Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міма праходзіў нейкі мужык і ў мяне плюнуў». Былы супрацоўнік пра тое, як цяпер працуецца ў дзяржаўных СМІ


15 жніўня 2020 году. Акцыя ля буынку БТ.

Паразмаўлялі з былым супрацоўнікам аднаго зь дзяржаўных СМІ, які праходзіў там адпрацоўку па разьмеркаваньні і ня мог сысьці па сваёй волі. Ён прайшоў праз пагрозы, абразы і непавагу за свае палітычныя погляды, грамадзянскую пазыцыю. Даведаліся, як ён усё гэта вытрымаў і як жыве цяпер.

«Выдаляй усё, што не супадае з „палітыкай партыі“»


Канфлікты з розных прычын пачаліся амаль адразу, кажа былы супрацоўнік.

«Як вядома, пасьля журфаку ў апошнія гады нельга было разьмеркавацца ў прыватныя кампаніі ці выданьні. Таму выбару не было — пайшоў у дзяржустанову. Дарэчы, досьвед працы ў мэдыя ў мяне быў, і калі я прыйшоў, я быў ня нуль, а спэцыяліст з досьведам. І раней пытаньняў да маёй працы не было ніколі».

Але ў дзяржаўных установах добра разумеюць — у маладых спэцыялістаў няма выбару, і яны будуць працаваць, колькі б іх ні даводзілі да гістэрыкі.

«Я ад самага пачатку адкрыта казаў пра свае палітычныя погляды. Дарэчы, яны супадаюць, напэўна, з поглядамі 50–70% маіх ужо былых калег. Таксама ў сацсетках я часта пісаў свае думкі. І амаль адразу мне пачалі казаць: „выдаляй усё, што не супадае з «палітыкай партыі»“. Гэта былі не канфлікты, гэта былі больш такія „прыстрашваньні“. Але я заўжды з гэтага толькі пасьміхаўся. Бывала, пагражалі, што мяне звольняць, што асабіста я буду выплачваць грошы ўнівэру і іншыя рэчы».

Былы супрацоўнік тлумачыць, што з дырэктарам і яго намесьнікамі звычайныя журналісты не кантактуюць, уся праца праходзіць непасрэдна з рэдактарамі. Хлопец заўважае, што яны людзі неблагія і не рабілі даносаў вышэйшаму кіраўніцтву. Але ў жніўні ў яго здарыўся гучны канфлікт.

«Я падпісваў ліст супраць гвалту да дырэктара. Сваё мэдыя я не крытыкаваў публічна, але аднойчы ня вытрымаў: выклаў прыклад працы калег і напісаў, што такога не падтрымліваю, мякка кажучы, і што мне за іх сорамна. На наступны дзень аказалася, што гэты пост калега паказаў дырэктару».

«Тым, хто падтрымлівае ўладу і пагадзіўся пісаць тое, што патрабуюць, заробак паднялі»

Таксама супрацоўнікаў прасілі падпісаць лісты ад прафсаюзу і за Лукашэнку, калі той быў кандыдатам у кандыдаты ў прэзыдэнты. Моцна не прымушалі, кажа ён, бо і так заставалася мала людзей, каб працаваць.

Былы супрацоўнік кажа, што заробак у яго быў вельмі нізкі, не хапала нават на самае неабходнае.

«Удвая ніжэйшы за сярэдні па краіне, — сьмяецца ён. — У жніўні тым, хто падтрымлівае ўладу і пагадзіўся паведамляць тое, што патрабуюць, заробак паднялі. У мяне было стабільна ўсё дрэнна ў гэтым сэнсе, не было нават магчымасьці зарабіць прэмію ці надбаўку. Амаль усім маім былым калегам дапамагаюць бацькі, яны гэтага не хаваюць. Але я лічу, што гэта не нармальна, калі ты працуеш увесь дзень, ты дарослы чалавек — і просіш грошы ў старых бацькоў, бо сам ня можаш набыць прадукты ці лекі».

Празь нейкі час, кажа хлопец, перастаў дзівіцца штодзённай непавазе і ціску. Але ўсё гэта моцна паўплывала на яго псыхалягічны стан, давялося зьвярнуцца па доўгатэрміновую дапамогу да спэцыяліста.

«Курс псыхатэрапіі праходзіў каля году, прымаў лекі. Каштуе гэта ня танна. Потым перастаў, бо зразумеў, што нельга глядзець на жыцьцё толькі праз праблемы на працы, калі дома чакае сям’я. Уявіце сабе сытуацыю, калі бацькі цягнуць дзіця ў садок, а яно кожную раніцу плача. У мяне быў тыдзень, калі мне таксама штодзень хацелася выць, пакуль ехаў на працу».

«Міма праходзіў нейкі мужык і ў мяне плюнуў»

Апошні год такой працы даўся вельмі складана, кажа былы супрацоўнік. Пастаянны прэсінг моцна адбіўся на здароўі: трывожна-дэпрэсіўны разлад не праходзіць нават пасьля звальненьня.

«Яшчэ я абсалютна перастаў сачыць за сабой. Раней я на працу стараўся апранаць гарнітур, добра выглядаць, а потым проста не было жаданьня нават паварушыцца лішні раз перад працай і дзеля працы. Вагу набраў таксама, і цяпер не хачу нават глядзець на сябе ў люстэрка. Па вечарах як мага даўжэй сядзеў у тэлефоне і займаўся абы-чым, каб не засынаць. Бо засьнеш — надыдзе новы дзень, і зноў на працу».

Хлопец узгадвае працоўную сытуацыю, пасьля якой давялося ісьці на асобны сэанс з псыхатэрапэўтам.

«Я працаваў у цэнтры гораду і быў пазначаны адпаведна [карпаратыўнымі знакамі. — РС], міма праходзіў нейкі мужык і ў мяне плюнуў. Мне было крыўдна і брыдка. Але, зь іншага боку, я зь ім згодны», — сумна ўсьміхаецца супрацоўнік.

За апошнія паўтара года хлопец зусім спыніў адносіны зь сябрамі, бо проста не заставалася сіл.

«Жыў момантамі, калі можна прыехаць дадому і легчы. Але з боку навакольных не было нейкай крытыкі. Пару разоў пыталіся, кшталту: «А чаго ты ў жніўні не сышоў? А можна ж выплаціць унівэру грошы! А можна ж пераразьмеркавацца!».

Адзінае, што ратавала ў цяжкіх сытуацыях, — дом.

«Я зрабіў высновы, наколькі для мяне ў дадзены момант важная падтрымка сямʼі. Яна пастаянна казалі: маўляў, „не выходзь на працу, ну здымуць зь цябе грошы праз суд — возьмем крэдыт і аддамо“. То бок у мяне ў галаве заўсёды было разуменьне, што калі зусім гамон, я магу ня выйсьці на працу, і мне ў сямʼі ніхто нічога ня скажа, толькі падтрымаюць», — кажа ён.

«Лічу гэта ўзаконеным рабствам»


Пра абавязковую адпрацоўку былы супрацоўнік выказваецца рэзка.

«Я лічу гэта ўзаконеным рабствам. Такой практыкі няма нават у краінах-суседках. І які ж гэта „бюджэт“, калі я адпрацоўваю грошы на працягу двух гадоў?! Навошта я столькі рыхтаваўся і вучыўся, каб паступіць на бюджэт? І чаму я павінен адпрацаваць менавіта ў дзяржустановах і з малым заробкам? Я ніколі ня быў супраць пасьля ўнівэру два гады працаваць па спэцыяльнасьці. Я і да выпуску па ёй працаваў. Але чаму ёсьць гэтыя неафіцыйныя ўмовы?».

Пры гэтым былы супрацоўнік адзначае, што ў новай Беларусі разьмеркаваньне варта пакінуць, але выключна добраахвотнае.

«Ня можаш знайсьці працу пасьля ўнівэрсытэту — ідзеш да дэкана, пытаесься, якія ёсьць заяўкі. Ці, напрыклад, падчас вучобы праходзіш практыку па заяўцы ад унівэру, а потым падпісваеш кантракт, што працадаўца абавязаны ўзяць цябе на працу на два гады адразу пасьля выпуску. І ўнівэр кантралюе, як выконваюцца ўсе ўмовы».

«Бывае, вядома, што з „рабствам“ пашанцуе і трапіцца нармальнае разьмеркаваньне. Можна паспрабаваць пашукаць іншыя варыянты. Угаварыць начальства на 0,25 стаўкі. Бо ў мяне адчуваньне цяпер такога адкладзенага жыцьця. Я проста чакаю, што вось у верасьні 2021-га нарэшце пачнецца жыцьцё без абмежаваньняў. Таму што цяпер я не магу нават выехаць на замежныя працоўныя курсы без дазволу працадаўцы. Адпачынак не магу бяз гэтага ўзяць. З бальнічнымі пастаянна праблема».

Вось што былы супрацоўнік раіць тым, хто яшчэ знаходзіцца на такім разьмеркаваньні.

«Я раю цалкам разьмяжоўваць ненавісную працу і жыцьцё. Сышлі ў 18:00 — выключылі працоўную сімку. Дома наогул нуль размоваў пра гэта. Калі ёсьць магчымасьць, то не шкадаваць грошай і выкупіць сябе з палону, і не дакараць сябе за тое, што ня вытрымаў гэтага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG