Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Лідэры, якія сустрэліся зь Ціханоўскай, не пададуць рукі Лукашэнку». Франак Вячорка тлумачыць, навошта Ціханоўскай замежныя паездкі


Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнтка Грэцыі Катэрына Сакелярапулю

Старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка тлумачыць, як і навошта адбываюцца замежныя візыты.

На мінулым тыдні Сьвятлана Ціханоўская заручылася падтрымкай Грэцыі. Яна выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме, сустрэлася з прэзыдэнтам, міністрам замежных справаў, мэрам Атэнаў, прэм’ерам Паўночнай Македоніі, былым прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам.

«Барацьба беларусаў за свабоду Беларусі — пытаньне нумар адзін для ўсяго эўрапейскага кантынэнту»

«Увосень, калі Ціханоўская пачала актыўную міжнародную працу, мы мелі абсалютную падтрымку з боку балтыйскіх краін, Польшчы, Румыніі. Калі Ціханоўская наведала Бэрлін і сустрэлася з Мэркель, затым Брусэль — была сустрэча з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, нам тады сказалі, што Ціханоўская не туды езьдзіць, — кажа Франак. — Бо тыя краіны, якія побач зь Беларусьсю, паўночныя краіны, скандынаўскія, яны будуць падтрымліваць заўжды. Працаваць трэба з тымі, у каго Беларусь ніколі не стаяла на парадку дня, — гэта краіны Эўрапейскага поўдня: Грэцыя і Кіпр, Заходнія Балканы, Італія, Гішпанія і Партугалія».

Такім чынам, апошнія некалькі месяцаў каманда сфакусавалася на тым, каб змабілізаваць падтрымку менавіта ў гэтых краінах.

«Працаваць з гэткімі краінамі нашмат складаней, таму што трэба ня толькі заручыцца падтрымкай, а табе патлумачыць, чаму гэта так важна, чаму барацьба беларусаў за свабоду Беларусі — пытаньне нумар адзін для ўсяго эўрапейскага кантынэнту. І мы гэта зрабілі. Ціханоўская атрымала найвышэйшыя сустрэчы. Тыя лідэры, якія сустрэліся зь ёй, дакладна не пададуць рукі Лукашэнку», — сьцьвярджае Франак Вячорка.

Падчас сустрэч Сьвятлана Ціханоўская папрасіла ў Грэцыі прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваных і сем’і палітзьняволеных.

«Людзям, якія выходзяць з турмаў, патрэбная мэдычная, псыхалягічная дапамога, ім патрэбны адпачынак. Вызваляць палітвязьняў пачнуць рана ці позна, і ўжо цяпер трэба думаць пра тое, як ім дапамагчы. Гэта таксама будзе рэабілітацыя для параненых, пацярпелых, іх больш, чым нам раней здавалася, гаворка пра тысячы чалавек. Грэцыя ня толькі як турыстычная краіна, а яшчэ як краіна, якая мае досьвед працы з сырыйцамі, магла б паспрыяць стварэньню такіх праграм для беларусаў».

Таксама такім краінам, як Грэцыя, якія не праводзяць актыўнай зьнешняй палітыкі, нашмат прасьцей арганізаваць гуманітарныя праекты для Беларусі, кажа дарадца Ціханоўскай.

«Мы гаварылі ня толькі пра лекаваньне. Абмяркоўвалі і культурны абмен, арганізацыю беларускіх выставаў, культурніцкіх мерапрыемстваў, пра стыпэндыі для студэнтаў у грэцкіх унівэрсытэтах, дапамогу дзеячам культуры і спартоўцам, якія страцілі магчымасьць трэніравацца ў Беларусі. Мы падпісалі ліст, у якім згадвалася імя Алены Леўчанкі, якая ў Афінах трэніруецца ў „Панацінаікасе“ пасьля зьняволеньня ў Беларусі».

«Нам нельга дапусьціць, каб Захад пачаў сумнявацца ў тым, чаго хочуць беларусы»

Франак Вячорка сьцьвярджае, што ў каманды Ціханоўскай для кожнай краіны ёсьць свая прапанова на сустрэчах.

«Тое, што ня можа зрабіць Грэцыя, можа зрабіць Славенія. Аўстрыя, напрыклад, можа прыпыніць ці абумовіць супрацу ў сфэры бізнэсу. Вялізную дапамогу беларускім незалежным журналістам, якія на перадавой, аказвае Славаччына. І мы ўжо так прывыклі да гэтага, але беларусам трэба ўсьвядоміць, што нам ніхто нічога не павінен. І тая дапамога, якая цяпер аказваецца па розных лініях, праз розныя арганізацыі, — гэта добрая воля розных дзяржаваў і нашых саюзьнікаў па ўсім сьвеце. І гэта таксама сыгнал, што беларусы ў сваім змаганьні не адны».

Франак Вячорка зьвяртае ўвагу на важнасьць такіх міжнародных кантактаў.

«Цяпер, калі гэтыя масіўныя рэпрэсіі пачаліся, суды над студэнтамі, нейкія шалёныя тэрміны да 20 гадоў турмы, ясна, што ўнутраны ціск становіцца крымінальна небясьпечным, і таму мы мабілізуем ціск міжнародны. Гэта такая складаная машына, далікатны мэханізм, які трэба пастаянна падтрымліваць. Увага эўрапейскіх, заходніх дэмакратычных палітыкаў вельмі кароткая. Нейкая падзея адбылася, і ў цябе ёсьць 3–5 дзён, каб палітыкі нешта зрабілі для Беларусі».

Падтрымліваць такую ўвагу 9 месяцаў вельмі складана, асабліва калі ў адной частцы сьвету — ізраільска-палестынскі канфлікт, у іншай — Карабах, а яшчэ ковід і крызіс з вакцынамі, таму канкурэнцыя тэмаў вельмі вялікая, тлумачыць дарадца.

«Кожная з сустрэчаў, з аднаго боку, стварае неабходны інфармацыйны фон, які прымушае Эўрапейскі Зьвяз, ЗША, Канаду, Вялікую Брытанію рухацца ў пляне санкцыяў і дапамогі, а зь іншага боку, яшчэ больш ізалюе рэжым. Мы выбралі мірны шлях супрацьстаяньня, мы выбралі стратэгію, накіраваную на новыя выбары, і ў ёй роля міжнароднай дыпляматыі крытычна важная. Калі ў нас не будзе моцнай кааліцыі саюзьнікаў па ўсім сьвеце, нам будзе вельмі цяжка рэалізаваць і перамовы, і транзыт улады, і правядзеньне новых выбараў».

У той жа час Вячорка настойвае, што прыярытэт Офіса — праца ў Беларусі. Паводле яго, існуе сетка валянтэраў, якая працуе з рабочым рухам, незалежнымі прафсаюзамі, страйкамамі, мясцовымі супольнасьцямі, дварамі, студэнцкімі ініцыятывамі.

«Вельмі часта там не патрэбная матэрыяльная дапамога, часам патрэбная каардынацыя, яснае разуменьне, што яны могуць рабіць, некія парады. Гэта тое, чым Офіс Ціханоўскай можа дапамагчы. Таму прыярытэт — будаваць структуры і дапамагаць людзям унутры Беларусі».

Цяпер плянуюцца візыты ў Польшчу, Эстонію, Чэхію, Нямеччыну, камунікацыя са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, з Кіпрам і многімі іншымі краінамі.

«Гэта такая рутынная закулісная работа па дэлегітымізацыі рэжыму, каб максымальна ізаляваць рэжым і дапамагчы людзям, — гэта тое, над чым працуе ўся каманда Ціханоўскай кожны божы дзень. Увогуле, факт таго, што Ціханоўская наведала 20 дзяржаваў замежных, а Лукашэнка — дзьве, гаворыць сам за сябе. Лукашэнка вельмі бесіцца, што яго не прызнаюць дзяржавы. Ён вельмі нэрвова рэагуе на візыты Ціханоўскай і сустрэчы з замежнымі лідэрамі, мы гэта адчуваем, мы гэта бачым. Гэта таксама і доказ таго, што мы робім правільную справу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG