Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Юркі Лістапада


Юдаль Пэн «Купаньне на Віцьбе» (1908)
Юдаль Пэн «Купаньне на Віцьбе» (1908)

Падзеі 5 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

5 чэрвеня 1938 году ў Сібіры ў савецкім канцлягеры быў расстраляны Юрка Лістапад, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня.

Юрка Лістапад з дачкой Нінай. Другая палова 20-х
Юрка Лістапад з дачкой Нінай. Другая палова 20-х

Сябра Беларускай Рады Случчыны й удзельнік незалежніцкага збройнага чыну, Лістапад нелегальна вярнуўся з Польшчы на Радзіму і заснаваў падпольную антысавецкую арганізацыю. Яе складалі Юркавы выхаванцы — навучэнцы Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў. Арганізацыя мела на мэце, стварыўшы шырокую сетку збройных аддзелаў, узьняць паўстаньне і вызваліць Беларусь з-пад улады Масквы.

У 1925-м Юрку і пяцёх яго паплечнікаў схапіла ОГПУ. «Працэс Лістапада» прагрымеў на ўсю Беларусь. У яго з мэтаю «перавыхаваньня» ўцягнулі Якуба Коласа, якога абвінавачвалі ў падтрымцы лістападаўцаў. Перад прэсай была пастаўленая задача як найшырэй выкрыць антысаветчыкаў. Але кампанія прывяла да неадназначных вынікаў: адных запалохала, а многіх — натхніла на супраціў.

Паводле прысуду Лістапад атрымаў пяцігадовае зьняволеньне, аднак ужо праз два гады выйшаў на волю. Некаторыя дасьледнікі тлумачаць палёгку Юркавай згодай стаць сакрэтным агентам «органаў». Праўда, гэта дрэнна стасуецца з тым фактам, што пасьля турмы Лістапад ня мог знайсьці сабе сталай працы і быў, як пісаў у анкетах, «вольным перакладчыкам на беларускую мову».

У 1930-м яго арыштавалі ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі, праз тры гады адбыўся трэці арышт паводле справы гэтак званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Васьмігадовы тэрмін Лістапад адбываў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Як сьведчаць дакумэнты, ён паводзіўся непакорліва і стаў фігурантам крымінальнага расьсьледаваньня.

Увесну 1938-га Юрка Лістапад пачуў свой сьмяротны прысуд. Астатнія лістападаўцы былі расстраляныя ў вайну савецкімі партызанамі або загінулі ці зьніклі пазьней пры нявысьветленых абставінах.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 178–179

Таксама ў гэты дзень

1919 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускае жыцьцё». Рэдактар Францішак Аляхновіч.

«Сьмех таксама, як і хлеб, адна з галоўнейшых патрэб».
Францішак Аляхновіч

Францішак Аляхновіч. Партрэт невядомага мастака
Францішак Аляхновіч. Партрэт невядомага мастака

1923 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Вольны сьцяг», органа Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі (выдавалася да 14 кастрычніка 1923 году), была забароненая польскімі ўладамі.

1947 — дзяржаўны сакратар ЗША Джордж Маршал выступіў з прамовай у Гарвардзкім унівэрсытэце, у якой выклаў праграму дапамогі пасьляваеннай Эўропе, якая пазьней атрымала назву «плян Маршала».

У гэты дзень нарадзіліся

1854 — Юдаль Пэн, мастак-жывапісец, пэдагог, выдатны дзяяч «габрэйскага рэнэсансу» ў беларускім мастацтве пачатку XX ст.

Ягоны самы знакаміты вучань Марк Шагал згадваў першае ўражаньне ад майстэрні настаўніка: карціны паўсюль, апроч столі, — на сьценах, каля сьценаў, на падлозе пад нагамі.

Яшчэ адзін вучань, Заір Азгур, замілавана апавядаў, як Юдаль Моўшавіч адзначаў першыя посьпехі «бедных габрэйскіх хлопчыкаў» цукеркамі, а самога будучага скульптара за ўдала намаляваную маску біблійнага Давіда звадзіў у цырк.

Гэткім жа бедным хлопчыкам некалі быў і сам маэстра. У дзяцінстве мастака часта білі: артадаксальныя юдэі — за тое, што маляваў людзей, а мясцовыя расейскія стараверы — за тое, што «жыд пархаты», а пнецца ў мастакі. Але ахвоты ствараць свой сьвет (потым мастацтвазнаўцы назавуць яго наіўна-прыземленым і разам з тым неверагодна энэргетычным і гіпнатычным) ні тыя, ні другія не адбілі.

Юдаль скончыў пецярбурскую Акадэмію мастацтваў, а з 1898 году абраў для жыцьця і творчасьці Віцебск і адкрыў там прыватную Школу маляваньня і жывапісу — першую ў Расейскай імпэрыі габрэйскую мастацкую вучэльню, чыя гісторыя налічвае два дзесяцігодзьдзі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 144–145

1870 — Зыгмунт Лазінскі, беларускі каталіцкі дзеяч, біскуп Менскі, пасьля Пінскі.

У памяці

2003 — памёр Уладзімер Емяльянчык, беларускі гісторык.

Адна зь яго кнігаў, прысьвечаная Касьцюшку, называецца словамі нашага знакамітага суайчыньніка: «Нарадзіўся я ліцьвінам». Усьлед за правадыром паўстанцаў тое самае мог сказаць пра сябе й Емяльянчык. І абліччам, і характарам ён быў падобны да іх — тых, хто ў мінулыя стагодзьдзі браў у рукі зброю, ня верачы ў перамогу, але ведаючы: свабода ня прыйдзе, калі яе не набліжаць.

Уладзімер нарадзіўся побач з старажытным шасьцісотгадовым мястэчкам Мыш пад Баранавічамі, тым самым, дзе прайшло маленства аднаго з найвыбітнейшых эўрапейскіх вайскаводцаў XVII стагодзьдзя гетмана Яна Караля Хадкевіча. Здаецца, якраз гэтая акалічнасьць прадвызначыла тое, што Емяльянчык абраў сваёй музаю Кліё.

Ён стаў адным з аўтараў выдадзеных у першай па лове 1990-х «Нарысаў гісторыі Беларусі», якія неўзабаве трапілі ў разрад «нацыяналістычных».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 506–507

2004 — ня стала Рональда Рэйгана, 40-га прэзыдэнта ЗША.

«Урад не вырашае праблем — ён іх фінансуе».
Рональд Рэйган

Прэзыдэнты СССР і ЗША Міхаіл Гарбачоў і Роналд Рэйган
Прэзыдэнты СССР і ЗША Міхаіл Гарбачоў і Роналд Рэйган

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG