Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульцы жаночай NBA падтрымалі асуджаную на 15 сутак баскетбалістку Алену Леўчанку


Алена Леўчанка на акцыі пратэсту ў Менску

Жаночая нацыянальная баскетбольная асацыяцыя гульцоў ЗША (The Women’s National Basketball Players Association, WNBPA) выступіла з заявай у падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

«WNBPA падтрымлівае Алену Леўчанку, адну з самых тытуляваных беларускіх баскетбалістак і былога гульца WNBA (Atlanta Dream), затрыманую за рэалізацыю ўсеагульнага права на свабоду выказваньня меркаваньня і ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту», — гаворыцца ў заяве асацыяцыі, апублікаванай у сацсетках.

«Мы працуем зь міжнародным рухам гульцоў і экспэртамі на месцах з мэтай высьветліць бягучы статус Алены і пераканацца, што сусьветная спартовая супольнасьць выкарыстоўвае свае рычагі ціску для яе неадкладнага вызваленьня і гарантый яе бясьпекі», — гаворыцца ў заяве.

У арганізацыі выказалі надзею, што калектыўны голас чальцоў WNBPA і спартоўцаў з усяго сьвету «пашле магутны сыгнал і пралье сьвятло на гэтую несправядлівасьць, каб 1) патрабаваць вызваленьня Алены і пакласьці канец адміністрацыйнымі і крымінальным разьбіральніцтвам, і 2) гарантаваць, што яе не прымусяць маўчаць і яе палітычная актыўнасьць ня спыняць».

30 верасьня Алену Леўчанку затрымалі ў менскім аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю. Суд пакараў яе 15 суткамі арышту паводле артыкулаў 23.34 і 23.04 адміністрацыйнага кодэксу за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску.

  • Алена Леўчанка — прафэсійная баскетбалістка, гуляе на пазыцыі цэнтравой. Уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі (WNBA).
  • Яна была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю яшчэ да актыўнай фазы прэзыдэнцкай кампаніі. А ўжо пасьля 9 жніўня публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам з боку сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.
  • Алена Леўчанка зьяўляецца ўдзельніцай Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS BY), ініцыятары якога падтрымалі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Нядаўна ўдзельнікі запісалі відэазварот на адрас спартовых чыноўнікаў, якія аказваюць ціск на атлетаў за іх грамадзянскую пазыцыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG