Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адказаў на зварот БХК аб масавых катаваньнях пратэстоўцаў міліцыянтамі


Траўмы Юрыя Панаморова пасля затрыманьня. Фота: spring96.org
Траўмы Юрыя Панаморова пасля затрыманьня. Фота: spring96.org

Сьледчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі звароту грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (БХК) па факце масавых катаваньняў людзей.

Гэта вынікае з адказу, які паступіў са Сьледчага камітэту ў БХК. Праваабаронцы патрабавалі ад СК расьсьледаваць катаваньні, а вінаватых — прыцягнуць да адказнасьці.

У звароце Беларускага Хэльсынскага камітэту гаварылася аб непрапарцыйным ужываньні сілы і спэцсродкаў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, а таксама аб масавых зьбіваньнях і катаваньнях затрыманых.

У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарату СК Сяргея Цішука сказана:

«Паколькі ў Вашым звароце адсутнічаюць зьвесткі аб канкрэтных злачынствах і іншых абставінах, падстаў для правядзеньня Сьледчым камітэтам праверкі непасрэдна па гэтым звароце і прыняцьця рашэньняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма».

«Разам з тым па паведамленьнях і заявах, якія паступілі ў падразьдзяленьні Сьледчага камітэту ад грамадзян, аб незаконным прымяненьні супрацоўнікамі праваахоўных органаў фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў, і заявах, якія паступяць у далейшым, у цяперашні час праводзяцца і будуць праводзіцца праверкі, аб выніках якіх заяўнікі будуць апавешчаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку», — запэўніў Цішук.

Камэнтуючы афіцыйны адказ Сьледчага камітэту, БХК адзначае:

«Для пачатку мы хочам нагадаць, што згодна з арт. 12 Канвэнцыі супраць катаваньняў кожная дзяржава-ўдзельніца забясьпечвае, каб яе кампэтэнтныя органы праводзілі хуткае і бесстароньняе расьсьледаваньне, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што катаваньне была прыменена на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй».

«Мы лічым, што хуткае і эфэктыўнае расьсьледаваньне ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам магчымае толькі ў рамках узбуджанай крымінальнай справы», — гаворыцца ў камэнтары БХК. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам (КПК) крымінальная справа ўзбуджаецца пры наяўнасьці нагод і падстаў.

«Нагодай сталася наша паведамленьне (паведамленьне службовых асоб дзяржаўных органаў, іншых арганізацый — пункт 3 артыкула 166 КПК і арт. 170 КПК), а таксама шматлікія заявы грамадзян аб ужываньні да іх катаваньняў, гвалту і жорсткага абыходжаньня (на момант падачы нашага паведамленьня ўжо было вядома больш як пра 700 такіх заяў, пададзеных у тэрытарыяльныя аддзелы СК), мноства паведамленьняў аб злачынствах у СМІ. Падставай — наяўнасьць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, пры адсутнасьці акалічнасьцяў, якія выключаюць вядзеньне па крымінальнай справе», — адзначаюць у БХК.

«Мы перакананыя, што цяпер у Сьледчага камітэту дастаткова дадзеных для распачынаньня крымінальнай справы. Гэта і шматлікія заявы грамадзян аб катаваньнях, якія паступілі ў тэрытарыяльныя аддзелы СК. Гэта і публікацыі ў СМІ, шматлікія фота- і відэаматэрыялы, а таксама мэдычныя дакумэнты, якія сьведчаць аб характары і ступені цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў і акалічнасьцях, пры якіх яны былі атрыманыя», — гаворыцца ў камэнтары праваабарончай арганізацыі.

Там падкрэсьліваюць, што «замест прыняцьця абгрунтаванага і законнага працэсуальнага рашэньня СК адказаў на паведамленьне аб злачынстве, пададзенае ў рамках КПК», як на зварот, пададзены ў парадку закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG