Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Язэпа Варонкі і Юрася Бушлякова


Юрась Бушлякоў
Юрась Бушлякоў

Падзеі 4 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1634 — Палянаўскім мірам была скончана Смаленская вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай.

1800 — у Вашынгтоне завяршылася будаўніцтва Белага дому, і ў яго засяліліся першыя насельнікі: прэзыдэнт Джон Адамс з жонкай.

1972 — паэт Іосіф Бродзкі накіраваўся ў вымушаную эміграцыю з СССР.

1989 — на плошчы Т'яньаньмынь у Пэкіне канчаткова здушылі студэнцкую дэманстрацыю пратэсту.

1989 — у Польшчы адбыліся першыя часткова свабодныя парлямэнцкія выбары, на якіх, нягледзячы на квоты для камуністычнага рэжыму, перамог рух «Салідарнасьць».

У гэты дзень нарадзіліся


1867 Густаў Манэргайм, маршал Фінляндыі, прэзыдэнт Фінляндыі ў 1944–1946.

1946Людміла Бржазоўская, балерына, народная артыстка БССР.

У памяці

1847— памёр Стафан Грабоўскі, вайсковы дзеяч, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.

Пасьля прэзэнтацыі маёй дзіцячай кніжкі гістарычных апавяданьняў «Адкуль наш род» падышла па аўтограф маладая жанчына з сынам. Хлопчыка звалі Стафан. Натхніўшыся гэтым ня вельмі частым імем, я пажадаў малому ніколі не забываць, адкуль ягоны беларускі род, іначай дзядзька Арлоў надае па срацы.

Прачытаўшы пагрозьлівы надпіс, мама засьмяялася, а потым сур’ёзна сказала: «А ён свой род не забудзе». «Таму што я Стафан Грабоўскі», — картавячы, але трэба было бачыць, зь якім гонарам, адказаў малы, а яго маці папрасіла ў будучых выданьнях кніжкі абавязкова зьмясьціць апавяданьне і пра іх знакамітага продка.

Дадзенае на прэзэнтацыі абяцаньне спраўджанае.

У аповедзе я пішу, як Стафан Грабоўскі, які жыў за два стагодзьдзі да свайго сучаснага юнага аднайменьніка, выхоўваўся ў Варшаўскай рыцарскай школе, а потым служыў у арміі Вялікага Княства Літоўскага, усходняя частка якога ўжо была ў 1772 годзе, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, адарваная й далучаная да азіяцкай царскай імпэрыі.

Стафан належаў да славутага ліцьвінскага пратэстанцкага роду. У XVIII стагодзьдзі адзіную магчымасьць кар’еры для абмежаваных у правах пратэстантаў адкрывала вайсковая служба, і ён упэўнена падымаўся па яе прыступках.

Калі ў 1793-м Расея пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай захапіла і цэнтральныя беларускія землі, падпалкоўнік Грабоўскі далучыўся да падрыхтоўкі патрыятычнага паўстаньня.

Пры вызваленьні нашай колішняй сталіцы ад расейцаў у красавіку 1794-га галоўную ролю адыграў якраз ягоны аддзел.

У паўстанцкім войску Вялікага Княства, якім камандаваў паплечнік Касьцюшкі Якуб Ясінскі, падначаленыя Грабоўскага былі адной з найбольш баявых частак.

Менавіта Стафан на чале дзьвюхтысячнага корпусу зьдзейсьніў пасьпяховы рэйд на Меншчыну й Магілеўшчыну па маршруце Араны — Койданава — Пухавічы — Бабруйск — Любань.

Я напісаў і пра тое, як у 1812-м Грабоўскі разам з тысячамі нашых суайчыньнікаў вітаў Вялікую армію Напалеона, спадзеючыся аднавіць зь яго дапамогаю страчаную дзяржаву.

У званьні генэрал-маёра Стафан Грабоўскі кіраваў Вайсковым камітэтам у Вільні.

Аднак францускі імпэратар, пад сьцягамі якога ваявалі ня менш за 25 тысяч ліцьвінаў-беларусаў, вёў сваю гульню...

Пакуль кніжка «Адкуль наш род» дапісвалася, у некалькі разоў вырастала і ператваралася ў кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», вырас і сам Стафан. Буду чакаць яго з сынам на новых прэзэнтацыях.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 42–43


1872 — памёр Станіслаў Манюшка, беларускі і польскі кампазытар.

1953 — памёр Язэп Варонка, першы прэмʼер і міністар замежных спраў ураду БНР.

Першы ўрад БНР. Язэп Варонка сядзіць другі справа
Першы ўрад БНР. Язэп Варонка сядзіць другі справа

Паглядзіце на цяпер ужо добра вядомае фота Народнага Сакратарыяту — першага Ўраду БНР. Трэці зьлева — самавіты цывільны мужчына з упэўненым і крыху ганарлівым позіркам. Гэта наш першы прэм’ер і міністар замежных спраў Язэп Варонка.

Ён, нядаўні пецярбурскі журналіст і паэт, заўсёднік сталічных літаратурных вечарын і салёнаў, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, улетку 1917-га быў абраны ў яе Цэнтральны камітэт, праз колькі месяцаў ужо займаўся падрыхтоўкаю Першага Ўсебеларускага зьезду, а неўзабаве стаў адным з ініцыятараў абвяшчэньня БНР. Ва ўтварэньні БССР ён разгледзеў манэўр бальшавікоў з мэтаю «авалодаць розумамі нацыянальна абуджаных элемэнтаў». Зразумела, што палітыку з такім мінулым і такімі поглядамі заставацца ў савецкай Беларусі было сьмяротна небясьпечна. Ня надта цёплая сустрэча чакала б прыхільніка канцэпцыі двух ворагаў Беларускага Адраджэньня — Польшчы і Расеі — і ў адноўленай польскай дзяржаве.

У 1923-м Язэп Варонка ўзяў квіток на параход у Амэрыку. За акіянам ён прычыніўся да заснаваньня беларускага палітычнага руху ў ЗША: кіраваў Беларуска-Амэрыканскай нацыянальнай асацыяцыяй, выдаваў газэту «Белорусская трибуна». Досьвед і талент журналіста дазволілі Язэпу заваяваць сваё месца ў беларускім і расейскім эміграцыйным друку, магчымасьці якога ён скарыстоўваў найперш для кансалідацыі паўмільённай масы беларусаў, расьцярушаных у Паўночнай Амэрыцы паводле канфэсійнай прыкметы паміж расейцамі й палякамі.

У 1928 годзе ў Чыкага ён заснаваў першую ў Новым Сьвеце беларускамоўную радыёпраграму. Старыя чыкагаўскія суайчыньнікі яшчэ памятаюць Язэпаў голас на хвалях Беларускай радыёгадзіны.

«Спадар Варонка прыехаў у ЗША з адзінаю мэтаю — адукоўваць беларусаў, — пісаў пра яго калега. — Будучы палымяным беларусам, ён спрабаваў абудзіць у іх нацыянальны гонар і самапавагу, вызваліць ад чараў сну, у якім ён іх знайшоў».

На гэтым шляху яму не заўсёды спадарожнічаў посьпех, але ў тым, што беларуская прысутнасьць у Амэрыцы трывае й у XXI стагодзьдзі, несумненна, ёсьць унёсак першага прэм’ера БНР.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 242–243.


1986 — памерла Канстанцыя Буйло, паэтка.

Канстанцыя Буйло
Канстанцыя Буйло

«Люблю наш край — старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасьце,
Сьлязу нядолі праліла...

Хто ў Беларусі ня чуў гэтых словаў, якія, пакладзеныя на музыку кампазытарам Міколам Равенскім, даўно сталі народнай песьняй, а яе мэлёдыя — пазыўнымі Радыё Свабода?

Суаўтарка Равенскага — паэтка і дзяячка нацыянальнага руху нашаніўскае пары Канстанцыя Буйло.

Спадарыня Канстанцыя ня раз згадвала, што якраз дзякуючы гэтай газэце, якую атрымліваў бацька, яна й захапілася літаратурнай творчасьцю.

Надрукаваўшы першы верш у шаснаццаць гадоў, вільнянка Буйло зрабілася сталай і высока цэненай аўтаркаю «Нашае Нівы».

Янка Купала прасіў яе: «Пішыце яшчэ й яшчэ», — і прысьвяціў зусім юнай паэтцы верш «Мая думка». Ён жа стаў рэдактарам яе першае кнігі «Курганная кветка», якую аформіў Язэп Драздовіч.

У тым самым, шчасьлівым для Канстанцыі 1914-м яна з рэкамэндацыі Цёткі ўзначаліла беларускую кнігарню ў Полацку.

Круты пералом у жыцьці надышоў пасьля замужжа й пераезду ў Маскву, дзе ёй было наканавана пражыць болей за шэсьць дзесяцігодзьдзяў.
Удалечы ад Беларусі, ад той старонкі, дзе яна ўпершыню пазнала шчасьце ствараць і мець захопленых прыхільнікаў, муза спадарыні Канстанцыі амаль замоўкла.

У 1930-я назаўсёды зьнік у крывавай віхуры рэпрэсіяў муж. Цяжкім ударам сталася вестка пра тое, што ў Горадні памерла ад сухотаў родная сястра Станіслава, удзельніца змаганьня за правы беларусаў у міжваеннай Польшчы.

Калі пасьля вайны паэтка зноў падала голас, сацрэалістычныя крытыкі адказалі абвінавачаньнямі ў тым, што яна апявае не «вялікую краіну Саветаў», а — Беларусь.

Крамольна-нацыяналістычнымі былі абвешчаныя, да прыкладу, радкі:

Зямля мая далёкая,
Зямля мая цудоўная,
Радзіма сінявокая,
Каму красой ты роўная...

Прамінулі гады, і эпітэт «сінявокая» ў дачыненьні Беларусі стаўся хрэстаматыйным.

У 1968-м Канстанцыя рашуча адмовілася сьвяткаваць свой юбілей. «Што адзначаць? — пыталася яна. — Што з плеяды нашых пісьменьнікаў адна засталася, як сасна на галявінцы, хістацца над магілаю сьсечаных дрэваў?..»

Калі яе душа адляцела ў вырай, прах Канстанцыі вярнуўся ў родную Беларусь, пад тое неба, што, як яна пісала, «па-асабліваму блакітнае, паркалёвае, трошкі ружаватае...».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 356–357


2013 — памёр Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Адзін з суаўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс».

Кніга Юрася Бушлякова «Жывая мова»
Кніга Юрася Бушлякова «Жывая мова»

Калі б у беларускім мовазнаўстве, як у спорце або палітыцы, гэтаксама існавалі рэйтынгі, Бушлякоў, у маім уяўленьні, заўсёды знаходзіўся б калі не на самым высокім месцы, то, прынамсі, не ніжэй за першую тройку.

Ён наогул быў зорным — спачатку хлопчыкам, потым мужчынам. Скончыў з чырвоным дыплёмам філфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе ў 1990-м стаў, па словах сябра й аднагрупніка Валера Булгакава, амбасадарам беларушчыны. Абараніў бліскучую дысэртацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча».

Пералік месцаў, дзе Бушлякоў працаваў, уражвае: Белдзяржунівэрсытэт, Беларускі гуманітарны ліцэй, Радыё 101,2 і Радыё «Рацыя», газэта «Наша Ніва», Радыё Свабода, Карлаў унівэрсытэт у Празе.

Хтосьці зь людзей недасьведчаных раптам падумае: «Ну вось, нейкі лятун». Для такіх тлумачу: незалежнае Радыё 101,2 «часова», што пры цяперашнім рэжыме азначала назаўжды, пазбавілі эфіру (узятае Юрам у мяне інтэрвію трапіла ў лік апошніх перадачаў), ліцэй афіцыйна зачынілі...

Ягоны талент журналіста і мовазнаўцы ў адной асобе, ды яшчэ разам зь непаўторным аксамітным голасам, стаў для Беларускай службы Радыё Свабода дарагім падарункам. Праграму Бушлякова «Жывая мова» я таксама не магу назваць іначай, чым зорнай.

Юрась нічым не нагадваў чалавека, цалкам зацыкленага на сваім асноўным занятку.

Ён знаходзіў час на клясныя літаратурныя пераклады — Эдгара Алана По, Чэслава Мілаша, Зьбігнева Гэрбэрта, Вітальда Гамбровіча, Яраслава Сэйфэрта. Быў жывой спартовай энцыкляпэдыяй, беспамылкова ўзгадваючы не адных чэмпіёнаў і прызэраў, але і пераможцаў у асобных футбольных гульнях, агульны лік і аўтараў галоў.

З старэйшых клясаў, калі Юрась лічыўся найлепшым вучнем на ўроках фізкультуры і натхнёна «цягаў жалеза», ён быў увасабленьнем чалавека вельмі моцнага фізычна.

І тут — тая радзімка, што змусіла зьвярнуцца да мэдыкаў.

Пэсымістычны прагноз адводзіў яму ўсяго год. Юра змагаўся чатыры. І як ваяваў! Акурат у гэты час каханая жанчына Тацяна нарадзіла яму сына Яна Міхала.

Жыцьцё Юрася Бушлякова працягваецца і ў кнізе «Жывая мова», якую ён дасканаліў да сваіх самых астатніх дзён.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 642–643.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG