Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: «Я ніколі ўжо не змагу пісаць так, як пісаў да жніўня»


Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева, 2019
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева, 2019

«Апошняя кніга пана А.» паводле вэрсіі Радыё Свабода названая найлепшай кнігай 2020 году ў намінацыі «Проза». Яна складаецца з трох дзясяткаў казачных гісторый, якія ператлумачваюць пэрсанажы аповеду.

Аўтар кнігі Альгерд Бахарэвіч у інтэрвію Свабодзе апавядае, як прыдумка і рэальнасьць пераплятаюцца ў літаратуры і жыцьці сучаснай Беларусі, апісаць якую ён не знаходзіць словаў.

Пра што «Апошняя кніга пана А.». Сьцісла

У кнізе Бахарэвіча — трыццаць адна казачна-фантастычная гісторыя. «Я зайздрошчу дзецям. Ім дазволена верыць у казкі, а нам не. Больш за ўсё на сьвеце дарослыя любяць казкі, але людзям сорамна ў гэтым прызнацца», — кажа герой новай кнігі Бахарэвіча. Каб сплаціць доўг крэдытору, пісьменьнік-даўжнік піша казкі — і цэлы месяц кожны вечар чытае іх бессаромным дарослым. З кожным днём казачны сьвет апавядальніка робіцца ўсё больш рэальным, а рэальнасьць, у якой адбываецца дзея, пачынае ўсё больш ператварацца ў казку — так што ўрэшце мяжа між фантазіяй і явай канчаткова сьціраецца».

— Тлумачачы выбар жанру вашай кнігі, вы, між іншым, сказалі: «…Калі ты хочаш пісаць рэалістычна, калі ты хочаш быць рэалістам — ты мусіш пісаць фантастыку. Казкі, фантастычныя раманы, сацыяльную фантастыку. Кожны дзень, калі ты прачынаесься, ты разумееш, што тваё рэалістычнае пісьмо, увесь твой так званы рэалізм зьнішчаны тымі навінамі, якія прыйшлі за ноч — якія ты чытаеш на фэйсбуку або на сайце Радыё Свабода. Ня мае сэнсу пісаць інакш. Толькі фантастыка здольная цяпер неяк адлюстраваць гэты сьвет больш-менш удала і асэнсаваць яго».

Пасьля сказанага прайшло паўгода — час, за які ў Беларусі зьмянілася амаль усё: настроі, погляды і паводзіны грамадзтва, ягоныя прыярытэты і каштоўнасьці. А ці зьмяніліся вы самі і вашы аргумэнты на карысьць фантастычных жанраў сучаснай літаратуры?

— На маю думку, тое, што адбылося і адбываецца, толькі пацьвярджае мае словы. Беларусь і беларусы перажылі напраўду фантастычныя зьмены, якія ніхто з так званых рэалістаў ня мог прадказаць ці прадугадаць. Фантастыка зрабілася рэальнасьцю. Людзі перамаглі страх і абыякавасьць, людзі перасталі быць рабамі — хіба гэта не фантастыка? І наша беларуская рэвалюцыя — як фантастычная гісторыя, дзе бяззбройнае дабро ўсё роўна перамагае ўзброенае і дурное зло. Сама дзяржава рэалізуе ў краіне сюжэт зь нейкай жахлівай казкі.

Ніякі рэалістычны фікшн, ніякі раман, які прэтэндуе на праўдападобнасьць, ня зможа асэнсаваць і перадаць тое, што мы перажылі і што працягваем перажываць. Хіба што дакумэнтальная літаратура здольная зафіксаваць усё гэта. Рэалізм аказаўся бясьсільны прадбачыць будучыню. Мы ўсе апынуліся ў фантастычнай гісторыі, мы яе пэрсанажы. Мы і яны — тыя, хто катуе і нішчыць свой народ. Мы — і тыя, хто спрабуе жыць, быццам нічога не адбылося.

Мая кніга змагла трошкі зазірнуць у будучыню. Чытачы «Апошняй кнігі пана А.» ня раз казалі пра тое, што як мінімум дзьве гісторыі з кнігі, «Чалавек Раман Бурак» і «Ў сьветлыя высі», чытаюцца так, як быццам яны напісаныя ў цяперашнія дні. Хоць папраўдзе я напісаў іх задоўга да рэвалюцыі.

І ўсё ж я мушу сказаць: цяпер, узімку, робіцца зразумелым, што нават фантастыцы ўжо не пад сілу перадаць увесь жах і ўвесь абсурд….

— Вы ўжо амаль месяц жывяце за межамі Беларусі. Як паўплывала зьмена, так бы мовіць, вонкавага антуражу на вашу творчую актыўнасьць? Што і пра што вам пішацца ўдалечыні ад бурлівых менскіх вуліцаў і пляцаў? І як вам бачыцца зь ціхай і ўтульнай Аўстрыі разьвязка драматычных падзеяў на радзіме?

— Няма ніякай ціхай і ўтульнай Аўстрыі. Няма ніякага творцы, які ўцёк і радуецца бясьпецы і блізкім сьвятам. Ёсьць толькі пусты працоўны стол, за якім я сяджу і бязгучна плачу ад болю, роспачы і бясьсільля. Пасьля 9 жніўня 2020-га ніхто з нас ужо ня зможа быць такім, якім быў раней. Мы ўсе перажылі вельмі шмат за гэтыя некалькі месяцаў, мы, беларусы, усе — адкрытыя раны.

Я зьехаў зь Беларусі псыхалягічна надломленым і хворым, поўным нянавісьці да дзяржавы, поўным болю і віны. Мне здаецца, гэтая рана ніколі ўжо не загоіцца. Але мае асабістыя раны — нішто ў параўнаньні з ранамі тых, каго фізычна катавалі і нішчылі. Мы ўсе жывём паміж жахлівай траўмай і сьветлай надзеяй.

Ранейшага Альгерда Бахарэвіча ўжо няма. Я ніколі ўжо не змагу пісаць так, як пісаў да жніўня. Прыйшоў час для іншай літаратуры. А якой — я ня ведаю. Ніхто пакуль што ня ведае. Ніхто ня ведае, што будзе далей. Я спрабую асэнсаваць тое, што адбываецца на радзіме, але нічога не выходзіць. Я не знаходжу патрэбных словаў, кожнае здаецца пустым і недарэчным, занадта штучным.

Адзінае, на што яшчэ хапае сілаў — расказваць праўду пра Беларусь у размовах з журналістамі. Праўду пра тое, што я бачыў на свае вочы, у чым удзельнічаў, праўду пра сваіх адважных сяброў і чытачоў. Казаць пра тое, як кучка ўзброеных, азьвярэлых, архаічных фанатыкаў намагаецца з дапамогай гвалту трымаць у пакоры цэлую краіну. Магчыма, гэта хоць неяк дапаможа пазбавіць Захад ілюзіі, што ўсё нібыта ня так ужо й страшна…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG