Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня калегіі адвакатаў Чайчыц заклікаў калегаў «ня лезьці ў палітыку»


Адвакаты Сяргей Зікрацкі (справа) і Аляксандар Хаецкі ў судзе над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай, 18 лютага

Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА) Віктар Чайчыц на пачатку сакавіка настаўляў калегаў зь менскай калегіі, заклікаючы ня лезьці ў палітыку.

За апошнія месяцы шэсьць адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій, многія зь іх працавалі па «палітычных» справах. Партал TUT.BY атрымаў запіс выступу Чайчыца з сустрэчы са студэнтамі на пачатку сакавіка, дзе той пракамэнтаваў справу «аб нуль праміле» і заявы колішняга начальніка ГУБАЗіК пра «бандытаў», якіх «жывымі браць ня будуць».

«Хочаце займацца палітыкай — сыдзіце»

«Упэўнены, што ўсе вы чыталі і слухалі выступ прэзыдэнта на Ўсебеларускім народным сходзе, — заявіў Чайчыц на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, якая праходзіла на пачатку сакавіка. — І я прашу вас зьвярнуць увагу на ягоныя словы: «А як, па-вашаму, я павінен быў паступіць? Трэба было ратаваць краіну». Вы цяпер у больш спакойнай абстаноўцы, я ўпэўнены, можаце больш узважана падысьці да заклікаў апазыцыянэраў... Мы ж увесь час праводзілі мерапрыемствы і спрабавалі ўстрымаць адвакатаў ад палітычных заяваў і лёзунгаў. І, магчыма, калі б не было гэтых мерапрыемстваў, значна больш адвакатаў неяк па няведаньні ўлезьлі б у гэтую палітыку».

З залі прагучала пытаньне: а што значыць «улезьці ў палітыку»? Чайчыц растлумачыў:

— Быць па-за палітыкай немагчыма, мы пэўныя палітычныя дзеяньні, безумоўна, зьдзяйсьняем. Але на сёньня, з майго пункту гледжаньня, быць адвакату па-за палітыкай — значыць не спрабаваць вырашаць пытаньні нават свайго кліента, выкрыкваючы нейкія палітычныя лёзунгі. Або падводзячы ўсё да таго, што калі недзе парушаныя, з вашага пункту гледжаньня, правы кліента, казаць, што гэта адбылося, таму што ён прыцягваецца па нейкім там артыкуле ці зьяўляецца нейкім палітычным... Трэба казаць, што адбылося працэсуальнае парушэньне, яно выявілася ў тым і тым, неабходна зьмяніць меру стрыманьня, таму што няма дастатковых падстаў для заключэньня пад варту, або іншыя моманты — працаваць вось у такім кірунку. Вядома ж, ні ў якім разе не падпісвацца пад лёзунгамі і патрабаваньнямі палітычнага характару, калі адвакаты пачынаюць даваць ацэнку канкрэтным дзяржаўным службоўцам, дзесьці нават патрабаваць нешта ад генэральнага пракурора, якія дзеяньні ён павінен зрабіць. Мы можам хадайнічаць, прасіць, ну, можна сказаць, і патрабаваць нешта ад генэральнага пракурора, але ў дачыненьні да свайго кліента, калі парушанае яго права.

Віктар Чайчыц на сустрэчы з адвакатамі растлумачыў: калі ў іх ёсьць сумневы, што лічыць палітычным дзеяньнем, трэба зьвярнуцца да яго або старшыні сваёй тэрытарыяльнай калегіі, яны параяць, што рабіць.

— Калі хочаце займацца палітыкай, сыдзіце і займайцеся асобна ад адвакатуры. На вялікі жаль, тут Менск наперадзе плянэты ўсёй, Менск праявіў сябе з найгоршага боку, — заявіў Чайчыц.

«У рамках закону быць больш строгім для судзьдзі — гэта нескладана»

Старшыня рэспубліканскай калегіі адвакатаў выказаўся наконт сытуацыі, калі дамову з адвакатам прыраўнялі да намеру парушыць закон. У верасьні 2020 году суд Заводзкага раёну Менску вынес пастанову па справе Паўла Манько, якога судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Паўлу далі штраф 20 базавых велічынь, у судзе яго абараняла адвакат Алена Шынкарэвіч. Судзьдзя Жанна Хвайніцкая ў пастанове адзначыла: тое, што Манько заключыў дамову з адвакатам, кажа пра тое, што ён загадзя меў намер удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях. Экспэрты казалі, што такая выснова суду стварае небясьпечны прэцэдэнт, калі канстытуцыйнае права на абарону прыраўноўваюць да намеру парушыць закон.

— Калі вы думаеце, што гэта прынесла велізарную карысьць, што адвакат выкрыў судзьдзю ў тым, што яна памылілася, выносячы пастанову аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці, адзначыўшы, што доказам учыненьня правапарушэньня зьяўляецца той факт, што ў грамадзяніна была заключаная дамова з адвакатам, і гэта празь пяць хвілін было выкінута ў інтэрнэт, то вы памыляецеся, — заўважыў Віктар Чайчыц. — Потым, як стала вядома, усе судзьдзі аб’ядналіся і сказалі: «Значыць, адвакаты нашую калегу, як той казаў, зганьбілі. Давайце і мы будзем стражэйшыя да адвакатаў». А ў рамках закону «быць стражэйшым» для судзьдзі — гэта нескладана.

«Яшчэ ёсьць час, каб даказаць, што мы не палезем у палітыку»

Віктар Чайчыц закрануў і магчымыя зьмены закону аб адвакатуры. Самае балючае пытаньне — у адвакатаў, якія працуюць у бюро або індывідуальна, могуць забраць права абараняць кліентаў па адміністрацыйных і крымінальных справах. Гаворачы пра папраўкі, старшыня БРКА адзначыў:

— Ёсьць станоўчыя моманты: напрыклад, прыбяруць 3-гадовы стаж, можна будзе адразу, са студэнцкай лавы, прыходзіць у адвакатуру ў якасьці стажора. Ёсьць моманты, па якіх мы пярэчым: напрыклад, палепшыцца прыём у адвакатуру для асобаў, якія доўгі час адпрацавалі ў праваахоўных і судовых органах, яны будуць здаваць толькі вусны іспыт. Ну, такая практыка ёсьць у многіх краінах. Будуць больш дакладна вызначаны формы адвакацкіх абʼяднаньняў. Упор у бок юрыдычных кансультацый.

Цяпер БРКА сумесна з тэрытарыяльнымі калегіямі рыхтуе свае прапановы па зьмене закону.

— Нам трэба сваімі дзеяньнямі паказаць, што мы ў стане ў сваім інстытуце разабрацца і што мы ў далейшым будзем больш строгія, больш патрабавальныя да тых адвакатаў, якія парушаюць закон і лезуць у палітыку, — яшчэ раз падкрэсьліў Чайчыц на сустрэчы з калегамі. — Прашу зьвярнуць увагу на гэта і зрабіць адпаведныя высновы. Прэтэнзій цяпер з боку дзяржавы да адвакатаў вельмі шмат. Але ў нас яшчэ ёсьць час для таго, каб даказаць, што мы ўсе пытаньні настроеныя вырашаць выключна ў прававым полі, што мы не палезем у палітыку, што тыя выпадкі, якія былі, адзінкавыя. І тады шанцаў, што закон будзе нашмат мякчэйшы і лепшы, для нас значна больш.

«Ніхто нікому не казаў біць і катаваць»

16 сакавіка Віктар Чайчыц сустрэўся са студэнтамі Беларускага інстытуту правазнаўства. Чытачы даслалі ў рэдакцыю TUT.BY запіс размовы.

— Я далёкі ад думкі, што ўсё было зроблена выключна правільна, занадта была напружаная сытуацыя, — ахарактарызаваў старшыня БРКА сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў. — Але я перакананы, што з самага верху было ўказаньне на ахову грамадзкага парадку, ніхто нікому не казаў кагосьці біць і катаваць. Гэта маё субʼектыўнае меркаваньне, і я буду яго заўсёды адстойваць.

З залі прагучала пытаньне пра гібель Аляксандра Тарайкоўскага, у якога сілавікі стралялі 10 жніўня.

— На маю асабістую думку, гэтую справу можна было б расьсьледаваць за тыдзень. Усім вядомае прозьвішча байца, яго зброя, але прайшло шмат месяцаў, і чамусьці забойца ня знойдзены, — заўважыў удзельнік сустрэчы.

— Рабіць пасьпешлівыя высновы бязь веданьня сытуацыі і справы я не магу, — заявіў Віктар Чайчыц. — Вельмі спадзяюся, што тыя, каму гэта даручана, разьбяруцца. Таму што факт сьмерці схаваць немагчыма. Ня ў гэтым месяцы, дык у наступным разьбяруцца абавязкова. Чаму так доўга? Напэўна, ёсьць цяжкасьці пры расьсьледаваньні.

А што па справе аб «нуль праміле»?

Студэнты таксама пацікавіліся справай загінулага Рамана Бандарэнкі — злачынцаў не знайшлі, асудзілі лекара і журналістку за разгалошваньне мэдычнай таямніцы.

— Іх судзілі па артыкуле 178 КК, які адносіцца да прыватна-публічнага абвінавачваньня, — заўважыў удзельнік сустрэчы. — Справа распачынаецца, калі заяву напісалі пацярпелыя. Але якраз сваякі Бандарэнкі заяўлялі, што ніякіх прэтэнзій ня маюць.

— Чаму суд прыйшоў да такой высновы, сказаць не магу, ня ўдзельнічаў у гэтым працэсе, — заявіў Чайчыц. — Так, вашыя аргумэнты заслугоўваюць увагі. Вельмі спадзяюся, што суд апэляцыйнай інстанцыі дасьць ацэнку гэтым аргумэнтам. Камэнтаваць цяпер прысуд няправільна. Будзем спадзявацца, што разьбярэцца і пракуратура, якая, дарэчы, заняла іншую пазыцыю — што прысуд занадта мяккі. Але кропку ва ўсім паставіць суд, таму дачакаемся рашэньня апэляцыйнай інстанцыі.

Як рэагаваць на заявы Карпянкова?

Адразу некалькі пытаньняў тычыліся гучных заяваў Мікалая Карпянкова, у нядаўнім мінулым начальніка ГУБАЗіК, а цяпер намесьніка міністра ўнутраных спраў. Студэнты папрасілі Чайчыца пракамэнтаваць, ці парушае закон выказваньне Карпянкова ў газэце «СБ. Беларусь сегодня»:

— Калі, ня дай Бог, што здарыцца з камандзірам або кіраўніком, з нашым братам па зброі — мы такіх бандытаў жывымі браць ня будзем. І калі нешта здарыцца зь семʼямі супрацоўнікаў — бандыты адчуюць на сабе ўвесь арсэнал і ўсю моц органаў унутраных спраў. Такіх бандытаў мы таксама жывымі браць ня будзем.

— Я да цытат, якія зьяўляюцца ў СМІ, ставіўся б крытычна, — заявіў Віктар Чайчыц. — Падчас размовы можна сказаць рознае. Вы што, ня чулі ніколі ў размове нават з бацькамі: «Што ты робіш? Зараз я цябе забʼю». Але гэта ж не азначае, што мама ці тата зьбіраюцца цябе сапраўды забіць. Важна памятаць, што злачынствам зьяўляецца дзеяньне, а ня лад думкі. І калі чалавек штосьці са злосьці сказаў, а потым гэтага не зрабіў, ніякай адказнасьці ня будзе. Але калі супрацоўнік міліцыі парушае закон, я зараз не кажу пра Карпянкова — да прыкладу, чалавек не нападае, паводзіць сябе ціха, а работнік дастае табэльную зброю і страляе, — вядома, ён падлягае прыцягненьню да адказнасьці. Але трэба ў кожным канкрэтным выпадку разьбірацца. Я не магу даць ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі. Гэта павінен разьбірацца ці пракурор, ці ўпраўленьне ўласнай бясьпекі, ці начальнік ГУУС, ці міністар унутраных спраў. Але тое, што парушаць закон нікому нельга, гэта дакладна. Як я казаў раней, я заўсёды буду падтрымліваць прэзыдэнта, таму што разумею, як яму цяпер складана. Але я заўсёды буду змагацца супраць гвалту, ад каго б ён ні паходзіў, і раблю гэта, як магу. Па сытуацыі з Карпянковым: калі вы лічыце, што ён дапусьціў парушэньне, трэба зьвяртацца ці да міністра ўнутраных спраў, ці да генпракурора.

Таксама студэнтаў цікавіла, што старшыня рэспубліканскай калегіі адвакатаў думае пра выказваньні блогера Аляксея Голікава, які ў эфіры тэлеканалу СТВ прыгадаў мэтады нацысцкай Нямеччыны на акупаваных тэрыторыях (расстрэлы і шыбеніцы) і прапанаваў навесьці «нямецкі парадак».

— Голікава я ведаю, — адказаў Чайчыц. — Як ён дапусьціў такі выраз, растлумачыць не магу. Магу сказаць за сябе, што калі нехта зьбіраецца ў нас будаваць Нямеччыну, як гэта рабіў Гітлер, я ў гэтым будаўніцтве ўдзельнічаць ня буду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG