Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна завяршэньня Другой усясьветнай вайны ў Эўропе


Будынак Райхстагу, 7 траўня 1945
Будынак Райхстагу, 7 траўня 1945

Падзеі 8 траўня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

8 траўня 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны. Так скончылася Другая ўсясьветная вайна ў Эўропе.

Таксама ў гэты дзень

1674 — каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Ян Сабескі.

1984 — Савецкі Саюз абвясьціў байкот Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе, ЗША.

1989 — выйшаў першы нумар польскай «Gazety Wyborczej» як органа незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць».

1993 — утворана Таварыства вольных літаратараў.

1999 — у Менску камандзір СОБР Дзьмітры Паўлічэнка вярнуў начальніку турмы Алегу Алкаеву расстрэльны пісталет. У сваім рапарце начальнік крымінальнага вышуку генэрал Мікалай Лапацік выказаў меркаваньне, што з гэтага пісталета быў забіты зьніклы напярэдадні экс-міністар унутраных спраў Юры Захаранка.

У гэты дзень нарадзіліся

1883Сьцяпан Некрашэвіч, мовазнавец, незалежніцкі дзяяч, прадстаўнік Ураду БНР ва Ўкраіне, першы старшыня Інстытуту беларускае культуры, акадэмік АН Беларусі, аўтар акадэмічных слоўнікаў. Расстраляны НКВД у 1937-м.

Сьцяпан Некрашэвіч
Сьцяпан Некрашэвіч

1937 Лявон Шыманец, шматгадовы старшыня Згуртаваньня беларусаў Францыі «Хаўрус», брат Івонкі Сурвілы.

Івонка і Лявон Шыманцы з бацькамі. Данія, 1946
Івонка і Лявон Шыманцы з бацькамі. Данія, 1946

У памяці

1551 — памерла Барбара Радзівіл, вялікая княгіня літоўская, каралева польская.

Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст. Мастак Ян Матэйка
Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст. Мастак Ян Матэйка

1880 — памёр францускі пісьменьнік Гюстаў Флябэр.

2005 — памёр Пятро Драчоў, мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Драчоў быў сябрам і аднадумцам Уладзімера Караткевіча, ягоным спадарожнікам у апошняй вандроўцы па Палесьсі. «Увесь час Караткевіч як бы паказвае, куды ісьці, як ісьці. І, мне здаецца, так будзе ўсё жыцьцё», — казаў ён у адным з інтэрвію.

Многія з тых, хто ня ведае імя Пятра Драчова, насамрэч ня раз сустракаліся зь яго творчасьцю, бо чыталі бліскуча аформленыя ім Караткевічавы кнігі «Зямля пад белымі крыламі» і «Чорны замак Альшанскі», бачылі ягоныя панарамы і дыярамы ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры («Гандаль у Полацку», «Пажар Магілёва ў Паўночную вайну»), Музэі гісторыі мэдыцыны («Францыск Скарына трымае экзамэн у Падуанскім унівэрсытэце») і музэі Максіма Багдановіча («Менск у 1890 годзе»).

Яшчэ студэнтам я захапляўся літаграфіямі майстра на тэмы беларускай гісторыі, якую Драчоў ведаў і адчуваў, як мала хто іншы з нашых мастакоў.

Чвэрць стагодзьдзя ён адпрацаваў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», падпісаўшы ў друк болей за трыста яго нумароў, а затым ягоным клопатам стаў мастацкі твар новага «Беларускага гістарычнага часопісу».

Гонар быць аформленым таленавітай рукою Драчова выпаў майму першаму зборніку прозы на сюжэты з даўніны «Дзень, калі ўпала страла». Асабліва ўдалай, дарма што вельмі ляканічнай у вобразных сродках, атрымалася вокладка: белае вакно на чорнай асноведзі перацінала чырвоная страла.

Кнігу пачалі прадаваць у кнігарнях, і раптам яна зьнікла. Высьветлілася, што вінаватая якраз вокладка зь бел-чырвона-белым вакном. Я быў у роспачы: яшчэ не задаўнілася гісторыя зь дзіцячай кніжкаю народных казак, увесь наклад якой адправілі пад нож выключна за тое, што мастак намаляваў на замкавай вежы маленькі нацыянальны сьцяжок.

Драчоў перажываў ня менш за мяне.

Але на дварэ ўжо стаяў 1989-ты. У нейкіх інстанцыях, дзе разглядаўся данос маіх «добразычліўцаў», прынялі пастанову ў духу абвешчанай Міхаілам Гарбачовым перабудовы: кнігу ня рэзаць, але вокладку неадкладна перафарбаваць.

Беручы своеасаблівы рэванш, Драчоў у тых самых колерах аформіў мой новы зборнік прозы «Пяць мужчын у лесьнічоўцы». Праўда, тады наш сьцяг ужо быў дзяржаўным.

Пад ім, зноў «крамольным», над магілаю Драчова гучалі разьвітальныя прамовы.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 452-453

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG