Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: заснавалі Полацкую езуіцкую акадэмію і выйшаў у сьвет Катэхізіс Буднага


Фрагмэнт вокладкі Катэхізісу Сымона Буднага
Фрагмэнт вокладкі Катэхізісу Сымона Буднага

Падзеі 10 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 чэрвеня 1812 году ў Полацку адкрылася езуіцкая акадэмія — першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкая езуіцкая акадэмія дзейнічала да 1820 году.

Полацкая езуіцкая акадэмія. Малюнак Напалеона Орды
Полацкая езуіцкая акадэмія. Малюнак Напалеона Орды

Таксама ў гэты дзень

1562 — з друкарні ў Нясьвіжы выйшла першая кніга беларускага асьветніка Сымона Буднага — Катэхізіс.

«Катэхізіс» Сымона Буднага
«Катэхізіс» Сымона Буднага

1925 — пастановаю Савету народных камісараў БССР Янку Купалу надалі годнасьць народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. Купала стаў першым афіцыйна прызнаным народным паэтам.

1940 — падчас Другой ўсясьветнай вайны Італія абвясьціла вайну Францыі ды Вялікай Брытаніі.

1947 — кампанія «Сааб» выпусьціла свой першы аўтамабіль.

2008 — з аўкцыёну прадалі пісьменьніцкі дом адпачынку Іслач у Валожынскім раёне. Папярэдне Вярхоўны суд за «парушэньні статутнай дзейнасьці» зьліквідаваў Беларускі літаратурны фонд, які распараджаўся домам творчасьці.

2009 — падчас расейска-беларускай малочнай вайны на тэрыторыі Расеі забаранілі ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі. Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка абвясьціў пра сьпіс забаронаў 6 чэрвеня, а 9 чэрвеня яго дапоўніў. З гандлёвых сетак Расейскай Фэдэрацыі пачалі здымаць малочныя вырабы беларускай вытворчасьці, а ў Беларусі вернутае малако вылівалі ў сянажныя вежы.​

У гэты дзень нарадзіліся

1723 – Францішак Папроцкі, езуіт, філёзаф і асьветнік, адзін з выдаўцоў віленскіх «Палітычных каляндароў», заснавальнік, выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Літоўскі кур’ер».

1883 – у Будславе нарадзіўся Язэп Гапановіч, нацыянальны дзяяч, прадпрымальнік.

1926 – у вёсцы Косель Кармянскага раёну нарадзіўся эканаміст Уладзімер Кулажанка.

Уладзімер Кулажанка
Уладзімер Кулажанка

У вялікай сялянскай сям’і Кулажанкаў бацькі былі адначасова добрымі гаспадарамі і добрымі пэдагогамі. Яны здолелі выхаваць у дзяцей працавітасьць, мэтанакіраванасьць, павагу да роднага, спрадвечнага. Усе дзявяцера атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі жыцьцёвага посьпеху. Гонарам сям’і стаў Уладзімер.

Ён быў бацькам майго найлепшага сябра Генадзя, чыё кароткае яркае жыцьцё пазьней абарвалася ў Аўганістане, і першым сапраўдным беларускім інтэлігентам, якога я сустрэў. Кулажанка-старэйшы
памятаецца мне ня проста чалавекам, бліскуча дасьведчаным у абранай сфэры — эканоміцы. Ён зайздросна ведаў беларускую
літаратуру і гісторыю. І — што ў тыя глухія для беларушчыны 1970-я найбольш уражвала — Уладзімер Андрэевіч і ў сям’і, і на ўнівэрсытэцкай катэдры, і ў кнігарні, і ў кавярні, паўсюль пасьлядоўна гаварыў па-беларуску. Тады для гэтага патрабавалася не абы-якая мужнасьць, бо ў Менску маіх студэнцкіх гадоў мова вельмі часта выклікала ў абываталя агрэсію, абразы — «дзярэўня», «калгасьнік», а то й «нацыст».

У той далёкі час ён ужо быў беларускім незалежнікам. Ад яго мы з Генадзем ня раз чулі: усе імпэрыі разваліліся, сканае й савецкая. «За гэта і вып’ем!» — казаў ён за сваім шчодрым сталом, дзе падкормліваў
галаднаватых студэнтаў.

Ад яго мы даведаліся пра выгнаньне Аляксандра Салжаніцына. Кулажанка-старэйшы пракамэнтаваў навіну так: «Аднаго з апошніх сумленных людзей выкінулі з краіны». Тое самае ён сказаў назаўтра
і на паседжаньні катэдры, пра што хтосьці з калегаў рупліва данёс у органы…

Калі мы з Генадзем пачалі выпускаць на гістфаку
БДУ самвыдавецкі альманах «Мілавіца», Кулажанка-старэйшы быў адным зь першых чытачоў.

Свае інтэлігентнасьць і беларускасьць ён перадаў і дочкам Людміле й Вользе. Яны разам з бацькам дачакаліся, калі зьдзейсьнілася ягоная мара і Беларусь стала незалежнай. Спадару Ўладзімеру было ўжо далёка за шэсьцьдзесят, але да яго прыйшло магутнае другое дыханьне.

Доктар эканамічных навук Кулажанка стаў першым беларускім вучоным, які пачаў прапагандаваць перавагі рынкавай эканомікі. Ён меў сталую
рубрыку ў газэце «Народная Воля», вёў адмысловую перадачу на Радыё Свабода. У 1993—1996 гадах спадар Уладзімер уваходзіў у склад ценявога кабінэту апазыцыі БНФ, а на прэзыдэнцкіх выбарах працаваў
у камандзе Пазьняка.

Ягоныя вучні — сярод іх адзін доктар і 36 кандыдатаў навук —згадваюць, што Кулажанка вучыў адчуваць асалоду ад навуковага пошуку, аддаваць, нічога не чакаючы ўзамен. На чале з самім прафэсарам студэнты ня раз хадзілі на Плошчу. Кулажанка любіў словы Шылера, што годнасьць палягае ў тым, каб дух супрацьстаяў інстынкту.

Апошні раз мы бачыліся ў кнігарні. Ён з пакункам набытых беларускіх кніг дапытваўся ў прадавачкі, дзе ў іх збор твораў Васіля Быкава.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 650–651.

У памяці

1923 – Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.

1982 – Ян Садоўскі, навуковец, скарыназнаўца, дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі і Канадзе.

2010 – Пётра Маланачкін, грамадзкі актывіст з Горак, ініцыятар збору подпісаў супраць будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

2011 – Васіль Храмцоў, грамадзкі актывіст з Наваполацку.

Шэсьце на Дзяды ў Полацку ў лістападзе 1990 году. Са стужкай на галаве — Васіль Храмцоў (фота з архіву Ўладзімера Губскага)
Шэсьце на Дзяды ў Полацку ў лістападзе 1990 году. Са стужкай на галаве — Васіль Храмцоў (фота з архіву Ўладзімера Губскага)

Пры канцы 1980-х Васіль Храмцоў вывесіў у Наваполацку дзясяткі бел-чырвона-белых сьцягоў, за што некалькі разоў блізка пазнаёміўся зь
міліцыянтамі і «самым справядлівым у сьвеце» судом. Назаўтра, як Вярхоўны Савет зацьвердзіў наш сьцяг дзяржаўным, Васіль зь сябрамі ўзьняў яго над наваполацкім і полацкім гарвыканкамамі. Тады
выкліканыя чыноўнікамі міліцыянты і гэбісты былі ўжо бясьсільныя. Я таксама наведваўся ў той дзень у кабінэт полацкага начальніка, падымаўся зь сьцягам на заваленае савецкімі транспарантамі і агаджанае галубамі гарвыканкамаўскае гарышча, меў у пераможным фінале гутарку з падпалкоўнікам, што захоўваў інкогніта, і зь яго
падначаленым з адметным прозьвішчам Кашчэеў. Тыя
падзеі адлюстраваліся ў маёй міні-п’есцы «Сьцягі над горадам», якая потым, бывала, разыгрывалася рэальнымі дзейнымі асобамі ў ролях.

Васіль далучыўся да беларускага дэмакратычнага руху ўжо прызнаным лідэрам шматтысячных наваполацкіх экалягічных пратэстаў. Ён быў сярод арганізатараў першых беларускіх клясаў. Яго арыштоўвалі за ўдзел у аргкамітэце Канфэдэрацыі беларускіх суполак. На менскіх Дзядах-1988 ён пасьпеў зрабіць унікальныя фота. Мы зноў сустрэліся ў
Вільні на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Васіль проста жыў сваімі беларускімі справамі, прычым заўсёды быў заточаны на нешта новае. З студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага ўнівэрсытэту ён стварыў гістарычна-культурніцкі клюб «Княжыч», што прышчапіў патрыятызм не адной сотні юнакоў і дзяўчат. Ачоленая Храмцовым супольнасьць «Усяслаў Чарадзей» разам з «Княжычам» таленавіта адраджала народныя сьвяты — Гуканьне вясны, Дзяды, Каляды. Купальлі на полацкіх азёрах, дзе Васіль неадменна пераўвасабляўся ў Князя-Купаліша, ператварыліся, па сутнасьці, у агульнанацыянальнае сьвята. Туды з году ў год прыяжджалі цэлыя аўтобусы беларусаў з замежжа, нават з Амэрыкі.

Васіля можна было ўбачыць у чарнобыльскай зоне, куды ён вазіў перададзеныя нашай дыяспарай лекі, і ў перадвыбарчых штабах дэмакратычных кандыдатаў. Ён дапамагаў выдаваць у Прыдзьвіньні
дзясяткі рэгіянальных незалежных газэт і бюлетэняў.

Яго, хворага на дыябэт з абавязковымі іньекцыямі інсуліну, пасадзілі «на суткі» ў час прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Храмцоў прывабліваў да сябе людзей шматстайнымі зацікаўленьнямі і здольнасьцямі: калекцыянаваў гістарычныя артэфакты, стаў прызнаным фатографам, пісаў вершы, пакінуўшы па сабе вялікую нізку «Балахоўскі цыкль».

Часам мроіцца: ягоная трагічна раньняя сьмерць — нечая прыдумка, мы спаткаемся на Купальлі, і ён налье мне шклянку свайго непаўторнага крупніку, рэцэпт якога так пакуль ніхто і не аднавіў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 606–607.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG