Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа, дажыву... І тады вярнуся дахаты». 66-гадовы вясковец пакінуў Беларусь пасьля крымінальнай справы


Станіслаў Пясецкі пасьля ад'езду

У лістападзе міліцыя прыйшла рабіць «агляд дома» пэнсіянэра зь вёскі пад Дзятлава (Горадзенская вобласьць). Вынік «агляду» — крымінальная справа наі 66-гадовага Станіслава Пясецкага. Ён быў вымушаны бегчы за мяжу. Уцякач падзяліліся са Свабодай сваёй гісторыяй.

66-гадовы Станіслаў Пясецкі — жыхар вёскі пад райцэнтрам Дзятлавам. Ягонага сына Сяргея доўга шукала міліцыя, нарэшце схапілі. А як сын прапісаны ў бацькі, то міліцыя прыйшла да пэнсіянэра рабіць вобшук. Вынік ператрусу — крымінальная справа на пэнсіянэра за нібыта гвалт над супрацоўнікам міліцыі.

Па інфармацыі МУС, «сын быў затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, таму для правядзеньня сьледчых дзеяньняў міліцыя прыйшла ў жытло грамадзяніна». «У нейкі момант пэнсіянэр пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, спачатку спрабаваў адкрыць газ у кухні, а потым схапіў нож, размахваў ім і накіраваўся ў бок міліцыі», — паведамляў МУС.

Сын Станіслава Сяргей Пясецкі — поўны цёзка вядомага пісьменьніка. Ён нарадзіўся ў Дзятлаве. Апошнім часам жыў у Менску. Летась яго зацікавіла дзейнасьць Сяргея Ціханоўскага і ён пачаў дапамагаць яму. У пэрыяд перад выбарамі Сяргей Пясецкі ўдзельнічаў у пікетах «Страны для жизни» у розных гарадах як валянтэр. Падтрымліваў і землякоў зь Дзятлава, якія пратэставалі супраць улады.

«Удзельнічаў у назіраньні ў Дзятлаве. Там арганізаваў некалькі чалавек для назіраньня. Бачыў парушэньні, заяўляў пра іх. Але вынік тых скаргаў усім вядомы. Тыя з выбарчых камісій, міліцыянты — яны ўсе ўсё разумеюць. Яны адчуваюць сябе там гаспадарамі і робяць, што хочуць, чыняць чорнае», — расказаў Сяргей Пясецкі.

«Мы з сынам галасавалі за Ціханоўскую»

Станіслаў кажа, што і ён, і сын галасавалі за Ціханоўскую. «Ну як галасавалі? Мы прагаласавалі, а бюлетэні вынесьлі з сабой з участка. Усё роўна як я прагаласую за Ціханоўскую, а мой голас „укінуць“ за Лукашэнку», — удакладніў пэнсіянэр.

Па выніках камісія напісала, што ўсе бюлетэні на месцы. Сяргей спрабаваў зь імі разабрацца — але марна.

«У Дзятлаве быў вялікі марш у жніўні, шмат людзей выйшла. Але як пачаліся рэпрэсіі, людзі прыціхлі, іх запалохалі. Бо ў малых гарадах дастаткова мінімальнага рэпрэсіўнага дзеяньня, каб усе зьніклі з вуліц. Засталося чалавек дваццаць, езьдзілі ў Ліду. Але нас і там дасталі — бо ўсіх там здымалі і потым перадавалі дадзеныя ў Дзятлава», — кажа Сяргей.

Дзятлава. Архіўнае фота
Дзятлава. Архіўнае фота

Ён расказвае, што дапамагаў людзям маральна і юрыдычна.

«Таму мясцовыя міліцыянты вырашылі, што я самы галоўны там, і перасьледавалі мяне». Яго шукалі — у Дзятлаве і ў Менску, і нарэшце злавілі ў сталіцы, пасадзілі на 15 сутак. «За тое, што я дапамагаў людзям абараняцца, мяне вырашылі пакараць максымальна. І так у лістападзе мяне пасадзілі нібыта за несанкцыянаваную акцыю. У ізалятары да мяне прыйшлі, каб нібыта апытаць у крымінальнай справе, і паехалі да таты з вобшукам», — дадаў жыхар Дзятлава.

Станіславу 66 гадоў. Мае слабае здароўе — перанёс інсульт. Ён блага чуе і зь цяжкасьцю перасоўваецца. У вёсцы, у Беларусі засталіся дзеці, унукі, дом, агарод. У чужой краіне, якую ён ня хоча называць, мае дах над галавой і невядомасьць. Мусіць пачынаць новае жыцьцё.

«Але лепш, чым сядзець у турме. З маім здароўем я там ня выжыву... Хадзіў да нашых лекараў у Дзятлаве: „Мерайце ціск“ — і больш нічога. Ужо тут, у чужой краіне, мяне абсьледавалі і выявілі праблемы ў шыі, сасудах, прызначылі лячэньне. Я хоць палячуся тут», — кажа пэнсіянэр.

Цьвердзіць, што міліцыянты не давалі яму спакою праз сына Сяргея, «езьдзілі і езьдзілі». Хоць пэнсіянэр і сказаў, што сын зь ім не жыве.

«Узялі панятым зэка, ён мне пагражаў: «Зарэжу, калі што!»

«Так надакучыла — ранкам ідуць, вечарам ідуць: «Дзе Сяргей, дзе Сяргей?». Я сказаў: «Яшчэ раз тупым тлумачу, што ён не жыве тут!». Сышлі. Потым прыйшлі з ордэрам на вобшук. Я кажу: «Чаго да мяне прыйшлі? Я злачынца, некага прыбіў ці абрабаваў? І выйшаў на вуліцу, яны мяне скруцілі, як сабаку, прынесьлі ў хату і кінулі. Панятога ўзялі — нейкага зэка. Той быў увесь у наколках. Кажа: „Глядзі, вось у мяне якія наколкі, я цябе, калі што, зарэжу“. Чорт ведае што адбывалася. У мяне ў вэрандзе нож ляжаў. І міліцыянт усё казаў: „Не чапай нож!“ А я нават не дакранаўся да яго! У мяне стаяў пусты балён, бяз газу. Я пасьля інсульту ледзьве стаю. Таму абапёрся на балён рукой. А яны потым сказалі, што я газ хацеў пусьціць — трызьненьне. Па ўсёй хаце запалілі сьвятло. Я пачаў выключаць усьлед — для чаго сьвятло паліць? Толькі на кухню пайшоў выключаць сьвятло, а міліцыянт пачаў мяне круціць і крычаць: „Ідзіце сюды, ідзіце сюды!“ — і кайданкі мне на рукі адразу, аж рукі пасінелі. На сьцяне віселі нажы кухонныя на магніце. Міліцыянт, відаць, забаяўся, што я вазьму нож. Але я сьвятло выключаў!» — тлумачыць Станіслаў Пясецкі.

«Тут мне няблага, і шмат людзей дапамагае»

Яго павезьлі ў міліцыю ў кайданках. Пэнсіянэр страціў прытомнасьць і трапіў у шпіталь.

«Мае бацькі жылі тут пры Польшчы, калі тут паны былі. Але ў пана можна было нешта папрасіць, а прыйшлі Саветы — усё падчыстую забралі! Бацькі за „палачкі“ працавалі. Нават не ўяўляю, як выжылі... Я працаваў на трактары, токарам. Вучыцца ня мог, бацькі былі старыя, трэба было іх даглядаць. Цяпер дажыў да пэнсіі, а спакою няма», — кажа Станіслаў.

Ён пераймаецца, што цяпер і дом стаіць яго пусты, і гарод «запусьціцца». «Але тут мне няблага. Тут шмат людзей, якія мне дапамагаюць, нічога не магу сказаць. Што трэба — ва ўсім дапамогуць. Я хворы чалавек, я не чапаў тую міліцыю, для чаго мне яе чапаць? Яны ж да мяне прыйшлі, а ня я да іх», — запэўнівае пэнсіянэр. Пакуль на першым пляне ў яго лячэньне. «Потым будзе відаць. Тэрмін прыцягненьня да адказнасьці паводле таго артыкулу — пяць гадоў. Можа, дажыву... І тады вярнуся дахаты», — разважае Станіслаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG