Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі
Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі

Эўразьвяз ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам. Судовы канвэер. Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:55 15.9.2020

Заснавальнік Wargaming распавёў, ці зьбіраецца кампанія сыходзіць зь Беларусі

На пытаньне, як будзе існаваць Wargaming як найбуйнейшая IT-кампанія Беларусі «ў новай палітычнай рэчаіснасьці» і ці зьбіраецца кампанія зьяжджаць зь Беларусі Віктар Кіслы адказаў:

«Я не казаў, што мы будзем перамяшчаць кампанію. Але ёсьць група распрацоўнікаў, якая можа захацець пераехаць. Яны могуць падысьці да мяне і пагаварыць. Калі яны адчуваюць, што ім будзе камфортней у іншым месцы, то мы як кампанія ўсім ім дапаможам. А як будзе выглядаць будучыня, у мяне няма такіх зьвестак».

У канцы інтэрвію Віктар Кіслы яшчэ раз падкрэсьліў: «Зь Менску мы нікуды сыходзіць не зьбіраемся». Цалкам чытайце тут.

15:50 15.9.2020

Студэнцкія акцыі ў Менску: чытаньне вершаў, пэрформанс з завязанымі вачыма, песьні і «ланцуг салідарнасьці»

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі. Студэнты з завязанымі вачыма трымалі ў руках вытрымкі зь беларускіх законаў, якія «груба парушаюцца штодня».

Тым часам у Менску студэнты хімічнага факультэту БДУ сьпяваюць «Тры чарапахі».

Каля БДУІР цяпер студэнты чытаюць вершы, а на гістарычным факультэце БДУ студэнты і выкладчыкі сталі ў «ланцуг салідарнасьці».

15:48 15.9.2020

Вольгу Кавалькову прынялі ў Стакгольме

Міністарка замежных справаў Швэцыі Эн Ліндэ ў панядзелак прыняла ў Стакгольме сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Беларусі Вольгу Кавалькову.

Эн Ліндэ асудзіла «непрымальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі» і абмеркавала з Кавальковай шляхі да нацыянальнага дыялёгу. Міністарка назвала сустрэчу «плённай» і апублікавала фота з Кавальковай у сябе ў Twitter.

15:46 15.9.2020

Штрафы журналістам у Менску і Бабруйску

Журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага аштрафавалі на 1375 рублёў кожнага за «парушэньне заканадаўства аб СМІ» (справу аб «непадпарадкаваньні міліцыі» «адправілі на дапрацоўку»), паведамляе БАЖ. Іх трымалі ў няволі з 12 верасьня.

У Бабруйску аштрафавалі на 270 рублёў Ірыну Купцэвіч — журналістку Reform.by. Яна прызнала віну ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу 6 верасьня, піша Tut.by.

Тым часам справу затрыманага разам з журналістамі Уладзімерам Грыдзіным і Раманам Васюковічам Ягора Калягіна «адправілі на дапрацоўку», але зноў могуць судзіць — да 18 гадзінаў судзьдзя сказала быць адвакату ў судзе.

15:19 15.9.2020

Выпускнікі, выкладчыкі і студэнты акадэміі музыкі далучыліся да кампаніі #FreeKalesnikava

Тысяча выпускнікоў, выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі далучыліся да кампаніі #FreeKalesnikava, абвешчанай беларускім Свабодным тэатрам. Яны падпісалі адкрыты ліст у абарону Марыі Калесьнікавай з патрабаваньнем спыніць яе незаконны перасьлед.

Сярод падпісантаў ляўрэаты міжнародных конкурсаў, вядомыя ў Беларусі і сьвеце кампазытары, выканаўцы і дырыжоры, паведаміў ініцыятар кампаніі Мікалай Халезін, разьмясьціўшы адкрыты ліст на сваёй старонцы ў Facebook.

15:15 15.9.2020

Горадзенскаму анархісту далі папярэджаньне за несанкцыянаванае мерапрыемства пад судом

Горадзенскаму анархісту Ігару Банцару, якога затрымалі сёньня каля абласнога суду, далі папярэджаньне за несанкцыянаванае мерапрыемства пад судом і выпусьцілі.

Ігар Банцар 15 верасьня прыйшоў на абскарджваньне свайго ранейшага пакараньня – арышту на 10 дзён за ўдзел у недазволеным мітынгу. Банцара не пусьцілі ў суд у шортах. Ён стаў пад будынкам суду са сьветла-ружовым сьцягам і танцаваў пад музыку. Зь ягоных словаў, пэрформанс сымбалізаваў фарс судовай сыстэмы. Цяпер ён у Ленінскім РАУС Горадні.

15:12 15.9.2020

ПАРЭ: Празрыстае і бесстароньняе расьсьледаваньне дзеяньняў сілавікоў — першы крок для аднаўленьня даверу грамадзян Беларусі да ўладаў

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт у дачыненьні да грамадзян, вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў пратэстаў і пачаць празрыстае і бесстароньняе расьсьледаваньне ўсіх шматлікіх выпадкаў гвалту і жорсткасьці з боку сілавікоў з мэтай прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых, гаворыцца ў дэклярацыі, прынятай 15 верасьня сталым камітэтам ПАРЭ, паведамляе БелаПАН.

У ПАРЭ таксама лічаць, што Беларусі неабходны «дэмакратычны, шырокамаштабны і інклюзіўны палітычны дыялёг» з паўнавартасным удзелам у ім грамадзянскай супольнасьці для мірнага выхаду з крызісу. У краіне неабходна правесьці рэформы, пачынаючы з канстытуцыйнай і выбарчай, адзначаецца ў дэклярацыі.

Дэклярацыю падтрымалі 24 краіны, супраць выказалася толькі Расея.

15:10 15.9.2020

Унівэрсытэт Палацкага ў Чэхіі выдзяляе стыпэндыі беларускім студэнтам і навукоўцам. Можна пачаць ужо ў лютым

Унівэрсытэт Палацкага ў Оламоўцы выдзеліў стыпэндыі для 5 студэнтаў і 3-4 навукоўцаў зь менскага БДУ і Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Для студэнтаў – чатырохмесячная стыпэндыя ў 800 эўра на месяц. Для навукоўцаў – месячная стажыроўка ў Оламоўцы з аплатай у 3500 эўра. І студэнты, і навукоўцы атрымаюць дапамогу на праезд у памеры 275 эўра. Першыя стыпэндыяты могуць прыбыць у Оламоўц у лютым 2021.

Раней сёлета ўнівэрсытэт імя Масарыка ў Брно заявіў пра адкрыцьцё стыпэндыяльнай праграмы для студэнтаў і дасьледчыкаў зь Беларусі, якія зазнаюць перасьлед.

15:08 15.9.2020

«Сядзіць, бо беларус». Як вядомаму спартоваму журналісту Сяргею Шчурко далі 15 сутак

Журналіст Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь а 13-й гадзіне панядзелка. Пасьпеў напісаць, што да яго едуць супрацоўнікі Першамайскага РУУС на размову. Што адбылося далей, невядома.

У Першамайскім судзе Менску Свабодзе паведамілі, што ў другой палове дня 14 верасьня быў суд. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў Сяргея Шчурко ў парушэньні артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Адваката на працэсе не было. Ад вечара панядзелка журналіст Сяргей Шчурко на Акрэсьціна.

Спартоўцы і калегі-журналісты кажуць, што Сяргей хадзіў на нядзельныя маршы. Але забралі журналіста з дому. Гісторыя цалкам па спасылцы.

14:59 15.9.2020

Кіраўнік дыпмісіі Эўразьвязу: Лукашэнка – незаконны прэзыдэнт Беларусі

Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу
Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу

Пра гэта 15 верасьня на плянарнай сэсіі Эўрапарлямэнту заявіў Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу.

Паводле яго, «для ЭЗ сытуацыя зразумелая: прэзыдэнцкія выбары суправаджаліся махлярствам» і эўрапейскія санкцыі супраць беларускага рэжыму павінны быць прынятыя самае позьняе на наступным тыдні.

Жузэп Бурэль адзначыў масавыя адвольныя затрыманьні пасьля выбараў, гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў і затрыманьне ўсіх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, за выключэньнем Сьвятланы Алексіевіч.

Паводле яго, выйсьце — у палітычным дыялёгу паміж уладамі і грамадзтвам. Пачатку такога дыялёгу магла б спрыяць назіральная місія АБСЭ. «Аднак мы не змаглі зьвязацца зь беларускімі ўладамі ні на якім узроўні», – дадаў ён.

Паводле яго, стасункі зь Беларусьсю ў пэўных сфэрах могуць быць спыненыя альбо скарочаныя.

14:57 15.9.2020

Вярхоўная Рада Ўкраіны асудзіла гвалт уладаў Беларусі над удзельнікамі мірных акцый пратэсту

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла заяву аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, у якой дэпутаты большасьцю галасоў асудзілі гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў і заклікалі беларускія ўлады да цывілізаванага і дэмакратычнага дыялёгу з грамадзтвам.

Чытаць далей

14:55 15.9.2020

«Наша ніва» знайшла сьведак апошніх дзён пратэстоўца, якога знайшлі павешаным. Яны бачылі яго пабітым

«Наша ніва» апублікавала сваё дасьледаваньне сьмерці футбольнага фаната з Маладэчна Мікіты Крыўцова, якога знайшлі павешаным пасьля акцыі пратэсту 9 жніўня. У гэтай інфармацыі выданьне спасылаецца на сяброў загінулага.

14:55 15.9.2020

12 беларускіх IT-кампаній вырашылі «эміграваць» у Латвію

Беларускія эмігранты ў Рызе на акцыі салідарнасьці. Архіўнае фота.
Беларускія эмігранты ў Рызе на акцыі салідарнасьці. Архіўнае фота.

Рашэньне аб пераносе дзейнасці ў Латвію па стане на 15 верасьня прынялі 12 беларускіх кампаній, якія прадстаўляюць галіну інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, а таксама «зялёную» энэргетыку, паведамілі агенцтву BNS у Міністэрстве эканомікі Латвіі.

Гэтыя кампаніі плануюць перавезьці ў Латвію каля 470 супрацоўнікаў, у асноўным прадстаўнікоў кіраўніцтва і ключавых спэцыялістаў.

Чытаць цалкам

14:53 15.9.2020

«Паказалі, што Лукашэнка стаіць на нагах ня так трывала, як Пуцін». Адмыслоўцы разабралі мову цела на сустрэчы ў Сочы

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы, 14 верасьня
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы, 14 верасьня

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Сочы, дзе яны абмеркавалі далейшыя пляны супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. Пуцін паабяцаў Беларусі 1,5 млрд даляраў фінансавай дапамогі, а Лукашэнка назваў Расею «старэйшым братам».

Аднак многія зьвярнулі ўвагу ня толькі на тое, пра што яны казалі, але і на тое, як яны сядзелі і як ладзілася іх камунікацыя. У сацсетках нават сталі зьяўляцца мэмы на гэтую тэму.

Мову цела двух кіраўнікоў тэлеканал «Дождь» абмеркаваў з аўтарам ютуб-каналу Mental, дасьледнікам невэрбальнай камунікацыі Сяргеем Бубовічам.

14:51 15.9.2020

Праваабаронцы Ўкраіны заклікалі ўрад падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 верасьня 2020 году.
Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 верасьня 2020 году.

Найбуйнейшыя праваабарончыя арганізацыі Ўкраіны заклікалі свой урад скасаваць для беларусаў абмежаваньні, якія датычаць тэрмінаў знаходжаньня замежных грамадзян на ўкраінскай тэрыторыі без атрыманьня віду на жыхарства ці статусу ўцекача.

Цяпер грамадзяне Беларусі, як і іншыя замежнікі, маюць права знаходзіцца ва Ўкраіне без рэгістрацыі цягам 90 дзён на паўгоду.

Праваабронцы прапануюць дазволіць беларусам, якія вымушаныя ўцякаць з краіны ад перасьледу ў пошуках бясьпекі, часова знаходзіцца ва Ўкраіне, але ня больш чым 360 дзён цягам аднаго каляндарнага году.

Чытаць цалкам

13:05 15.9.2020

На «плошчы Пераменаў» затрымалі мясцовага жыхара, які спытаў дакумэнты ў міліцыянтаў

На «плошчы Пераменаў» мясцовыя жыхары чарговы раз аднавілі графіці з дыджэямі, але 15 верасьня графіці зноў зафарбавалі. Затрымалі аднаго з жыхароў двара, піша Tut.by са спасылкай на відавочцаў.

Раніцай да адноўленага графіці прыйшлі мужчыны ў цывільным і балаклавах. Яны сабраліся зафарбоўваць мурал, але мясцовыя жыхары закрылі графіці сьпінамі. Аднаго зь мясцовых жыхароў Сьцяпана Латыпава затрымалі пасьля таго, як ён папрасіў людзей у балаклавах прадставіцца. Пасьля гэтага людзі ў балаклавах зацягнулі Латыпава ў бус.

12:39 15.9.2020

Горадня. Анархіста Ігара Банцара затрымалі каля абласнога суду

Ён прыйшоў на абскарджваньне свайго ранейшага пакараньня – арышту на 10 дзён за ўдзел у недазволеным мітынгу. Банцара не пусьцілі ў суд у шортах. Ён стаў пад будынкам суду са сьветла-ружовым сьцягам і танцаваў пад музыку. Зь ягоных словаў, пэрформанс сымбалізаваў фарс судовай сыстэмы. Цяпер ён у Ленінскім РАУС Горадні.

12:38 15.9.2020

У Горках адміністрацыйным арыштам і штрафам пакаралі дваіх прыхільнікаў пераменаў

Сяргея Рэндава асудзілі на 10 сутак, а Ларысу Самсонаву аштрафавалі на 675 рублёў (25 базавых велічыняў). Гэта пацьвердзілі ў судзе Горацкага раёну.

Актывістаў затрымалі 13 верасьня. Абаім інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ды непадпарадкаваньні міліцыі. Да суду ўтрымлівалі ў ізалятары. У судзе адзначылі, што прысуды абвінавачаным набудуць моц праз 10 сутак. За гэты час яны іх могуць абскардзіць.

Пазьней дачка Самсонавай высьветліла, што маці пакаралі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і яна застаецца пад вартаю, акрамя таго адмаўляецца ппымаць перадачы з харчамі. У судзе пацьвердзілі, што Самсонава пакараная за ўдзел у яшчэ адным несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

12:26 15.9.2020

У Менску судзяць фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна

У судзе Фрунзенскага раёну Менску праходзіць адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Ўладзем Грыдзіным. Іх вінавацяць ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Чытаць абнаўленьні

11:44 15.9.2020

У Гомлі журналістку пакаралі 10 днямі арышту

Учора, 14 верасьня, міліцыя затрымала гомельскіх журналістаў Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую.

Сёньня 15 верасьня Марыну Драбышэўскую цішком у Чыгуначным судзе. У раскладзе было відаць, што суд будзе ў 11:20, але ўжо ў 11:27 ад супрацоўнікаў суду стала вядома, што Драбышэўская пакараная арыштам на 10 дзён.

Паводле якога артыкулу асудзілі журналістку, невядома, хутчэй за ўсё за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Марына Драбышэўская супрацоўнічае з парталам «Сильные новости», яна асьвятляла гомельскія акцыі пратэсту

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG