Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Герасіменя: «Лукашэнка думаў, што спартоўцы будуць маўчаць»


Аляксандра Герасіменя, 2016

Трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў плаваньні Аляксандра Герасіменя распавяла тэлеканалу «Настоящее время», чаму спартоўцы не маўчаць пра падзеі ў Беларусі, а таксама пра ўражаньні ад асабістых кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам.

— Для Лукашэнкі вельмі важна менавіта як на тое, што адбываецца, адрэагавалі прафэсійныя спартоўцы?

— Я хачу заўважыць, што ў прынцыпе спорт выкарыстоўваўся як добры спосаб прапаганды ўлады, прапаганды тых дзеяньняў, якія ўлада робіць. І, вядома ж, калі спорт выявіў нязгоду, калі быў напісаны ліст аб нязгодзе, з патрабаваньнем прызнаць выбары несапраўднымі, спыніць гвалт і далейшыя пункты — вядома, гэта быў вялікі ўдар, бо ўсе (я думаю, вельмі многія) меркавалі, што спартоўцы будуць маўчаць.

— Удар для Лукашэнкі?

— Вядома. Гэта быў удар канкрэтна па ім, паколькі ён меркаваў, што спартоўцы ня будуць гаварыць. Паколькі нас заўсёды пераконвалі і да гэтага часу пераконваюць, што спорт па-за палітыкай. Хоць гаворка цяпер ужо далёка не пра палітыку, ужо гаворка проста пра людзей, пра жыцьці і тую сваволю, якая мае месца ў нас у краіне.

— А вы ж зь ім неаднаразова сустракаліся. Як ён сябе паводзіў зь людзьмі, якія прыносілі мэдалі ў краіну? Ён паддобрываўся ці па-бацькоўску — як ён наогул ставіўся да прафэсійнага спорту?

— Так, насамрэч, можна сказаць, па-бацькоўску. Гэта значыць, можна было зразумець, што ўсе заслугі, якія былі ў нас, толькі з дапамогай яго, з дапамогай яго падтрымкі. Хоць, вядома ж, падтрымка, безумоўна, была, яе адмаўляць, напэўна, было б няправільна. Але ў любым выпадку таленавіты спартовец праявіў бы сябе як у Беларусі, так і ў абсалютна іншай краіне. Але ўсе нашы заслугі ўспрымаліся толькі як вынік дзеяньня ўладаў, скажам так.

— А як ён вам наогул у асабістых зносінах?

— У мяне не было магчымасьці размаўляць на нейкія свабодныя тэмы, не было магчымасьці задаваць пытаньні, таму што заўсёды ўсе мерапрыемствы былі рэглямэнтаваныя. І калі раптам удавалася задаць нейкае пытаньне, то вельмі хутка хтосьці падбягаў і адразу ж спрабаваў неяк гэтае пытаньне ці згладзіць, ці ўвогуле замяць. Таму відаць было адразу, што чалавек аўтарытарны, што чужога меркаваньня не прымае, і яго ня трэба выказваць наогул.

— З вамі за час гэтых пратэстаў спрабаваў хтосьці зьвязацца зь яго людзей? Сказаць: «Эх, Саша, ну ты памятаеш, ён жа табе, давай цяпер на наш бок пераходзь» і гэтак далей. Ці не было такіх спробаў?

— Асабіста мне ніхто не тэлефанаваў, ніхто не падыходзіў. Але ў сацыяльных сетках была разгорнутая такая добрая акцыя, дзе мне пісалі гадасьці, дзе мне казалі пра тое, што я здраднік. Мне паведамлялі пра тое, што як жа я магла, краіна, дзяржава мяне ўзгадавала, мне ўсё далі, мне ўсё падаравалі, і я вось раскашую тут, у мяне неабходнасьці ні ў чым няма. А я ўзяла і здрадзіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG