Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА


Вольга Калацкая

Перакладчыцы Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу, «Хуліганства».

Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Раней паведамлялася, што яе затрымалі ў межах справы паводле артыкулу 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

Родныя мяркуюць, што Вольгу прыцягваюць да адказнасьці за падзеі, паказаныя ў матэрыяле супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Рыгора Азаронка, у якім жанчыны падчас аднаго з маршаў гучна сварацца з прапагандыстам.

Перакладчыцу Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сябе дома. Пра затрыманьне і «запрашэньне» на размову ў Фрунзэнскі РУУС яна сама пасьпела напісаць у фэйсбук. Падрабязнасьці Свабодзе расказала студэнтка Вольгі, якая прыходзіла да Калацкай дадому займацца ангельскай мовай. Усё адбывалася на вачах у дзяўчыны.

«Я нядаўна пачала займацца ў Вольгі, прыходзіла да яе дадому, — расказвае сьведка. — Гэта быў звычайны занятак, мы ўжо завяршалі амаль. І тут званок у дзьверы. Такі дастаткова агрэсіўны, як быццам нехта глухі. Вельмі гучна званілі. Я яшчэ падумала, што сама не адчыняла б дзьверы пасьля такога. У наш час у прынцыпе незнаёмым ня варта адчыняць. Але Вольга пайшла адчыняць. Дзьверы ў яе падвойныя, яна адчыніла першыя і спытала, хто там. Паглядзела ў вочка. І адчыніла другія. Зайшлі двое ў цывільным. Яны былі ў чорных масках, паказалі пасьведчаньне чырвонага колеру. Я пачула, як яны сказалі Вользе — вы такая і такая, апранайцеся, паедзем з намі на размову ў Фрунзэнскі РУУС».

Па словах студэнткі, для ўсіх прысутных гэта стала шокам, Вольга не была гатовая да такога. Яна спытала ў міліцыянтаў, з кім можна пакінуць хворую 89-гадовую маці, якая патрабуе догляду. На гэта праваахоўнікі адказалі, што маці можна пакінуць са студэнткай. А сама Вольга, маўляў, хутка вернецца дадому, бо ўся справа «зойме паўтары гадзінкі». Калацкая пасьля гэтага зайшла ў пакой да маці, сказала ёй, што хутка вернецца, і паехала зь міліцыянтамі. Дадому яе так і не адпусьцілі. Маці Вольгі цяпер даглядаюць яе сябры. Пра затрыманьне дачкі яна ведае ад самой Вольгі, якая патэлефанавала дадому ўвечары 15 студзеня зь міліцэйскага пастарунку.

«Казала, што сусьветная клясыка, бэстсэлеры павінны быць па-беларуску»

Падрабязнасьцяў аб прычынах затрыманьня Вольгі Калацкай пакуль няма. У жніўні 2020 году яна ўпершыню і з уласнай ініцыятывы пайшла назіральніцай на выбарчы ўчастак. Пасьля рэгулярна хадзіла на нядзельныя маршы пратэсту, ня ўтойвала гэтага. У выбарчыя штабы не ўваходзіла, сябрам Каардынацыйнай рады таксама не была.

«Мы, сябры і калегі Вольгі, абсалютна ня ведаем, за што яе маглі затрымаць, — кажа сябра Рады беларускага ПЭНу, перакладчыца і пісьменьніца Марыя Мартысевіч. — Можна здагадвацца, што гэта неяк зьвязана зь яе пратэставай дзейнасьцю. Вольга была, як усе, хадзіла на нядзельныя маршы сама, не хавала гэтага. Усе шакаваныя затрыманьнем Вольгі. Усё вельмі нечакана здарылася».

Па словах Марыі, Вольга ня робіць падзелу паміж перакладчыцкай і грамадзкай дзейнасьцю.

«Для Вольгі перакладчыцкая дзейнасьць і грамадзкая непадзельна зьвязаныя паміж сабой. Перакладаць зь беларускай на ангельскую і наадварот для яе — гэта грамадзкі акт. Яна была адной зь першых нашых перакладчыц, хто казаў пра тое, што сусьветная клясыка, бэстсэлеры павінны быць па-беларуску. Яна пра гэта пачынала гаварыць яшчэ на пачатку 2000-х, калі мы хадзілі ў Калегіюм на заняткі да Вольгі, калі пачыналася перакладніцкая майстэрня зь яе ўдзелам. Яна вельмі шмат энэргіі ўкладала ў навучаньне перакладу».

«Дзякуючы ёй існуе Дэн Браўн па-беларуску»

Па словах Мартысевіч, Вольга Калацкая была адной зь першых перакладчыц кніжнай сэрыі «Амэрыканка», прысьвечанай клясыцы амэрыканскай літаратуры. Пры гэтым яна займаецца перакладамі, не зважаючы на каньюнктуру рынку. Проста сама выбірае кнігі і перакладае іх.

«Такім чынам зьявіліся дзясяткі кніжак, — кажа Марыя Мартысевіч. — Яе партфоліё карацейшае за тое, што Вольга насамрэч зрабіла. Таму што не на ўсе гатовыя пераклады выкупленыя аўтарскія правы. Вольгу не цікавіць камэрцыйны бок, яна энтузіястка. Дзякуючы ёй існуе Дэн Браўн па-беларуску, напрыклад. Яна пераклала „Пяцьдзясят адценьняў шэрага“, кніга яшчэ чакае выдаўца. Назву яна пераклала як „Паўсотні тонаў Шэра“ — калямбурна абыграла прозьвішча героя, Грэя. Урыўкі перакладу Вольга выкладвала ў сябе ў фэйсбуку, для яе гэта таксама місія — папулярная літаратура па-беларуску».

На сытуацыю з затрыманьнем Вольгі Калацкай па крымінальнай справе ўжо зьвярнулі ўвагу міжнародныя арганізацыі і замежныя пісьменьнікі. З адмысловай заявай выступіў Амэрыканскі ПЭН. Да патрабаваньня вызваліць Вольгу Калацкую з-пад варты далучылася пісьменьніца Маргарэт Этвуд, якую, сярод іншага, Калацкая перакладала на беларускую мову:

«Жахліва бачыць, што беларускія ўлады працягваюць свае жорсткія напады на тых, чыё адзінае жаданьне — жыць у дэмакратычнай краіне, дзе паважаюць іх правы, — напісала Этвуд. — Асабліва цяжка даведвацца пра перасьлед маіх калег-пісьменьнікаў і чальцоў літаратурнай супольнасьці. Я шчыра спадзяюся, што Вольга і ўсе несправядліва затрыманыя ў Беларусі будуць неадкладна вызваленыя».

Па словах адваката, сьледчыя дзеяньні па справе Вольгі могуць пачацца ўжо ў панядзелак 18 студзеня. Падрабязнасьцяў раскрыць ён ня можа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG