Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.
Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.

28 дзень пратэстаў. Акцыя салідарнасьці студэнтаў, маршы жанчын у белым і чорным. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Што адбываецца ў Беларусі на 28-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

12:06 5.9.2020

Набажэнствы за мір у Беларусі правядуць хрысьціяне розных канфэсіяў

5 верасьня ў касьцёле Сымона і Алены ў Менску (Чырвоны касьцёл) у 19.00 будзе імша за ўсіх пацярпелых, забітых і зьняволеных падчас мірных акцый у Беларусі, а таксама іх родных і блізкіх.

У Горадні ўчора распачалася перэгрынацыя фігуры сьвятога Міхала Арханёла па катэдральных касьцёлах усіх дыяцэзіяў на Беларусі з просьбамі да хутчэйшага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне.

Праваслаўны мітрапаліт Веньямін заклікаў да малітвы за мір у Беларусі ва ўсіх цэрквах 6 верасьня а 17 гадзіне.

11:44 5.9.2020

Польская пракуратура расьсьледуе гвалт у дачыненьні да трох затрыманых у Беларусі палякаў

У Польшчы пракуратура пачала расьсьледаваньне арышту, зьбіцьця і катаваньняў трох палякаў у Беларусі. Іх затрымалі ў Менску 9 жніўня. Пра гэта паведамляе радыё RMF24.

Радыёканал паведамляе, што пацярпелыя мужчыны, вярнуўшыся зь Беларусі, прайшлі дэталёвае абсьледаваньне, судова-мэдычную экспэртызу, і іх траўмы былі пацьверджаныя заключэньнем экспэрта.

Пацярпелыя распавялі, як іх зьбівалі пры затрыманьні. Першыя 15 гадзін іх трымалі ў нейкім памяшканьні, падобным на спартзалу, з трыма сотнямі іншых затрыманых, дзе таксама білі і пагражалі расправай. Затым іх перавезьлі ў СІЗА Жодзіна. Вызваленыя яны былі 13 жніўня.

11:27 5.9.2020

Гімнастка Меліціна Станюта: «Я проста не магла маўчаць»

«Шмат у каго з нас у кожнай сям’і цяпер ёсьць той, хто быў на пратэстах або проста глядзеў, сядзеў дзесьці на лаўцы са сваёй дзяўчынай ці выходзіў у краму, а затым апынуўся ў аўтазаку», — сказала вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта ў інтэрвію The Guardian.

Станюта, якая ў Інстаграме асудзіла затрыманьні каля крамы symbal.by і ў выніку была вымушаная звольніцца з АНТ, сказала, што не разумее, чаму яе калегі-спартоўцы не выказваюцца публічна пра пасьлявыбарчыя падзеі ў Беларусі.

«Я проста не магла маўчаць, — сказала Станюта пра сваё выказваньне, якое каштавала ёй пасаду вядоўцы спартовай рубрыкі на тэлеканале. — Мае словы тычыліся толькі закона і таго, што мы жывем у дэмакратычнай краіне. Калі мы не парушаем закон, мы знаходзімся пад абаронай. Але калі вы стаіце ў чарзе ў краму, то вас могуць кінуць у аўтазак».

11:24 5.9.2020

Чатыры топ-мэнэджэры IT-кампаніі PandaDoc арыштаваныя ў Менску, кампанія заяўляе пра помсту ўладаў. ВІДЭА

У звароце на сайце savepandadoc.org прадстаўнікі кампаніі PandaDoc, якая трапіла пад перасьлед у сувязі з ініцыятывай працаўладкаваньня былых сілавікоў, якія звальняюцца на хвалі пратэстаў, запатрабавалі ад уладаў спыніць рэпрэсіі і вызваліць іхных калег.

Цяпер у зьняволеньні знаходзяцца 4 прадстаўнікі кампаніі:

  • Юлія Шардыка, галоўны бухгальтар
  • Дзьмітры Рабцэвіч, дырэктар
  • Віктар Куўшынаў, дырэктар прадукту
  • Уладзіслаў Міхалап, HR​

11:23 5.9.2020

Лукашэнку Расея ўжо трымае на кароткім павадку, — украінскі палітоляг

Украінскі палітоляг Яўген Магда ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што пасьля апошніх беларускіх падзеяў Аляксандра Лукашэнку ва Ўкраіне ўсур’ёз успрымаць ня будуць, і адказаў на пытаньне, ці будзе Кіеў дапамагаць беларускай апазыцыі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка дастаткова доўга змагаўся супраць таго, каб быць фактычна генэрал-губэрнатарам Белай Русі — але абставіны склаліся супраць яго.
  • Ва Ўкраіне Лукашэнку пасьля ягоных апошніх дзеяньняў усур’ёз успрымаць ня будуць.
  • У палітычным пляне Беларусь проста апынецца пад лапай расейскага мядзьведзя
  • Свае пазыцыі сярод украінцаў Лукашэнка незваротна страціў.
11:23 5.9.2020

Мітрапаліт Кандрусевіч з-за мяжы перадаў зварот у сувязі з пачаткам новай малітоўнай акцыі за мір у Беларусі

4 верасьня з Горадні распачалася перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па катэдральных касьцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне.

З гэтай нагоды кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёла мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які вымушана знаходзіцца за мяжой, бо беларускія ўлады не пускаюць яго ў краіну, парушаючы канстытуацыйнае права на свабоду перамяшчэньня, перадаў зварот.

«Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёння будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня,— піша мітрапаліт, —Зьвяртаюся да вас з гэтым пастырскім словам з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца па прычыне забароны вяртаньня на Радзіму.

Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртаньня да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаваньне, якое ахвярую ў інтэнцыі хучэйшага і мірнага вырашэньня грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні».

XS
SM
MD
LG