Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аляксандар Рыгоравіч, сыходзьце самі». Кавалькова пра гвалтоўны ад’езд, уласныя амбіцыі і супрацу з Канапацкай


Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, палітык Вольга Кавалькова расказвае пра сваю цяперашнюю ролю ў радзе, пра абставіны гвалтоўнага ад’езду зь Беларусі і ранейшае супрацоўніцтва з Ганнай Канапацкай.

Глядзець размову цалкам на відэа

Вольга Кавалькова. 36 гадоў. Нарадзілася ў Менску. Скончыла Акадэмію МУС па спэцыяльнасьці «юрыст». Атрымала спэцыяльнасьць «бухгальтар» у Рэспубліканскім інстытуце павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і спэцыяльнасьць «палітоляг» ва Ўсходнеэўрапейскай школе палітычных дасьледаваньняў. Працавала ў раённых адміністрацыях Менску, пасьля юрыстам, старшынёй і галоўным бухгальтарам у жыльлёва-будаўнічых спажывецкіх каапэратывах, лектарам у Інстытуце павышэньня кваліфікацыі. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай. Сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады.

Прапануем фрагмэнты інтэрвію

Сьцісла

  • Я рабіла, нават калі некаторыя калегі па апазыцыйных партыях казалі, што перамены немагчымыя, што гэтая кампанія зноў прывядзе да перамогі Лукашэнкі і жорсткіх рэпрэсій.
  • Ці мне хацелася?.. Вядома, мне хацелася ўзмацніць; зразумела, мне хацелася выступіць. Я бачыла, што для беларусаў, якім важныя нацыянальныя каштоўнасьці, беларуская мова, мой удзел узмацняў кампанію.
  • У мяне зьявіўся голас, які даволі шмат хто чуе ў Эўразьвязе і ў Беларусі.
  • Калі шчыра, мне шкада. Калі Ганна Канапацкая толькі пачынала, яна была больш папулярная і іншыя погляды ў яе былі. Цяпер я ня маю зь ёй камунікацыі.
  • Калі я вучылася ў Акадэміі МУС, гэта быў 2002–2006 год, яшчэ ня так кепска было з правам у Беларусі.

«Незалежна ад асабістых амбіцый, якія ў мяне ёсьць, я гатовая працаваць на вынік»

— Давайце вернемся ўжо ў далёкія часы, калі вы разам з калегамі па правацэнтрысцкай апазыцыі езьдзілі ў рамках праймэрыз па Беларусі. Ці маглі вы ўяўляць, як усё хутка зьменіцца, у тым ліку і ваш лёс? Ад удзельніцы праймэрыз на нешматлюдных сустрэчах, дзе скептычна ставіліся да жанчыны-лідэра, — да патэнцыйнай кандыдаткі на прэзыдэнта, даверанай асобы Ціханоўскай; да вымушанай уцякачкі і ўрэшце адной зь лідэраў беларускай апазыцыі, якая прамаўляе ў Эўрапарлямэнце ды іншых уплывовых міжнародных арганізацыях?

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

— Я чалавек, які займаецца беларускай палітыкай, чалавек дзеяньня. Мы можам штосьці ўяўляць, штосьці не ўяўляць, але я кожны раз, нават калі, можа, ня маю сілаў ці матывацыі ў нейкі пэрыяд, усё роўна працягваю дзейнічаць. Незалежна ад тых асабістых амбіцый, якія ў мяне ёсьць, я гатовая працаваць на перамены, на вынік, што і адбылося ў гэтай кампаніі. Я рабіла, нават калі некаторыя калегі па апазыцыйных партыях казалі, што перамены немагчымыя, што гэтая кампанія зноў прывядзе да перамогі Лукашэнкі і жорсткіх рэпрэсій, і для сябе вырашылі, што яны ўстрымаюцца ад удзелу. На мой погляд, гэта пройгрышная пазыцыя, бо, калі ты палітык, ты павінен дзейнічаць і верыць у тое, што перамога адбудзецца. Я таксама думала, што калі не атрымаецца, то будзем працягваць змаганьне далей, але я прыклала ўсе намаганьні, каб гэтая перамога адбылася.

— Калі вы сталі даверанай асобай Ціханоўскай, гучалі галасы, што калі б вы, беларускамоўны палітык, выступалі разам са Сьвятланай, Веранікай і Марыяй на сцэне, гэта было б больш збалянсавана і важна для людзей, для каго вельмі важная беларуская мова, нацыянальныя каштоўнасьці. Ці мог быць тады квартэт, а не трыё?

— Мне ня вельмі хочацца глядзець назад, бо я бачу, што ўсё, што я магла зрабіць, я зрабіла. На мой погляд, тое, якімі мэтадамі я дзейнічаю, дае людзям магчымасьці давяраць мне. І гэта паказвае, што чалавек гатовы ўкладацца ў вынік, незалежна ад таго, што ён мае асабістыя амбіцыі. Я, наколькі магла, прафэсійна ўнутры гэтай каманды ўзмацняла яе сваім палітычным бачаньнем назад і наперад. Я лічу свой унёсак у кампанію ў стратэгічным плянаваньні, у тых рэчах, якія я ўзяла на сябе ўнутры штабу Сьвятланы і ўнутры абʼяднанага штабу. Кожны зрабіў свой унёсак.

Ці мне хацелася? Вядома, мне хацелася ўзмацніць; зразумела, мне хацелася выступіць. Я бачыла, што для той часткі беларусаў, якой важныя нацыянальныя каштоўнасьці, беларуская мова, мой удзел узмацняў кампанію. І мне здаецца, што на якімсьці этапе гэта адбылося, незалежна ад таго, што я не была публічнай асобай у кампаніі. Калі я казала, што давяраю гэтай камандзе, гэта зьяўлялася сыгналам для людзей, якія давяралі мне асабіста. Мне здаецца, што ўсё спрацавала. Казаць, як магло быць лепей, ужо складана. Мы дамагліся выніку, на які разьлічвалі.

«Адзінае, што я хачу, — каб беларускі народ абараніў сваю перамогу»

— Вы некалькі разоў сказалі пра ўласныя амбіцыі. Натуральна, цяпер ва ўсіх адна мэта, але калі яны ў вас ёсьць, маглі б агучыць на будучыню прынамсі.

— У мяне ёсьць амбіцыі — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і новыя выбары. Асабістых амбіцый на гэтым этапе я ня маю. Нават каб яны ў мяне былі, пасьля таго, як мяне выгналі з маёй краіны, у мяне няма часу нават посьціць інфармацыю пра ўсе тыя шматлікія перамовы, што адбываюцца. Я лічу, што падзеі ўнутры цяпер значна больш важныя. Адзінае, што я хачу, каб беларускі народ абараніў сваю перамогу. І я раблю ўсё, каб гэтаму працэсу дапамагчы і ўнутры краіны і за яе межамі, бо ў мяне зьявіўся голас, які даволі шмат хто чуе ў Эўразьвязе і ў Беларусі таксама.

— Які ўльтыматум выставілі вам спэцслужбы, калі вы былі за кратамі? Ці вядомыя вам імёны тых, хто займаўся вашым выкіданьнем з краіны?

— Ультыматуму ніхто ня ставіў, мне сказалі, што ў мяне няма выбару — ці я сяджу, ці мяне вывозяць. У іх, відавочна, быў плян дыскрэдытацыі мяне як чалавека, які сам зьяжджае. Але большая частка грамадзтва не ўспрыняла гэта як праўду. Відавочна, што ў мяне як патрыёткі Беларусі ніколі не было думкі пакідаць краіну. Я б ніколі гэтага не зрабіла, тым больш у такі час, калі я максымальна ўкладаюся ў тыя зьмены, якія ёсьць у краіне.

«Я ня ведаю, што здарылася, чаму Ганна зьмяніла сваё стаўленьне і погляды»

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

— Вы некаторы час мелі адзін офіс з Ганнай Канапацкай, у часы яе дэпутацтва стала зь ёй супрацоўнічалі. Як бы вы патлумачылі яе вельмі неадназначны ўдзел і заявы ў мінулай кампаніі і ваша зь ёй супрацоўніцтва? Пра што шкадуеце?

— Таго, чаго магчыма было дасягнуць разам, мы дасягнулі. Гэта і зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія былі прынятыя да артыкулу 328. Гэта важна. Я ня ведаю, што здарылася, чаму Ганна зьмяніла сваё стаўленьне і погляды. Па тых размовах, якія ў мяне зь ёй былі, яна верыла ў тое, што гаворыць. Мне складана сказаць, пад чыім уплывам гэта ўсё адбылося. Калі шчыра, мне шкада. Калі Ганна толькі пачынала, яна была больш папулярная, і іншыя погляды ў яе былі. Ня ведаю, што адбылося. Цяпер я ня маю зь ёй камунікацыі.


«Цяпер сілавікам далі зялёнае сьвятло і сказалі, што яны ня будуць пакараныя»

— Вы закончылі ў свой час Акадэмію МУС. Ці ёсьць у вас нейкія прыватныя кантакты з тых часоў? Ці ўсьведамляюць там, што найгоршай рэпутацыі ў праваахоўных органаў ніколі не было?

— Калі я вучылася, гэта быў 2002–2006 год, яшчэ ня так кепска было з правам у Беларусі. Я зрабіла такі выбар, бо там вельмі крутыя прафэсіяналы-выкладчыкі працавалі. Вядома, у мяне ёсьць ці былі кантакты сярод тых, хто там працуе ці працаваў. Шмат хто сышоў з працы яшчэ да крызісу, які здарыўся цяпер. Хтосьці выказваў мне словы падтрымкі і абураўся тым, што адбываецца ў Беларусі.

Цяпер сілавікам далі зялёнае сьвятло і сказалі, што яны ня будуць пакараныя. Над імі так папрацавала прапагандысцкая каманда, што яны ў нас бачаць ворагаў. У выніку крытычнае мысьленьне ў большасьці адсутнічае. Мая пазыцыя як палітыка і чалавека, які прагне зьменаў у сваёй краіне, наступная: я хачу, каб людзі, якія працуюць у праваахоўнай сыстэме, ганарыліся тым, што яны там працуюць, каб яны не надзявалі масак і не хаваліся ад людзей. Яны павінны зразумець, што беларускі народ сёньня ня супраць міліцыі, беларускі народ цяпер супраць беззаконьня.

— Чаму вы пасьля заканчэньня вышэйшай школы міліцыі ня сталі ў гэтай сыстэме працаваць?

— Я працавала дзяржаўным службоўцам, і мне патрэбная была юрыдычная адукацыя. Я ад пачатку не зьбіралася працаваць у праваахоўных органах. Я сябе досыць камфортна адчувала, калі працавала ў адміністрацыях раёну, бо мая асноўная праца была накіраваная на дапамогу людзям, а калі ты працуеш унутры сыстэмы, у цябе болей магчымасьцяў.


«Сыходзьце самі і аддайце краіну кампэтэнтным і прафэсійным людзям»

— Што б вы сказалі Лукашэнку?

— Аляксандар Рыгоравіч, сыходзьце самі! Беларускі народ вас не падтрымлівае. У вас няма легітымнасьці, і вы павінны аддаць уладу тым людзям, якія хочуць разьвіваць і будаваць сваю краіну, каб іх дзеці жылі тут і не зьяжджалі. Я хачу, каб у Беларусі была моцная нацыя, якая хоча жыць у сваёй краіне. Вы гэтага ня хочаце. Ваша задача — утрымліваць толькі сябе асабіста, але беларускі народ ня будзе вам дараваць тое, што вы сёньня робіце. Таму сыходзьце самі і аддайце краіну кампэтэнтным і прафэсійным людзям.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG