Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 10 дзён арышту. Суды за сьцяг на 16-м паверсе і пасьля пагоні


Ілюстратыўнае фота.

Беларускія суды працягваюць караць пратэстоўцаў. Сабралі некаторыя адміністрацыйныя выракі за 22 лютага.

Чарговы суд за сьцяг у акне

У Фрунзэнскім раённым судзе Менску прайшло паседжаньне ў справе Сяргея Мураўскага. На яго склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП за «пікетаваньне з мэтай выказваньня сваіх палітычных поглядаў» за сьцяг на акне кватэры на 16-м паверсе.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», Сяргей на судзе віны не прызнаў, бо лічыць, што 16-ы паверх — «ня самае ўдалае месца для пікетаваньня». Больш за тое, па яго словах, вокны выходзяць на поле, дарогу і цяпліцы. Само палатно бел-ружова-белае і выкарыстоўваецца ў якасьці шторы.

Судзьдзя Юлія Блізьнюк вырашыла, што гэты сьцяг — незарэгістраваная сымболіка, а Сяргей Мураўскі з дапамогай яе пікетаваў. У выніку Сяргею прысудзілі паводле арт. 23.34 КаАП 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Суд у Наваградку пасьля пагоні

Жыхару Наваградку Ўладзімеру Буйко далі 10 дзён арышту за тое, што кіраваў машынай без правоў. Напярэдадні ДАІ ўчыніла за ім пагоню і забрала машыну. З размоваў міліцыянтаў мужчына зразумеў: насамрэч гэта пакараньне за тое, што не сплаціў 675 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгу.

Уладзімер Буйко зь сяброўкай Ірынай.
Уладзімер Буйко зь сяброўкай Ірынай.

Рашэньне выносіў судзьдзя Васіль Аляхновіч. Ён таксама пастанавіў вярнуць машыну ўласьніку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG