Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці выбітнага беларускага тэоляга і дасьледчыка рэпрэсій


Мячэць у Іўі

Падзеі 20 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

20 красавіка 2019 году памёр Уладзімер Русак, тэоляг, дасьледнік рэпрэсіяў супроць духавенства.

Пасьля таго набажэнства прыхаджане віцебскай Казанскай царквы разыходзіліся пад асабліва моцным уражаньнем: дыякан Уладзімер прысьвяціў казань пакутнікам за веру ў Савецкім Саюзе. Адразу трэба зазначыць: казань прагучала ў 1983 годзе. Камуністычная імпэрыя яшчэ не зьбіралася паміраць, і ў той самы вечар адзін зь вернікаў-нявернікаў, прымацаваны да храму інфарматар, напісаў справаздачу таварышу опэру. Апальнага айца Ўладзімера пазбавілі месца служэньня і выслалі ў Жыровіцкі манастыр.

Цяжэзная тэчка гэбісцкага дасье на Русака пачыналася з студэнцкіх гадоў: у Менскім пэдынстытуце юнак то сам «распускаў язык», то, хоць і маўчаў, «усім выглядам дэманстраваў, што цалкам згодны» з пачутай крамолай. Зьехаўшы падалей ад менскіх куратараў, Уладзімер працаваў у «Журнале Московской патриархии», скончыў з ступеньню кандыдата багаслоўя духоўную акадэмію і быў рукапакладзены ў дыяканы. Але адначасова ён пісаў кнігу пра бальшавіцкія рэпрэсіі супроць царквы, складаў сьпісы расстраляных сьвятароў. Знайшоў дакумэнты, што прызначэньне япіскапаў таксама было ў ведамстве КГБ.

Заняткі небясьпечнай тэмай (данос на Русака рупліва склаў настаяцель храму, дзе той быў дыяканам) прывялі да звальненьня з працы. Дапамог знайсьці месца мітрапаліт Менскі і Беларускі Філарэт, але тут прагучала віцебская казань...

Кандыдат багаслоўя папоўніў шэрагі маскоўскіх дворнікаў, аднак ягоная самвыдавецкая кніга «Сьведчаньне абвінавачваньня» трапіла да чытачоў на Лубянку. За «антысавецкую прапаганду і агітацыю» Русак у 1986-м атрымаў максымальны тэрмін: сем гадоў лягераў суровага рэжыму і пяць гадоў высылкі. Праз год, у пермскіх лягерах (Уладзімера везьлі туды ў кайданках і ў асобнай вагоннай камэры-адзіночцы), ён даведаўся пра выданьне кнігі ў ЗША.

Тым часам у СССР запахла пераменамі. Хадайніцтва амэрыканскага Кангрэсу і міжнародных праваабарончых арганізацыяў прывяло да датэрміновага вызваленьня дыякана. Яго прытуліла Амэрыка, дзе апеку над нашым суайчыньнікам узяў на сябе Аляксандар Салжаніцын. Зь ягонай фінансавай падтрымкай Русак выпусьціў трохтомнік аб гісторыі Расейскай праваслаўнай царквы.

Паверыўшы ў новыя дэмакратычныя парадкі на абшары былой савецкай імпэрыі, Уладзімер вярнуўся, двойчы быў у самога патрыярха, пераконваючы таго ў важнасьці сваіх дасьледаваньняў.

Але яго сьвятасьць мела на гэты конт іншае меркаваньне. Расейскі тэоляг і філёзаф Андрэй Кураеў стаў сьведкам яшчэ адной аўдыенцыі Русака — у шыкоўных апартамэнтах япіскапа суздальскага. Уладыка, седзячы з адсутным тварам, раптам раззлаваўся: «Ты, Володька, хоть и умный, никому со своим умом не нужен. И вообще, ты ведь нищий».

Сябры лічылі Русака сьвятым чалавекам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 742–743.

Таксама ў гэты дзень

1770 — Джэймс Кук адкрыў Новы Паўднёвы Ўэльс (паўднёвы ўсход Аўстраліі).

1923 — Вацлаў Ластоўскі падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР.

Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі

1972 — Амэрыканскі пілятаваны касьмічны карабель «Апалён-16» сеў на Месяц.

У гэты дзень нарадзіліся

570 — Мухамад, прарок, аўтар Курану, родапачынальнік ісламу.

1808 — Напалеон ІІІ, францускі імпэратар (1852–1871), пляменьнік Напалеона I.

Напалеон ІІІ
Напалеон ІІІ

1889 — Адольф Гітлер, дыктатар Нямеччыны (1933–1945), ідэоляг нацызму.

1944 — Яўген Лецка, беларускі празаік, крытык, перакладчык.

Яўген Лецка
Яўген Лецка

У памяці

1985 — Чарльз Фрэнсіс Рыхтэр, амэрыканскі фізык, які распрацаваў шкалу для ацэнкі моцы землятрусаў.

2007 — Гай Пікарда, ангельска-францускі адвакат і музыказнаўца, дасьледчык беларускай культуры.

Гай Пікарда
Гай Пікарда

2015 — Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Васіль Быкаў і Марыя Лукашук
Васіль Быкаў і Марыя Лукашук

Марыя Пракопаўна была цудоўная маці, таленавітая мовазнавіца і пэдагог. Абараніўшы дысэртацыю па філялёгіі, яна загадвала катэдрай беларускай мовы Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Але для вельмі многіх яна стала настаўніцай ня толькі беларускай мовы, але найперш — настаўніцай беларускай вернасьці, беларускай ахвярнасьці, непахіснага аптымізму.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 672673.

Пяць Марый — адзін лёс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:31 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG