Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 140 гадоў з дня нараджэньня Івана Луцкевіча


Іван Луцкевіч

Падзеі 9 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

9 чэрвеня 1881 году нарадзіўся Іван Луцкевіч, палітык і грамадзкі дзеяч, публіцыст, археоляг, ідэоляг беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, брат Антона Луцкевіча.

Я нічагуткі ня чуў пра яго ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэце — і, як вы разумееце, зусім не таму, што быў дрэнным вучнем і нядбалым студэнтам.

На ўроках і лекцыях мы Івана Луцкевіча не «праходзілі», а ў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі гаварылася нешта пагрозьлівае пра ідэалізацыю Луцкевічам Вялікага Княства Літоўскага і нацыяналістычнае супрацьпастаўленьне адвеку братніх і неразлучных беларускага і расейскага народаў.

Цяпер усё больш беларусаў ведае, што Іван Луцкевіч быў адным з бацькоў Беларускага Адраджэньня, хоць у іншай дзяржаве кожны памятаў бы пра гэта ад першай клясы, як два на два — чатыры.

У юначыя гады на яго, пляменьніка каліноўца, паўплывалі творы Францішка Багушэвіча і бацькавага знаёмага Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — таксама ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-га.

Яшчэ падчас навучаньня ў Менскай клясычнай гімназіі Іван разам з малодшым братам Антонам заснаваў гурток, сябры якога былі захопленыя ідэяй дасягненьня для беларусаў нацыянальнай ды сацыяльнай справядлівасьці.

Пасьля ўстаноўчага зьезду нашай першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады, — што адбыўся ў 1903 годзе, Іван стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон — галоўным ідэолягам і публіцыстам. Беларускія сацыялісты чынна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях таго часу.

Гэта Іван Луцкевіч пад выглядам замоўцы зьявіўся пасьля вядомага Курлоўскага расстрэлу ў Менску на фабрыку Якабсона, гудок якой даў сыгнал да ўсеагульнай стачкі пратэсту.

Ён быў разам з братам Антонам заснавальнікам газэты «Наша ніва», што адыграла выключную ролю ў нацыянальным Адраджэньні, і Беларускага выдавецкага таварыства. З ініцыятывы Івана Луцкевіча адчынілася Віленская беларуская гімназія.

Велізарны плён дала ягоная навуковая дзейнасьць. Агледзеўшы сабраныя Іванам скарбы, якія сталіся асноваю Віленскага беларускага музэю, Максім Багдановіч захоплена пісаў: «Гэта ёсьць фундамэнт Адраджэньня. Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць пра нас».

Іван Луцкевіч адным зь першых зразумеў неабходнасьць дзяржаўнай самастойнасьці Бацькаўшчыны і разам з братам Антонам стаў у 1918-м ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.

Цяжка хворы на сухоты, Іван працягваў аддана працаваць, і, калі сябры ў 1919-м завезьлі яго на курорт у польскае Закапанэ, было ўжо позна.

На пачатку 1990-х жменю зямлі з закапанскіх могілак прывёз у Вільню гісторык Алег Латышонак.

Іван вярнуўся ў любае ягонаму сэрцу «места Віленскае».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 118–119.

Таксама ў гэты дзень

1661 — Магілёву нададзены герб.

1815 — завяршыўся Венскі кангрэс, які вызначыў новы эўрапейскі парадак пасьля напалеонаўскіх войнаў.

1898 — Вялікая Брытанія атрымала ад Кітаю тэрыторыю Ганконгу ў арэнду на 99 гадоў.

1919 — на зьезьдзе беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Горадзеншчыны пацьверджаная вернасьць ідэалам незалежнай Беларусі, выказаны поўны давер ураду БНР, створаная Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Горадзеншчыны.

1929 — у Горадні пачаўся так званы «працэс 75-ці» — суд, арганізаваны польскімі ўладамі над дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху.

1955 — у Менску адкрылася Дзіцячая чыгунка імя Канстанціна Заслонава.

1960 — заснаваны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Беларусі.

2019 — у Казахстане прайшлі пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог Касым-Жамарт Такаеў.

У гэты дзень нарадзіліся

1672 — Пётар I, цар маскоўскі, першы імпэратар Расейскай імпэрыі.

1868 — Уладзіслаў Вярыга, беларускі філёзаф, этнограф, фальклярыст.

1895 — Ігнат Дварчанін, беларускі літаратуразнаўца, паэт, публіцыст, грамадзкі дзеяч. Арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру», расстраляны ў 1937 годзе, рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Ігнат Дварчанін
Ігнат Дварчанін

1910 — Віктар Воўчак, беларускі архітэктар. Асноўныя працы ў Менску: будынак аблвыканкаму, Літаратурны музэй Янкі Купалы, жылы дом па вул. К.Маркса. Адзін з аўтараў мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць-герой».

1919 — Ісаак Баляслаўскі, беларускі шахматыст, міжнародны гросмайстар, чэмпіён сьвету і Эўропы ў камандным першынстве.

1958 — Алесь Камоцкі, беларускі паэт і бард.

Алесь Камоцкі
Алесь Камоцкі

У памяці

1870 — Чарльз Дыкенс, брытанскі пісьменьнік, журналіст.

1863 — Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня, павешаны ў Вільні на Лукіскім пляцы.

Калі ён прывёў сваіх людзей да Зыгмунта Серакоўскага, што меў званьне літоўскага ваяводы, той уражана ўсклікнуў: «Каб ня бачыў вас перад сабою, ня даў бы веры, што вы жывы, бо з столькіх небясьпекаў хіба па небе можна вырвацца!»

Аднак у змаганьні з рэгулярнай арміяй імпэрыі паўстанцы маглі дасягнуць адно часовых посьпехаў.

У красавіцкіх баях пад Біржамі жамойцкія інсургенты, на чале якіх, як і ў выпадку з Калышкам, часта стаялі ліцьвіны-беларусы, прадэманстравалі сапраўдны гераізм. Ды сілы былі няроўныя.

Асабліва цяжкай для змагароў стратаю быў захоп у палон камандзіраў — Калышкі й самога ваяводы Серакоўскага...

Баляслаў, як і Каліноўскі, назаўсёды застаўся дваццацішасьцігадовым.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 64–65.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG