Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаяў катавальны аўтазак». Расказ менскага студэнта, якога жорстка зьбілі сілавікі і адрэзалі яму валасы


Аляксей Курачоў у шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT. BY
Аляксей Курачоў у шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT. BY

Аляксею Курачову 20 гадоў. Яго затрымалі ў Менску ў ноч на 13 жніўня і доўга білі — спачатку пры затрыманьні, потым у аўтазаку. Аляксей расказвае, што ў нейкі момант зрабіў выгляд, што страціў прытомнасьць, каб сілавікі перасталі яго біць. Толькі пасьля гэтага яму выклікалі хуткую. У шпіталі паставілі дыягназ: закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне галаўнога мозгу, сінякі, траўматычны шок 2-й ступені, пералом. Цяпер Аляксей праходзіць лячэньне ў Варшаве, але пасьля аднаўленьня мае намер вярнуцца ў Менск.

Пра тое, што адбывалася зь ім і зь іншымі пратэстоўцамі ўначы 13 жніўня, Аляксей расказаў «Настоящему времени».

— Вы можаце расказаць, як для вас пачынаўся дзень 12 жніўня і як вы пайшлі на вуліцу ў той дзень?

— Я быў дома ў бацькоў дзяўчыны. Прыблізна а пятай гадзіне вечара я выйшаў на вуліцу. Бачыў працэс перакрываньня дарог: людзі перакрывалі дарогі прыблізна на 10 хвілін, потым адпускалі кіроўцаў, кіроўцы зьяжджалі, удзячна сыгналілі. То бок усе людзі, якія праяжджалі, былі салідарныя. Ну, і так нейкую колькасьць разоў людзі перакрывалі дарогі, гэта працягвалася нейкі час.

Потым я пазнаёміўся зь некалькімі пратэстоўцамі: вельмі прыемныя людзі, я быў прыемна ўражаны, вельмі цікавых пэрсанажаў там сустрэў. Яшчэ нейкі час пагуляў там на раёне. Я стаяў, напэўна, гадзіны дзьве-тры, магчыма чатыры, і вырашыў вяртацца дадому. Бачу — ідзе працэсія, таксама пратэстоўцаў. Я падумаў, што не магу не паглядзець на такую выдатную праяву.

Пайшоў зь імі. Мы прайшлі недалёка ад Камароўкі, павярнулі, абышлі раён. Акцыя насіла выключна мірны характар, і ўсё, што там было — песьні, анэкдоты — карацей, весялосьць рознага пляну бязь нейкай шкоды дзяржаве або каму-небудзь зь людзей. У нейкі момант прыяжджае раварыст, таксама з гэтай працэсіі, і кажа, што сюды едуць аўтазакі. Людзі паціху пачынаюць разыходзіцца хто куды.

Я таксама вырашыў канчаткова на сёньня — я вельмі стаміўся тады — што пайду дадому. Ну, і ў нейкі момант бачу: бяжыць калёна людзей праз гэтыя двары, і за імі ідзе нейкая дзяўчынка. Я некалькі разоў спытаў у дзяўчынкі: «Там міліцыя?» Яна маўчыць. І тут ззаду на мяне накідваецца нейкі чалавек. Адзінае, што я пра яго памятаю, гэта яго шэрая кофта. Ён быў досыць моцны, загадаў мне: «Рукі за сьпіну». Я заклаў рукі за сьпіну, ён перацягнуў мне рукі, нагнуў нізка і вядзе. З-за дома, які побач, выбеглі тры цалкам экіпаваныя амапаўцы, мне прыляцела па твары берцамі. Потым астатнія двое пачалі мяне біць дубінамі. Я кажу: «Хлопцы, я не супраціўляюся». Яшчэ пару ўдараў яны нанесьлі, падхапілі пад рукі. З дамоў крычаць: «Што вы робіце?» Амапаўцы адказваюць: «Ды яны хутка будуць вам „кактэйлі Молатава“ ў вокны кідаць». А людзі кажуць: «Пра што гаворка, якія «кактэйлі Молатава?» Але яны бачаць мой целасклад і бачаць цалкам экіпаваных агрэсіўных амапаўцаў — ну, вядома, гэта досыць маляўніча ілюстравала абсурднасьць іх словаў.

Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амапаўцаў, мяне называюць підарам і садзяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: «Мордай у падлогу». Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: «Жары валасы». Я маўчу, яны кажуць: «Жары валасы», я маўчу. Яны кажуць: «Складай валасы ў кішэню». Я склаў валасы ў кішэню. Яны забіраюць у мяне тэлефон, працягваюць мяне біць. Я спрабую закрывацца, але яны рукі мае фіксуюць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах. Задаюць пытаньні нейкія, кшталту: «Хто табе заплаціў?» Я кажу: «Мне ніхто не заплаціў». Яны кажуць: «Хто твой каардынатар?» Я кажу: «У мяне наогул няма ніякага каардынатара, я толькі чытаю тэлеграм-каналы».

Адзін з гэтых амапаўцаў у гэты час гартае мой тэлефон — я ня ведаю, як ён яго разблякаваў, як ён разблякаваў мой тэлеграм, але ён нейкім чынам гэта зрабіў і кажа: «Ты мяне ўсё больш і больш злуеш». Я пытаю: «Чаму?» Ён кажа: «Ты чаму пішаш свайму сябру такое паведамленьне підарскае?» А я яму напісаў: «Дабранач, брацішка». Адзін з гэтых супрацоўнікаў дастаў дубіну і зафіксаваў яе ў мяне паміж ягадзіцамі, кажа: «Хочаш, мы зь цябе зараз пеўніка зробім?» Я кажу: «Не хачу». Іншыя б’юць. Гэта чаргуецца з пытаньнямі па тыпу такіх, якія я вам ужо казаў: пра тое, колькі мне заплацілі — гэта ў іх самая галоўная такая ідэя, што мне нехта заплаціў грошы.

Потым яны ў мяне спыталі, дзе я вучуся, дзе працую, што скончыў. Я ім усё гэта расказаў. Яны задаюць пытаньні, потым пачынаюць біць. Б’юць-б’юць-б’юць, потым у нейкі момант спыняюцца, задаюць пытаньні, адказваю, б’юць-б’юць-б’юць. Сказалі прасьпяваць гімн рэспублікі. Я прасьпяваў. Выявілася, што я ня ведаю другі куплет. У нас рэжым мала хто [любіць], чалавек у гэтай ідэалёгіі ня ўдзельнічае, то бок дзяржава для многіх чыста фармальная. Многія перастаюць неяк сябе зь ёю асацыяваць, я сябе абсалютна зь ёю не асацыюю. Але я дакладна ведаю, што мая радзіма — гэта Беларусь, але канкрэтна з дадзеным рэжымам, дзяржавай я сябе ніколькі не асацыюю. І ў сувязі з гэтым не лічу патрэбным зьвяртаць увагу на такія атрыбуты, як гімн. Ім вельмі гэта не спадабалася, і яны за гэта мне асобна выдалі як сьлед. І яны б’юць па тых самых месцах, яны ведаюць, па якіх месцах ужо білі, гэта вельмі балюча, проста невыносна балюча. Ну, паралельна неяк зьдзекуюцца — нагамі твар прыціскаюць — усякае такое. Мы прыблізна хвілін 40 вандравалі ў аўтазаку ў такім рэжыме.

Мы кудысьці прыяжджаем. У аўтазак заходзіць чалавек у балаклаве, кажа: «Расказвай усю праўду, усё як ёсьць. Калі будзеш нешта хлусіць, я цябе пакіну сам-насам з гэтымі джэнтльмэнамі. Хто табе заплаціў грошы? Хто твой каардынатар?» Я кажу: «Мне ніхто грошай ніякіх не плаціў. Я чытаю тэлеграм-каналы, каардынатара ў мяне такога, якога я магу расказаць, наогул няма. Такіх каардынатараў не існуе ў прыродзе».

Пасьля гэтага мяне з аўтазака выкінулі і падхапілі адзін спэцназавец і адзін амапавец. Тое, што гэта спэцназавец, я зразумеў, калі расказваў гэта свайму адвакату. Я яму апісаў яго форму, ён сказаў, што гэта спэцназ быў. Гэты спэцназавец мне даў у вуха, ён мне сказаў, што мяне расстраляюць. Я першы раз яму нічога не адказаў, і пасьля гэтага ён мне празь нейкі час даў у вуха, і пасьля гэтага ў мяне маўленьне парушылася. Я пачаў мармытаць. Я спрабаваў нешта сказаць, у мяне не выходзіла нічога. Я вымаўляў словы, але неяк вось так, у такім духу.

Гэтыя двое мяне падвялі да афiцэраў, тыя пытаюцца: «Расказвай усё ад свайго нараджэньня, што рабіў, як тут апынуўся». Я ім кажу: «Я вам раскажу ад сёньняшняга вечара». Апісаў ім усю тую самую гісторыю, як апынуўся тут. Яны пытаюцца: «Ён што, пад наркатой?» А амапавец кажа: «Так, ён пад наркатой, нейкія вочы ў яго, калі мы яго злавілі, былі шкляныя». Хоць пра гэта ніякай гаворкі не ішло дагэтуль. Яны адзін у адным падтрымліваюць вось гэтую ідэю, што яны ловяць наркаманаў, праплачаных. Яны адзін у адным, ня ведаю, сьвядома ці несьвядома, але падтрымліваюць гэтую ідэю — салідарныя ў тым, што сапраўды ўсе там наркаманы. Хоць я так нешта мармытаў пасьля таго ўдару спэцназаўца ў вуха.

Далей мяне зноў яны падхапілі, спэцназавец і амапавец, якія мяне туды прывялі. І спэцназавец загаварыў гэтую сваю любімую пагрозу, што мяне расстраляюць. Я кажу: «Не расстрэльвайце мяне». Ён кажа: «Цябе па законе расстраляюць, мы цябе расстрэльваць ня будзем». Пасьля гэтага амапавец сказаў, што гэта былі яшчэ кветачкі — тое, што ў мяне было ў аўтазаку. Але гэта кветачкамі цяжка назваць.

Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, таксама крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. І мне амапавец кажа: «Табе зараз дастанецца, як гэтаму тоўстаму». Я чую адтуль крыкі чалавека. Яны мяне закідваюць у гэты аўтазак, там мяне піхаюць у канец аўтазака, а ў гэтым часе некалькі цалкам экіпаваных амапаўцаў зьбіваюць гэтага чалавека. Яму прыблізна гады 22, напэўна, можа, 20. Яго б’юць-б’юць-б’юць, проста малоцяць, часам задаюць пытаньні тыпу: «Які пароль ад тэлефона?» Потым б’юць, пытаюцца: «Дзе ты працуеш?» Ён кажа: «Працую там і там». Яго месяць-месяць-месяць. І ён празь нейкі час гэтага зьбіцьця кажа: «Мужыкі, я ўжо крычаць не магу». А яму кажуць: «Не крычы, значыць». І працягваюць яго біць. Я ня ведаю, нейкі час яго яшчэ ў такім рэжыме зьбівалі, потым выкінулі з аўтазака. Пасьля чаго да мяне падыходзіць амапавец, б’е мне берцамі па твары, загадвае: «Мордай у падлогу».

Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. У гэтым аўтазаку ад мяне ўжо нічога не хацелі — ні даведацца, дзе мой каардынатар, ні храна. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Ну і паралельна мой крык перадражніваў адзін малады амапавец, тыпу: «Так-так». Гэта сьведчыць аб тым, што чалавек чагосьці не разумее, адназначна чагосьці не разумее. Ну і мяне так зьбіваюць нейкі час, я крычу. Ніякага дыялёгу, нічога ім ужо ад мяне ня трэба, гэта значыць было чыстае катаваньне. Проста катаваньне, я ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў — для катаваньняў і зьбіцьця. Я ня ведаю, зь якой мэтай яны гэта рабілі.

— Калі б вы маглі сабе ўявіць, што вам давядзецца сутыкнуцца з гвалтам у такім выглядзе, вы б лепш засталіся дома 12 жніўня?

— Не, я ні ў якім разе ня мог бы застацца дома. І не застаўся б, не зьбіраюся. Але я быў бы значна больш акуратны. Я ведаў, што такое можа здарыцца, але я ня ведаў, што будзе такі трэш. І я цяпер ведаю, што можа быць такі трэш, што яны ў прынцыпе і забіць могуць. Яны могуць выпадкова забіць. Мяне перасталі біць, калі я ўжо перастаў крычаць: я сэкундаў 10, можа, не крычаў, яны мяне працягвалі зьбіваць. І я чуў гісторыю, калі яны дубінамі па галаве білі некалькі разоў. Іх ніхто не кантралюе, а іх дурасьці і злосьці хопіць для таго, каб чалавека забіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG