Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Афіцыйны дзень абаронцы Айчыны


Падзеі 23 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

23 лютага 1935 году нарадзіўся Яўген Лугін, вайсковец, заснавальнік і кіраўнік Сялянскай партыі, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х гадоў.

Служачы ў савецкай армii, афіцэр беларус Яўген Лугін узяўся складаць праект канстытуцыі свабоднай краіны.

За гэта — бо падзяліўся запаветным зь сябрамі — і мусіў разьвітацца з вайсковай формай і пасьпяховай кар’ерай.

Аднак гонар афіцэра былы падпалкоўнік інжынэрна-сапэрных войскаў захаваў — гэтаксама, як і веру ў эўрапейскую прышласьць роднай краіны.

Спадар Яўген быў з тых, хто выпраменьвае перакананасьць у сваёй праўдзе.

Акурат такім я запамятаў яго на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні, на сьвяткаваньнях Дня Волі й Чарнобыльскіх шляхах, на Дзядах ды іншых акцыях дэмакратычнае апазыцыі, пасьля якіх ён ня раз трапляў за краты.

Ён стаў адным з найактыўнейшых сяброў Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, дзе адстойваў ідэю стварэньня прафэсійнае арміі й бязьядравасьці і нэўтральнасьці Беларусі.

Лугін любіў нашую зямлю і ў першасным значэньні гэтага слова. Пераадолеўшы дзясяткі бюракратычных бар’ераў, Яўген здолеў стварыць на бацькоўскай Глушчыне адну зь першых у краіне прыватных фэрмаў.

У Беларусі яго ведалі як заснавальніка й кіраўніка Сялянскай партыі, што мела на мэце абарону эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў вяскоўцаў.

Адрозна ад некаторых паплечнікаў з дэмакратычнага лягеру, Лугін імкнуўся не да асабістай улады, а да шырокага аб’яднаньня партыяў і рухаў.

У адным з аўтографаў я напісаў яму, што ён, Лугін, зь ягонымі заўзятасьцю й зычлівасьцю, з талерантнасьцю й непахіснасьцю, з натуральнай багатай моваю, ёсьць для мяне ўвасабленьнем беларускага нацыянальнага характару.

Гэта выявілася й у яго жаданьні быць пахаваным у роднай глускай зямлі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 570-571

Таксама ў гэты дзень

1563 — расейскія войскі на чале з царом Іванам IV пасьля аблогі ўзялі Полацк падчас Лівонскай вайны.

1866 — Аўстрыя і Прусія заключылі праскі мір, заклаўшы падмурак фармаваньня Нямеччыны.

1917 — пачатак Лютаўской рэвалюцыі ў Расеі.

1941 — упершыню атрыманы плютоній.

1944 — Сталін скасаваў Чачэна-Інгускую аўтаномную рэспубліку. Пачалося інтэрнаваньне соцень тысяч чачэнцаў і інгушоў у Сярэднюю Азію.

У гэты дзень нарадзіліся

1808 — Пётр Кірэеўскі, рускі публіцыст, архэоляг, фальклярыст, славянафіл.

1874 — Канстанцін Пятс, першы прэзыдэнт Эстоніі.

1878 — Казімір Малевіч, мастак, тэарэтык мастацтва, дызайнэр.

Аўтапартрэт Казіміра Малевіча
Аўтапартрэт Казіміра Малевіча

1891—Міхаіл Піятуховіч, беларускі літаратуразнаўца, крытык, пэдагог.

1907 — Станіслаў Станкевіч, беларускі літаратуразнаўца, грамадзкі дзеяч.

1929 — Алексій II, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

1931 — Яўген Бабосаў, беларускі філёзаф.

1954 — Віктар Юшчанка, прэзыдэнт Украіны (2005 — 2010).

Віктар Юшчанка
Віктар Юшчанка

У памяці

1766 — Станіслаў Ляшчынскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1855 — Карл Фрыдрых Гаус, нямецкі матэматык, астраном і фізык.

1864 — Людвік Зьвяждоўскі, вайсковец, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў, ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG