел-чырвона-белы сьцяг

Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Кляўдуш Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год. Пад ім праходзілі беларускія акцыі ў 1917–1918 гадах, у тым ліку Першы Ўсебеларускі кангрэс, ён стаў сьцягам БНР.

  • 10–13 сакавіка 1917 году бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам сьвята «Дзень беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Дуж-Душэўскага, былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі.
  • 5 жніўня 1917 году на 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
  • У сьнежні 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі распачаў працу Першы Ўсебеларускі кангрэс.
  • 25–27 студзеня 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі.
  • 19 лютага 1918 году, пасьля выгнаньня бальшавікоў, упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палацу ў Менску .
  • 5 жніўня 1918 году Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны.
  • 11 жніўня 1918 году ў газэце «Вольная Беларусь» зьяўляецца першае апісаньне сьцяга. У артыкуле «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» (разьдзел VII «Сымбалі Беларусі») Вацлаў Ластоўскі піша: «Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай».
  • У 1918 годзе друкуюцца паштоўкі зь дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • У сьнежні 1918 г. у Менск вярнуліся бальшавікі, урад БНР перабраўся ў Коўна, а потым у Прагу. Сьцяг Рады БНР 1920–1925 гадоў быў бел-чырвона-белы, дапоўнены дзьвюма вузкімі, верагодна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры.
  • У 1920 годзе бел-чырвона-белым сьцягам як нацыянальным і дзяржаўным карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча.
  • Факт існаваньня беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Я. Гросвалдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі.
  • У пэрыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна ня мела адметнага дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 году, залю ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі.
  • У 1927 годзе бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваў нацыянальна-вызвольны рух у акупаванай Польшчаю Заходняй Беларусі.
  • У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).
  • Як сьведчыць распараджэньне райхсміністра акупаваных усходніх тэрыторыяў (14 чэрвеня 1944 г.), гэтае выкарыстаньне не было афіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.
  • У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою.
  • 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назьве дзяржавы. У адпаведнасці з гэтымі законамі яна стала называцца Рэспублікай Беларусь, дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».
  • 20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
  • Сьцяг перастаў быць дзяржаўным пасьля ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму 1995 году, пасьля чаго стаў сымбалем пратэстаў супраць ягонага рэжыму.

Важныя факты пра спокліч «Жыве Беларусь!»

  • Вытокі беларускага патрыятычнага споклічу «Жыве Беларусь!» узыходзяць да паўстанцкага руху 1863–1864 гадоў і дзейнасьці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага: сябры віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі карысталіся паролем «Люблю Беларусь. — То ўзаемна».
  • У сучаснай форме выраз упершыню прагучаў у вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», напісаным у 1905–1907 гады.
  • Як палітычны нацыянальны заклік выраз «Жыве Беларусь!» упершыню загучаў у 1910 годзе.
  • У 1920-я гады спокліч «Жыве Беларусь!» гучаў на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазьней — на беларускіх сходах у Парыжы, Вільні.
  • У Другую сусьветную вайну выраз «Жыве Беларусь!» выкарыстоўвалі беларусы незалежна ад палітычных поглядаў, у тым ліку ў савецкім друку.
  • Актыўна гучаў у адраджэнскіх колах і на мітынгах у падтрымку незалежнасьці Беларусі з 1980-х гадоў. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі гучыць у пратэстах супраць ягонага рэжыму.
  • Прафэсар Іван Лепешаў, знаўца беларускай фразэалёгіі, лічыў, што выраз «Жыве Беларусь!» стаў выклічнікавым фразэалягізмам — воклічам веры і надзеі.
  • «Народная газета», якая ўваходзіць у выдавецкі холдынг адміністрацыі прэзыдэнта, выкарыстоўвала дэвіз «Жыве Беларусь!» да 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG