Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Усясьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці


Дзеці-жабракі ў Кабуле, студзень 2020
Дзеці-жабракі ў Кабуле, студзень 2020

Падзеі 20 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

20 лютага 1926 году нарадзілася беларуская пісьменьніца, кінасцэнарыстка і дысыдэнтка Лідзія Вакулоўская.

«У чалавечых характараў, як і ў некаторых будынкаў, некалькі фасадаў, прычым ня ўсе яны прыемныя на выгляд», — заўважыў Франсуа дэ Лярошфуко.

Характар пісьменьніцы і кінасцэнарысткі Лідзіі Вакулоўскай належаў якраз да такіх. Аднак галоўнай рысаю ў ім была незьнішчальная вальнадумнасьць.

Пры канцы 1980-х на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў мне паказалі немаладую прыгожую жанчыну з нумарам «Нового мира» ў руках. «Вакулоўская, дысыдэнтка», — з захапленьнем сказаў сябар.

Кватэра Лідзіі Аляксандраўны на вуліцы Берасьцянскай у 1960-я сапраўды была менскім клюбам інтэлектуальнай фронды (гэтаму спрыялі й ганарары гаспадыні, якая пісала па-расейску і часта друкавалася ў Маскве).

Як згадвае ў сваёй кнізе «На высьпе ўспамінаў» адзін з блізкіх прыяцеляў Вакулоўскай, пісьменьнік Валянцін Тарас, у той вялікай стракатай кампаніі літаратараў, журналістаў, актораў, мастакоў закраналіся самыя рызыкоўныя тэмы. Брэжнева нехта зь вясёлай застоліцы мог назваць «траглядытам», галоўнага маскоўскага ідэоляга Суслава — «сушанай воблай», а ўсіх крамлёўскіх старцаў — «тупарылай шарагай».

Калі я гасьцяваў у Бэрліне ў нямецкага беларусіста і колішняга палітвязьня Норбэрта Рандава, той паказаў мне некалькі сотняў старонак, ксэракапіяваных ім з адкрытых пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны архіваў штазі.

Добры Норбэртаў прыяцель, апрача ўсяго астатняга, пісаў падрабязныя справаздачы пра дні нараджэньня «аб’екта» ўлучна з плянам стала, пералікам тостаў і часам прыходу й адыходу застольнікаў.

Падобныя госьці наведваліся і да Вакулоўскай. Адну, Зоечку, потым вылічылі, але яна пасьпела ўжо «напісаць опэру».

Лідзію зь сябрамі пацягнулі ў КГБ. Валянціна Тараса прымусілі звольніцца з рэдакцыі «Нёману», а ягоную жонку адхілілі ад эфіру на Беларускім тэлебачаньні. Саму Вакулоўскую, якая была на вольных хлябах, абвінавачвалі ў пашырэньні забароненай літаратуры, спробах перадаць на Захад для публікацыі свае аповесьці й нават у закліках да тэрору.

Выступаючы тады на рэспубліканскім партактыве, першы сакратар ЦК КПБ П. Машэраў хваліў «органы» за тое, што ўскрылі «антысавецкі нарыў на кватэры члена Саюзу пісьменьнікаў Вакулоўскай».

Пасьля тых падзеяў Лідзія Аляксандраўна пражыла яшчэ чвэрць стагодзьдзя й выдала паўтара дзясятка кніг жывой чытэльнай прозы. Яна памерла ў жніўні 1991-га, калі «шарага» путчыстаў спрабавала павярнуць кола гісторыі назад.

Адным зь яе апошніх твораў стала прысьвечаная часам сталінскага тэрору аповесьць пад адметным назовам «Вальфрам — мэтал цьвёрды», у якім відавочна прысутная аўтахарактарыстыка пісьменьніцы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 374–375

Таксама ў гэты дзень

1918 — у Менску створаны Народны сакратарыят, першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.

1922 — сэйм Сярэдняй Літвы прыняў рашэньне аб далучэньні яе да Польшчы.

1988 — пазачарговая сэсія абласнога Савету дэпутатаў Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці (НКАВ) прыняла рашэньне «Аб хадайніцтве перад Вярхоўным Саветам Азэрбайджанскай ССР і Армянскай ССР аб перадачы НКАВ са складу АзССР у склад АрмССР» (пачатак карабаскага канфлікту).

2009 — упершыню адзначаны Ўсясьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці, абвешчаны рэзалюцыяй Генэральнай асамблеі ААН ад 18 сьнежня 2007 году. У рэзалюцыі прызнаная неабходнасьць далей нарошчваць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў галіне выкараненьня галечы, забесьпячэньня поўнай занятасьці, годнай працы, раўнапраўя мужчын і жанчын, сацыяльнага дабрабыту і сацыяльнай справядлівасьці для ўсіх.

У гэты дзень нарадзіліся

1889 — Фёдар Турук, беларускі гісторык і грамадзкі дзеяч.

1897 — Васіль Шаранговіч, савецкі партыйны дзеяч.

1922 — Міхаіл Цікоцкі, беларускі мовазнаўца і журналіст.

1945 — Таіса Бондар, беларуская пісьменьніца, перакладніца.

1947 — Валеры Мазынскi, беларускі тэатральны рэжысэр.

Валеры Мазынскі
Валеры Мазынскі

У памяці

1810 — Марцiн Пачобут-Адлянiцкi, асьветнік, астраном, пэдагог.

1963 — Канстанцiн Палiкарповiч, беларускі археоляг.

1963 — Кастусь Галкоўскі, беларускі кампазытар.

1988 — Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзеяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG