Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынца Майкла Кенцкага абвінавацілі ў спробе прадаць доступ да Пуціна


Майкл Кенцкі выступае ў Маскве на прэм'еры фільму пра Джэймса Бонда. 2012 год
Майкл Кенцкі выступае ў Маскве на прэм'еры фільму пра Джэймса Бонда. 2012 год

Стрыечны брат брытанскай каралевы прынц Майкл Кенцкі, які займае 47-е месца ў герархіі спадчыньнікаў брытанскага трону, магчыма, зарабляе грошы за кошт нефармальных кантактаў з Крамлём.

Гэта сьцвярджаецца ў расьсьледаваньні The Times і брытанскай тэлекампаніі Channel4.

Журналісты выйшлі на кантакт з прынцам, выдаўшы сябе за ўладальнікаў золатаздабыўчай кампаніі з Паўднёвай Карэі. Яны прапанавалі Майклу Кенцкаму выкарыстоўваць свае сувязі і тытулы для прасоўваньня інтарэсаў кампаніі. Прынц, як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, запрасіў 200 тысяч даляраў за выступ у падтрымку кампаніі, а адзін зь ягоных бізнэс-партнэраў лорд Рыдынг падчас перамоваў паабяцаў «інвэстарам», што прынц Майкл зможа знайсьці падыход да атачэньня расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна з мэтай адкрыць доступ паўднёвакарэйскай кампаніі на расейскі рынак.

Паводле лорда, прынц Майкл мае асабісты кантакт з расейскім прэзыдэнтам. Ён назваў Майкла Кенцкага «неафіцыйным паслом Яе вялікасьці ў Расеі» і сказаў, што адносіны прынца з Пуціным не пацярпелі ў выніку росту напружанасьці паміж Лёнданам і Масквой. «Мы б не хацелі, каб увесь сьвет даведаўся, што ён сустракаецца з Пуціным выключна зь меркаваньняў бізнэсу», — сказаў таксама дзелавы партнэр прынца.

Канцылярыя Майкла Кенцкага ў сувязі з расьсьледаваньнем заявіла, што прынц больш за 40 гадоў займаецца бізнэс-кансалтынгам, не атрымліваючы ніякіх сродкаў зь дзяржбюджэту. «У прынца Майкла няма ніякіх асаблівых адносінаў з прэзыдэнтам Пуціным», — сказана ў паведамленьні, дзе пазначана, што апошні раз яны сустракаліся ў 2003 годзе і з тых часоў прынц Майкл ні зь ім, ні зь ягонымі супрацоўнікамі не кантактаваў. Заявы лорда Рыдынга пра тое, што прынц мог бы «прадаць» свае кантакты з Пуціным, фактычна названыя хлусьнёй. Сам лорд заявіў, што яму ня варта было абяцаць меркаваным паўднёвакарэйскім інвэстарам таго, што ён не мог у рэальнасьці выканаць, і папрасіў прабачэньня.

  • У 2009 годзе Майкл Кенцкі атрымаў у Крамлі — з рук тагачаснага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева — расейскі ордэн Дружбы. Ён таксама займаецца дабрачыннай дзейнасьцю ў Расеі, зьяўляецца ганаровым доктарам Расейскай эканамічнай акадэміі і Санкт-Пецярбурскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прафсаюзаў. Вядома, што ён езьдзіў у Расею — з дазволу брытанскага МЗС — і пасьля атручэньня Скрыпалёў у 2018 годзе, пасьля якога адносіны Лёндану і Масквы рэзка пагоршыліся.
  • Майкл Джордж Чарлз Фрэнклін — унук караля Георга V, які быў стрыечным братам расейскага імпэратара Мікалая II. Ён быў названы ў гонар вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча — малодшага брата Мікалая II. Прэса неаднаразова пісала пра яго як пра «самага расейскага» члена брытанскай каралеўскай сям’і.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG