Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская вакцына ад каранавірусу паказала эфэктыўнасьць большую за 94%


Эфэктыўнасьць вакцыны супраць каранавірусу, якая распрацоўваецца амэрыканскай кампаніяй Moderna, па выніках трэцяй фазы выпрабаваньняў складае 94,5 працэнта.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 16 лістапада прэс-рэлізе кампаніі. Толькі пяцёра вакцынаваных заразіліся COVID-19, ва ўсіх хвароба прайшла ў лёгкай форме.

У ходзе трэцяй фазы выпрабаваньняў у дасьледаваньні прынялі ўдзел больш за 30 тысяч чалавек, на прамежкавым этапе заразіліся 95 чалавек — 90 зь іх атрымалі пляцэба, сьцьвярджаюць у кампаніі. Кампанія плянуе падаць заяўку на рэгістрацыю прэпарата ў амэрыканскі рэгулятар — Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў.

Moderna прадставіла прамежкавыя вынікі трэцяй фазы выпрабаваньняў праз тыдзень пасьля таго, як пра посьпехі свайго прэпарата зрабілі справаздачу амэрыканская кампанія Pfizer і нямецкая BioNTech. Іх вакцына папярэдне паказала 90-працэнтную эфэктыўнасьць.

Абодва прэпараты заснаваныя на інавацыйным РНК-мэханізьме дзеяньня. РНК-вакцыны маюць патрэбу ў асаблівых умовах захоўваньня. Прэпарат Pfizer і BioNTech захоўваецца пры тэмпэратуры не вышэйшай за мінус 70 градусаў Цэльсія. Гэта патрабуе добрай мэдычнай інфраструктуры і можа перашкодзіць яе выкарыстаньню за межамі густанаселеных рэгіёнаў багатых краін. Moderna сьцьвярджае, што ёй удалося павысіць гэты парог да мінус 20 градусаў.

11 лістапада аб першых выніках трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў зрабілі справаздачу стваральнікі расейскага прэпарата «Спутник V». Паводле іх, эфэктыўнасьць вакцыны склала 92 працэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG