Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За разьбітую шыбу ў Доме ўраду менчука накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь

Дом ураду ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Дом ураду ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Маскоўскага раёну Менска разгледзела крымінальную справу менчука, які ўчыніў «грамадзка небясьпечнае дзеяньне» паводле ч. 1 арт.339 Крымінальнага кодэксу.

Як гаворыцца на сайце Генэральнай пракуратуры, у судзе вырашалася пытаньне аб ужываньні да мужчыны «прымусовых мер бясьпекі і лячэньня».

Паводле сьледзтва, 3 сакавіка на плошчы Незалежнасьці, «выказваючы відавочную непавагу да грамадзтва», грамадзянін Б. малатком разьбіў шыбу ўваходных дзьвярэй у Доме ўраду, будынак якога ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Згодна з заключэньнем судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, мужчына пакутуе ад псыхічнага разладу, які пазбаўляе яго магчымасьці кіраваць сваімі дзеяньнямі, што ўяўляе грамадзкую небясьпеку.

Суд Маскоўскага раёну Менску прызначыў яму прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Пастанова набыла законную моц.

XS
SM
MD
LG