Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба сустрэць сыход Лукашэнкі натхнёнымі і радаснымі». Зьміцер Дашкевіч заклікаў Ігара Лосіка спыніць галадоўку


Ігар Лосік, архўінае фота
Ігар Лосік, архўінае фота

Адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і кансультант Радыё Свабода галадае ўжо амаль месяц.

Былы лідэр «Маладога фронту», актывіст Зьміцер Дашкевіч абвяшчаў галадоўкі пратэсту некалькі разоў. У размове са Свабодай ён расказаў, што адчувае чалавек за кратамі, калі адмаўляецца ад ежы.

«Ігару цяпер значна цяжэй, чым мне ў 2012-м»

«Калі ў краіне 20 палітвязьняў і нехта абвяшчае галадоўку, нейкія іншыя мэтады барацьбы выкарыстоўвае, то ўвагі да гэтага больш, чым у сытуацыі, калі сядзяць сотні людзей, — кажа Зьміцер Дашкевіч. — Тады, у 2012-м (у 2012 годзе Дашкевіч два тыдні трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі мазырскай калёніі. — РС), сытуацыя была такой, што Лукашэнка пасьля зачысткі 2010 году думаў, як гэта ўсё залагодзіць. Як адгадаваць крыло на Захад. Прынамсі, нас прэсавалі ў турмах, стваралі ўмовы псыхалягічнага гвалту, фізычных цяжкасьцяў. Хадзілі і казалі — пішы на „памілуху“ і ідзі. Самі шукалі сродак, як цябе вызваліць. Тут, у 2020-м, наўрад ці ўлады шукаюць сродак вызваліць палітвязьняў. Хіба што хтосьці, як той „міністар круглых сталоў“, душу сатане прадасьць. Цяпер сытуацыя адрозная. Вельмі шмат палітвязьняў, і адбываецца не адкручваньне гаек, а іх закручваньне. Таму Ігару ў гэтым пляне значна цяжэй».

Дашкевіч абвяшчаў галадоўкі пратэсту двойчы. У абодвух выпадках актывіст адмаўляўся ад ежы, але піў ваду. Акрамя галадоўкі ў мазырскай калёніі, Зьміцер Дашкевіч таксама трымаў галадоўку пратэсту на волі ў 2010 годзе разам з паплечнікамі па «Маладым фронце». Тады яна працягвалася 21 дзень.

«Што я адчуваў падчас галадоўкі? Было вельмі халодна, — згадвае Зьміцер. — Гэта асноўная праблема галадовак за кратамі. Холад для мяне быў праблемай. Ён адчуваўся значна мацней пасьля таго, як пачалася галадоўка. У ізалятары ў цябе толькі тоненькая роба, больш нічога. Іншых праблем не ўзьнікла, са здароўем таксама. Але 15 дзён — гэта не такі вялікі тэрмін. Галоўнае было выходзіць асьцярожна з галадоўкі. Але ў выпадку зь Ігарам, калі тэрмін ужо дайшоў да месяца, гэта можа мець значна больш складаныя наступствы. На маю думку, яму трэба спыняць галадоўку».

Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота
Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота

Дашкевіч таксама прыгадвае, што асаблівага нагляду з боку турэмных дактароў пасьля абвяшчэньня ім галадоўкі не было. Толькі калі ён сам пачынаў скардзіцца на ціск альбо штосьці іншае. Выходзіў з галадоўкі Дашкевіч з дапамогай супу. Так было ў турме. Пасьля 21 дзён галадоўкі на волі актывіст спачатку піў фізраствор, затым булёны.

«Сёньня для нас самае важнае зьберагчы свае сілы, — кажа актывіст. — Фізычнае і духоўнае здароўе. Тое, што эпоха Лукашэнкі скончаная, гэта відавочна. Але яго сыход можа заняць некаторы час. І будзе няправільным, калі Лукашэнка зьнікне, а мы будзем фізычна альбо духоўна і маральна непрыдатныя для таго, каб далей працаваць і дзейнічаць дзеля Беларусі. Цяпер тыя ўмовы, у якіх апынуўся Ігар, ад яго галадаваньня альбо негаладаваньн, я думаю, ня вельмі залежаць. Ён зьдзейсьніў гераічны вычын. Зьвярнуў на сябе нашую ўвагу і ўвагу грамадзтва. Але цяпер самае галоўнае — сябе захаваць фізычна і духоўна. Наперадзе вельмі шмат цяжкай працы. Мы мусім сустрэць сыход Лукашэнкі натхнёнымі і радаснымі, а не змарнелымі і стомленымі. Таму я асабіста заклікаю Ігара да спыненьня галадоўкі».

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Што адбываецца з арганізмам чалавека падчас галадоўкі

Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці падчас галадоўкі Дашкевіча расказваў лекар Аляксандар. Ён у сваёй практыцы ня раз сустракаўся з галадоўнікамі і ведае пра наступствы такой формы пратэсту для арганізму самога галадоўніка:

«Найперш небясьпечна наступнае — на фоне голаду, калі чалавек недаатрымлівае неабходную колькасьць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў, ён робіцца вельмі моцна паддатны на інфэкцыі. Бо часьцей за ўсё на фоне голаду, калі арганізм зьнясілены, узьнікаюць інфэкцыі. Пры нармальным ладзе жыцьця ўсялякія мікробы, якіх у арганізьме шмат, захворваньняў не выклікаюць. А ва ўмовах турмы, напрыклад, могуць разьвіцца сухоты».

Па словах мэдыка, вынікі галадоўкі моцна залежаць ад індывідуальных асаблівасьцяў чалавечага арганізму. Калі для некага яна можа зусім ня мець наступстваў, то для іншага стане прычынай моцных хранічных захворваньняў.

«Калі чалавек вяртаецца да нармальнага жыцьця, калі ён застаўся жывы, то ўсё можа аднавіцца нават без сур’ёзных наступстваў, — кажа лекар. — А можа — і наадварот. Чалавек можа нашкодзіць унутраным органам гэтай галадоўкай. Печань моцна цярпіць, ныркі, сэрца з-за таго, што арганізму не хапае пажыўных рэчываў, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў. Тады пачынаюцца збоі ў працы органаў, таму тут цяжка прагназаваць наступствы».

Акрамя гэтага спэцыяліст адзначае, што працяглая галадоўка небясьпечная і для псыхікі чалавека.

«Галадоўка часам парушае псыхіку, — гаворыць экспэрт. — Я не кажу ў тым сэнсе, што так будзе. Але такое таксама здараецца... Адбываецца дыстрафія ўсіх унутраных органаў, у першую чаргу эндакрынных залозаў, якая можа прывесьці да незваротных зьменаў у арганізьме. Гінуць клеткі, якія не аднаўляюцца, і ўсё гэта ўплывае на цэнтральную нэрвовую сыстэму, на кару галаўнога мозгу. Могуць здарыцца псыхічныя разлады».

Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі

1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.

У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.

Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.

У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.

У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.

У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.

Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.

На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG