Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі вы былі б экстрэмістам». Латушка напісаў экс-прэзыдэнту Малдовы Дадону, які сустракаўся з Лукашэнкам


Сустрэча Дадона з Лукашэнкам 5 траўня 2021 году
Сустрэча Дадона з Лукашэнкам 5 траўня 2021 году

Сваім зваротам Латушка адрэагаваў на публічную падтрымку Лукашэнкі апазыцыйным палітыкам з Малдовы.

5 траўня былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон наведаў зь візытам Менск, дзе сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля сустрэчы госьць з Кішынёва адзначыў, што Лукашэнка падаў яму «прыклад». На гэта ў лісьце адрэагаваў колішні міністар культуры Беларусі, а цяпер праціўнік Лукашэнкі Павал Латушка, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы.

Стваральнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) паведаміў, што колькасьць ахвяр рэжыму Лукашэнкі няўхільна расьце з кожным днём: 372 палітычныя зьняволеныя, звыш 3000 крымінальных справаў супраць мірных пратэстоўцаў, больш за 4600 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў, болей за 35 000 чалавек зазналі затрыманьні і арышты (у тым ліку каля 500 журналістаў), 9 загінулых і 0 крымінальных спраў супраць сілавікоў па фактах сьмерцяў падчас разгону акцыяў і прымяненьня гвалту.

«Калі б такі „прыклад“ быў рэалізаваны ў Малдове яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, то любыя альтэрнатыўныя кандыдаты сядзелі б у турме; у парлямэнце Малдовы не было б прадстаўлена ніводнай апазыцыйнай партыі; паліцыі Малдовы было б дазволена страляць у мірных дэманстрантаў, і гэта б дазваляла заканадаўства; любая крытыка ўлады вяла б да крымінальнай адказнасьці, а вы і ўсе паплечнікі былі б прызнаныя тэрарыстамі або экстрэмістамі», — сказаў Латушка.

Латушка перакананы, што грамадзтва ў Малдове, як і ў Беларусі, не прыняло б такога «прыкладу» для сябе, выступіла б супраць катаваньняў і забойстваў.

«І цытата ад Лукашэнкі, перш, чым у будучыні захочаце мець зносіны з самаабвешчаным кіраўніком: „Ня ўсё толькі дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам. Нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта“», — напісаў Латушка.

Таксама ён паведаміў прычыну, чаму зьвярнуўся да Ігара Дадона. Палітык з Малдовы публічна падтрымаў Лукашэнку, таму Латушка вырашыў апублікаваць гэты ліст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG