Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожны жарт — маленькая рэвалюцыя». Як беларускі гумар выйшаў на вуліцы


Анастасія Фядотава, фота з уласнага архіву

Пагаварылі зь беларускай дасьледчыцай гумару, PhD у фальклярыстыцы, навуковай супрацоўніцай Эстонскага літаратурнага музэю Анастасіяй Фядотавай пра новыя палітычныя плякаты.

Нягледзячы на катаваньні, нечалавечую жорсткасьць, празь якія прайшлі беларусы, пачуцьцё гумару ў іх толькі ўзмацнілася, мяркуе экспэрт. І з кожным жартам на плякатах ці лёзунгах пачынае зьнікаць страх.

Як рэагаваць на гумар, дзяржава ня ведае

За месяцы пратэстаў людзі вынесьлі свае жарты з кухань на вуліцы.

«Гэта бум гумару — ня толькі публічнага, але прыватнага таксама. Адзін зь вельмі вядомых дасьледчыкаў гумару Крысьці Дэвіс пісаў, што гумар узьнікае тады, калі ёсьць разрыў паміж тым, як людзі ўяўляюць сабе добрае грамадзтва, і тым, якое яно папраўдзе. І чым большы гэты разрыў, тым больш у людзей падстаў жартаваць. На мой погляд, розьніца паміж тым, якой дзяржава быць павінна, як яна мусіць функцыянаваць, і тым, што адбываецца на самой справе, у гэты момант у Беларусі вельмі вялікая».

Анастасія ўзгадвае, што яшчэ ня так даўно было нават небясьпечна жартаваць на палітычныя тэмы, бо існаваў знакаміты артыкул 58.10 «за антысавецкую прапаганду», паводле якога судзілі людзей. Але гэта здарылася, і вось чаму.

«Па-першае, вырасьлі людзі, якія асабіста ўжо ня памятаюць тэрор, зьвязаны з гумарам. Яны лічаць такі гумар прымальным і магчымым. Да таго ж гумар мае цікавую асаблівасьць — зь ім вельмі цяжка змагацца звыклымі для дзяржавы мэтадамі. Калі вы прамаўляеце агрэсіўную прамову, пагражаеце альбо неяк зьневажаеце суперніка, цалкам натуральна, што супернік можа вам адказаць гэтак сама. А вось калі людзі жартуюць зь дзяржавы, зь нейкіх інстытутаў, то дзяржава і ня ведае, што зрабіць. Калі пачаць на гумар адказваць сур’ёзна, то яна выставіць сябе ў дзіўным сьвятле».

Таму ўсё, што дзяржава можа зрабіць цяпер — проста ігнараваць гумар, які ў вялікай колькасьці прысутнічае і на пратэставых плякатах, і ў інтэрнэце, і ў размовах.

Плякаты — зброя?

Аўдыторыя такіх плякатаў, кажа Анастасія, вельмі шырокая.

«Выкарыстоўваючы гэты плякат, пішучы нейкі жарт, чалавек упэўнены, што ён выкліча пазытыўную рэакцыю ў момант, пакуль ты будзеш яго несьці. Важна, што гэтыя плякаты накіраваныя яшчэ і на тых людзей, якія самі актыўна ня ўдзельнічаюць у маршах, але альбо спачуваюць пратэставаму руху, альбо хаця б вагаюцца. І для іх гэта такі брэнд мірнага пратэсту: „Вось глядзіце, мы не з „кактэйлямі Молатава“ ідзём, ня з віламі і ня з косамі, а мы ідзём з плякатамі“. Гэта робіць пратэставы рух нашмат больш прывабным».

Плякаты ў руках людзей, якія прыйшлі на «Марш новай Беларусі», 23 жніўня
Плякаты ў руках людзей, якія прыйшлі на «Марш новай Беларусі», 23 жніўня

«Ёсьць вядомае выказваньне, наколькі я памятаю, Джорджа Оруэла, што кожны жарт — гэта маленькая рэвалюцыя. Я б не рабіла высновы настолькі катэгарычна. Вядома, былі выпадкі, калі менавіта гумар быў ня тое каб чыньнікам сацыяльных перамен, але вельмі важным фактарам узаемадзеяньня паміж рознымі групамі супольнасьці. Напрыклад, калі дацкія мастакі намалявалі карыкатуру на прарока Мухамэда, гэта выклікала сур’ёзныя зьмены ў грамадзтве. Але тут, мне здаецца, найбольш важная не патрэба раздражніць суперніка, а падтрымаць адно аднаго і паказаць, што мы ня проста ў большасьці, але мы ў пэўным сэнсе лепшыя якасьцю».

Самая галоўная функцыя такога гумару — аб’яднаньне, мяркуе экспэртка.

«Глядзіце, мы змаглі такое прыдумаць, мы разумеем, пра што гэта, мы разумеем гэта ўсе разам, то бок у нас ёсьць пэўная група людзей, аб’яднаная гэтым гумарам. Вось гэта зьяўляецца значна больш істотным і важным узьдзеяньнем. Я яшчэ ня бачыла ніякай афіцыйнай рэакцыі на гэтыя плякаты, і таму вельмі цяжка сказаць, ці раздражняюць яны кагосьці наогул. А вось тое, што яны падтрымліваюць адно аднаго і стымулююць ствараць кожны раз усё больш і больш новых плякатаў, сьведчыць пра тое, што функцыю аб’яднаньня яны выконваюць вельмі добра».

Таксама падчас пратэстаў людзі прыдумляюць розныя вобразы, ладзяць пэрформансы

«Такія людзі, канечне, вельмі прыкметныя, яны адразу робяцца цэнтрам увагі і падчас пратэсту, і пасьля — на фота і відэа. Таксама людзі, якія прыйшлі ў касьцюмах, з атрыбутыкай, шмат уклалі ў свой гумарыстычны пратэст, і гэта ўзьдзейнічае на назіральнікаў. Плякат ты можаш і забыць празь пяць хвілін, а пра людзей, пераапранутых у АПАМ, але са сьвінымі галовамі, будзеш памятаць і празь нейкі час. Гэта вельмі моцна ўзьдзейнічае».

Плякаты на пратэстным маршы ў Менску, 13 верасьня
Плякаты на пратэстным маршы ў Менску, 13 верасьня

Ці жартаваць можна пра ўсё?

«Дзе знаходзіцца вось гэты рубікон, пасьля якога гэта ўжо ня жарт, а абраза, скокі на касьцях? — пытаецца Анастасія. — Вось, напрыклад, я бачыла здымак аднаго з плякатаў, які абыгрываў сытуацыю, што ня так даўно адбылася ў Менску, калі сілавікі здымалі ня толькі сьцягі, а яшчэ і ніжнюю бялізну бел-чырвона-белых колераў».

Экспэртка расказвае, што пад здымкам пляката разгарнулася сапраўдная дыскусія між тымі, хто лічыў, што гэта абраза — маляваць ніжнюю бялізну колераў сьцяга, і тымі, хто палічыў, што гэта натуральная пародыя на тое, што адбылося, і чаму б не, калі жыцьцё само падкідвае такія факты.

Этычная мяжа вельмі індывідуальная, тлумачыць яна.

«Але відаць, што грамадзтва, у прыватнасьці пратэстоўцы супраць рэжыму, прымае гумар, і значыць, гэтае грамадзтва лічыць, што жартаваць у такой сытуацыі можна, хаця і з пэўнымі акалічнасьцямі».

«Гэта цяжкая і доўгая барацьба, але і ў яе ёсьць іранічны, вельмі сьмешны бок»

«Гумар вельмі часта выкарыстоўваецца менавіта для таго, каб нэгатыўныя эмоцыі пераплавіць у пазытыўныя, — так тлумачыць Анастасія Фядотава бум гумару падчас драматычных падзеяў у Беларусі. — Адна з найбольш пашыраных тэорый таго, як працуе гумар, — так званая „тэорыя палёгкі“. Яна гаворыць пра тое, што гумар — гэта магчымасьць выказаць тыя думкі, якія вельмі цяжка выказаць іншым спосабам, выказаць сур’ёзна. Магчымасьць пра штосьці жартаваць сьведчыць, што псыхіка чалавека здольная даць гэтаму рады. Бо калі чалавек ня можа ўвогуле ніяк выказаць свой боль, сваю незадаволенасьць, агрэсію, то гэта сапраўды можа прывесьці да цяжкіх псыхалягічных наступстваў».

Таксама гумар добра разраджае атмасфэру і зараджае яе пазытыўнымі эмоцыямі, упэўнена Анастасія Фядотава.

«Людзі разумеюць, што гэтая барацьба цяжкая, доўгая, але ў яе ёсьць вельмі іранічны, вельмі сьмешны бок. І безумоўна, гэта вельмі дапамагае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG