Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26-ы дзень пратэстаў. Лукашэнка замяніў сілавікоў. Арышты тэлевядоўцаў. Журналісты ў няволі. Студэнты пагражаюць страйкам

Што адбываецца ў Беларусі на 26-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.


Пратэст студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску
23:17 3.9.2020

Журналістаў будуць судзіць з раніцы 4 верасьня

Стала вядома, калі будуць судзіць затрыманых 1 верасьня журналістаў. Заўтра раніцай, не пазьней за 10-ю гадзіну, пачнуцца працэсы ў Кастрычніцкім судзе Менску, паведаміў Свабодзе адвакат Сяргей Зікрацкі. Самі журналісты пры гэтым будуць у ізалятары на Акрэсьціна – удзельнічаць яны будуць па відэасувязі.

22:50 3.9.2020

Брытанія і Канада заклікалі беларускія ўлады забясьпечыць свабоду СМІ

Вялікая Брытанія і Канада выступілі перад Пастаяннай радай АБСЭ з сумеснай заявай з нагоды сытуацыі з журналістамі і незалежнымі СМІ ў Беларусі, а таксама выказалі сваю занепакоенасьць беларускаму МЗС.

У заяве гаворыцца пра ўзмацненьне ціску на незалежныя СМІ на мінулым тыдні, згадваецца блякаваньне сайтаў СМІ, затрыманьні журналістаў для праверкі акрэдытацыі, дэпартацыя некаторых зь іх зь Беларусі, абвінавачаньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях. «Беларусь павінна цалкам выконваць свае абавязацельствы ў рамках АБСЭ, у тым ліку па свабодзе СМІ», падкрэсьліваецца ў заяве.

22:30 3.9.2020

У Гомлі зьнікла журналістка. Калегі знайшлі яе ў ізалятары

Днём 3 верасьня перастала выходзіць на сувязь гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яе сябры і калегі забілі трывогу. Выявілася, што журналістка цяпер знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Дзяжурны ізалятара адмовіўся казаць, зь якой прычыны затрымалі журналістку.

Ларысу Шыракову забіралі ў міліцыю на гэтым тыдні і склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП — нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 30 жніўня яна была на Маршы міру ў Гомлі ў якасьці журналіста. 3 верасьня Шчыракову павінны былі судзіць, але суд адклалі, бо адправілі пратакол на дапрацоўку.

У Шчыраковай ёсьць сын 13 гадоў. Калі яе забіралі на гэтым тыдні ў міліцыю, то пагражалі адправіць сына ў прытулак. У міліцыі журналістыцы зрабілася блага, яе шпіталізавалі, а потым выпісалі.

22:28 3.9.2020

«Што зрабіць, каб вы ініцыявалі імпічмэнт?». Дэпутат Варанецкі сустрэўся з выбарнікамі сваёй акругі

На сустрэчу з Валерам Варанецкім прыйшлі больш за 150 чалавек. Яны хацелі ўведаць яго стаўленьне да выбараў і жнівеньскіх падзеяў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі адразу пагадзіўся на прапанову выбарнікаў сустрэцца. Сам дамовіўся наконт месца — у Менскім раённым доме культуры. На сустрэчу зь ім прыйшлі больш за 150 чалавек, крэслаў хапіла ня ўсім.

Гаворачы пра выбарчую кампанію, Валер Варанецкі выказаў шкадаваньне, што беларускае заканадаўства дазваляе абскарджваць вынікі выбараў толькі ў ЦВК.

«На жаль, я думаю, большасьць людзей мяркуе, што выбары былі праведзеныя такім чынам, што яны не выклікаюць даверу ў грамадзян, — сказаў Варанецкі. — Адказнасьць за гэта ляжыць на Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўладзе... Заканадаўства аб выбарах павінна быць кардынальна зьмененае і адпавядаць тым патрабаваньням, якія прад’яўляюцца да выбараў міжнароднымі арганізацыямі і намі з вамі. Мы павінны быць упэўненыя, што нашыя галасы ня скралі, не сфальсыфікавалі». Рэпартаж з сустрэчы цалкам чытайце па спасылцы.

22:03 3.9.2020

У Беларусі 3 верасьня затрымалі звыш 10 чалавек — «Вясна»

Трэцяга верасьня ў Беларусі працягваюцца кропкавыя затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

  • Каля амбасады Расейскай фэдэрацыі ў Менску міліцыянты затрымалі Валянціну Голубеву. Выкладчыца ангельскай мовы, якая раней выкладала ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, выйшла да амбасады на адзіночны пікет з плякатам «Лепшая дапамога РФ — не падтрымліваць дыктатара». Цяпер сын Голубевай разам з адвакаткай шукаюць, у які РУУС яе павезьлі.
  • Падчас акцыі журналістаў каля Міністэрства ўнутраных спраў затрымалі фатографа Tut.by Зьмітра Брушко. Яго завезьлі ў Кастрычніцкае РУУС, дзе раней утрымлівалі схопленых падчас студэнцкай акцыі журналістаў. Празь некалькі гадзінаў Брушко адпусьцілі. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства, ён нібыта штурхнуў супрацоўніка міліцыі, паведамляе Tut.by.
  • Таксама сёньня ў Менску затрымалі Аляксея Лазаркевіча і Паўла Касьпяровіча (быў загорнуты ў сцяг), іх павезьлі ў Першамайскае РУУС.
  • Каля дварца Чыгуначнікаў на вуліцы Чкалава затрымалі Ніну Бялінскую разам з хлопцам, у іх у руках быў бел-чырвона-белы сьцяг.
  • Увечары на Лагойскім тракце затрымалі некалькі чалавек, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці. Вядома мінімум пра трох затрыманых: гэта Яўгенія Верамейчык, Багдан Маліноўскі і Аляксей (прозьвішча пакуль невядомае). Паводле сьведкаў, пры затрыманьні Аляксея каля гандлёвага цэнтру «Норд сіці» распылілі пярцовы балёнчык яму ў твар. Хутчэй за ўсё затрыманых павезьлі ў РУУС Савецкага раёну.
  • На плошчы Незалежнасьці затрымалі Аляксандру Абрамчык.
  • Затрымалі Ганну і Сяргея Абрамянковых, іх даставілі ў Першамайскі РУУС, Ганну неўзабаве адпусьцілі, а Сяргея даставілі ў ізалятар на Акрэсьціна.
  • У межах крымінальнай справы днём у Менску затрымалі Ўладзімера Палёгенькага. Дома ў яго прайшоў ператрус, мужчыну забралі на допыт у Сьледчы камітэт.
  • У Магілёве затрымалі Віталя Шаталава, які раней ужо быў затрыманы і зьбіты. Ён ішоў у Сьледчы камітэт, бо раней ён падаў туды заяву на завядзеньне крымінальнай справы супраць міліцыянтаў за зьбіцьцё. Там яго затрымалі супрацоўнікі АМАП і адвезьлі, як мяркуецца, у Ленінскае РАУС.
21:52 3.9.2020

Мітрапаліт Кандрусевіч: Усе мы патрабуем перамен

У менскай Архікатэдры 3 верасьня адбылася супольная малітва каталіцкіх сьвятароў гораду. Яны маліліся аб вяртаньні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады не пускаюць у Беларусь.

Таксама было зачытана слова арцыбіскупа, скіраванае ім з выгнаньня. У звароце былі наступныя словы:

«Усе мы, біскупы, сьвятары, кансэкраваныя асобы, сьвецкія вернікі і грамадзтва ў цэлым патрабуем перамен. Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада зьяўляецца здаровай. Лацінскі выраз ясна кажа: Qui non progredit, regredit — „Хто не ідзе наперад, вяртаецца назад“. Мы пакліканы разьвівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадзкім жыцьці».

Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў спадзяваньне, што праблемы, зь якімі сутыкнулася Беларусь, будуць вырашаны мірным шляхам.

«Таксама спадзяюся на маё хуткае вяртаньне на Радзіму, каб зноў быць разам з вамі і служыць Касьцёлу ў Беларусі непасрэдна, а не з-за мяжы», — казалася ў звароце.

21:17 3.9.2020

Рада адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы заклікала Лукашэнку вызваліць Лілію Ўласаву

Прэзыдэнт Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы Ранка Пэлікарыч накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай вызваліць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву. Тэкст ліста распаўсюдзіла прэс-служба Рады.

Ад імя Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы, якая прадстаўляе 45 краін і больш чым мільён эўрапейскіх юрыстаў, Ранка Пэлікарыч «выказвае сур’ёзную занепакоенасьць фактам арышту юрыста Ліліі Ўласавай». Ён заклікае Лукашэнку спыніць які-кольвек палітычны перасьлед Ліліі Ўласавай, паколькі мяркуе, што яе затрыманьне грунтуецца на яе законнай дзейнасьці ў якасьці юрыста.

У заяве падкрэсьліваецца, што Ўласава вядомая як адна з ініцыятарак стварэньня інстытуту мэдыяцыі ў Беларусі, а яе юрыдычная кампанія Vlasova, Mikhel & Partners заснаваная ў 1990 годзе як адна зь першых прыватных юрыдычных практык у Беларусі.

3 верасьня стала вядома, што на Ўласаву завялі крымінальную справу паводле арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»). Згодна са сьледзтвам, сума шкоды перавышае 600 тысяч рублёў. Санкцыі прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі. У справе праходзіць таксама яе сын Барыс, заснавальнік турыстычнай кампаніі «Мерлінтур».

20:13 3.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком расейскага ўраду Мішусьціным

«Я заўсёды казала і паўтараю, што сувэрэнітэт ня можа быць прадметам перамоваў ці торгу. Я сумняваюся, што любыя рашэньні і дамовы, якія могуць быць падпісаны Лукашэнкам, будуць прызнаныя новым урадам. Прычына гэтага вядомая: народ адмовіў Лукашэнку ў даверы», — цытуе Ціханоўскую яе Тэлеграм-канал «Пул Первой».

Пасьля сёньняшняй сустрэчы ў Менску Лукашэнка падзякаваў Расеі, якая «падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла сур’ёзна стабілізавацца». У сваю чаргу Мішусьцін заявіў: «У нас у многіх пытаньнях прагрэс, у тым ліку аб будучыні саюзнай дзяржавы, якая заснавана на абсалютна незалежнай пазыцыі нашых краін, але з адпаведнымі захадамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся»

20:08 3.9.2020

Латушка абмеркаваў у Польшчы магчымае пасярэдніцтва Эўразьвязу для выхаду з крызісу ў Беларусі

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павел Латушка абмеркаваў з кіраўніцтвам Польшчы магчымае пасярэдніцтва Эўразьвязу ў вырашэньні палітычнага крызісу ў Беларусі.

Як паведаміў Павал Латушка ў сваім Тэлеграм-канале, 2 і 3 верасьня ён сустрэўся ў Польшчы з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай галін улады краіны, уключаючы кіраўніка апарату прэзыдэнта, кіраўніка апарату прэм’ер-міністра,

намесьніка міністра замежных справаў, віцэ-маршалка польскага Сэйму, а таксама з чальцамі парлямэнту ад парлямэнцкай групы ў справах Беларусі.​

«Прадстаўлены асноўныя патрабаваньні грамадзкасьці, якія выказваюцца падчас шматтысячных маніфэстацыяў у розных гарадах Беларусі. Абмеркаваны падыход да магчымых мэдыяцыяў з боку Эўразьвязу для знаходжаньня выйсьця з крызісу. Прадстаўнікі польскіх уладаў падкрэсьлівалі важнасьць вырашэньня сытуацыі ў інтарэсах беларускага грамадзтва на ўнутрыпалітычным полі Беларусі», — паведаміў Латушка.

Акрамя таго, падчас сустрэч ён праінфармаваў польскі бок аб падыходах Каардынацыйнай рады да вырашэньня ўнутрыпалітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

20:07 3.9.2020

Выплаты ў бюджэт рэзыдэнтаў ПВТ вырасьлі на траціну за год. Цяпер дзясяткі ІТ-кампаніяў разглядаюць пераезд за мяжу

Рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў заплацілі за паўгода ў бюджэт 191,8 мільёна рублёў падаткаў. Гэта на 50 мільёнаў рублёў больш (+ 35,2%), чым за студзень-чэрвень мінулага года, піша dev.by са спасылкай на Міністэрства падаткаў і збораў.

Адзін рэзыдэнт ПВТ прынёс у бюджэт у сярэднім 234,8 тысячы рублёў або 100,6 тысячы даляраў. Кампаніі, зарэгістраваныя ў Менску, заплацілі 90% усіх падаткаў (174,1 мільёна рублёў). Агулам у ПВТ 886 кампаніяў.

Тым часам усё больш беларускіх ІТ-кампаніяў заяўляюць пра гатоўнасьць перанесьці бізнэс. Сотні ІТ-супрацоўнікаў затрымалі і зьбілі падчас пасьлявыбарчых мірных акцыяў пратэсту. Адсутнасьць у краіне інтэрнэту, блякаваньне онлайн-сэрвісаў паставілі пад пагрозу працу многіх беларускіх кампаніяў, выклікалі трывогу ў іхных амэрыканскіх і эўрапейскіх партнэраў.​

Чытаць далей.

19:46 3.9.2020

Жанчыны вяжуць сьцяг каля Нацыянальнага мастацкага музэю

19:42 3.9.2020

Журналісты ідуць з плякатамі да Кастрычніцкага РУУС

Каля 80 журналістаў рушылі да РУУС Кастрычніцкага раёну, дзе цяпер зьняволены фатограф TUT.BY Зьміцер Брушко.

Тым часам на плошчы Незалежнасьці людзі сталі ў „ланцуг салідарнасьці“.


19:26 3.9.2020

«Я салідарны з тым, што людзі абураныя», — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі

Падчас сустрэчы з выбарнікамі сваёй акругі 3 жніўня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі заявіў, што салідарны з пратэстоўцамі, якія абурыліся арганізацыяй сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

На сустрэчу з дэпутатам ад Сьвіслацкай акругі № 94 Валерам Варанецкім прыйшлі 150 чалавек. Сустрэча праходзіць у памяшканьні Менскага гарадзкога палацу культуры.

«Людзі мелі права абурыцца тым, як былі арганізаваныя выбары. І людзі маюць права на мірны пратэст. Мы ўсе павінны разумець, што гэтая краіна, гэтая зямля належыць народу. І некалі нашыя продкі абаранялі яе з кроўю, з потам, каб мы жылі на гэтай зямлі, будучы гаспадарамі. Народ — крыніца ўлады — мае права вызначаць, як жыць на гэтай зямлі», — сказаў Валер Варанецкі падчас сустрэчы.

«На жаль, замест таго, каб з разуменьнем падысьці да гэтага, выйсьці на дылёг, улады паказалі сілу. Быў пяройдзены рубікон. Тая чырвоная рыса, за якую пераходзіць было нельга. Канстытуцыя гарантуе нам павагу да нас, грамадзян. І катэгарычна не дапускае гвалту, катаваньняў», — дадаў дэпутат.

19:23 3.9.2020

«Я б цябе забіў. Такіх трэба забіваць». Журналіст з Горадні расказаў, як падчас пратэстаў яму зламалі рукі. ВІДЭА

Журналіста з Горадні Руслана Кулевіча затрымалі 11 жніўня разам з жонкай Тацянай у цэнтры гораду. Руслану зламалі абедзьве рукі і асудзілі на 7 дзён арышту. Пасьля вызваленьня сужэнцаў пачалі цкаваць і перасьледаваць.

Руслан Кулевіч — вядомы горадзенскі журналіст парталу Hrodna.Life і аўтар кніг з гісторыі Горадні. Увечары 11 жніўня Руслан з жонкай паехалі на роварах асьвятляць вулічныя пратэсты ў цэнтры гораду. Іх затрымалі ў краме. Журналіст быў у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса». Захоплівалі людзі ў чорным адзеньні і чорных балаклавах.

19:16 3.9.2020

Кіраўнік МУС Караеў ня выйшаў да журналістаў

Увечары 3 верасьня каля 50 журналістаў незалежных СМІ сабраліся ля будынку Міністэрства ўнутраных спраў, патрабуючы сустрэчы з кіраўніком ведамства Юрыем Караевым.​ Больш за двое содняў у няволі трымаюць шасьцёх журналістаў Tut.by, БелаПАН і «Комсомольской правды в Беларуси», якіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Як паведаміла генэральная дырэктарка «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна, ані міністар Караеў, ані іншыя афіцыйныя асобы на размову з журналістамі ня выйшлі. Але адказалі, што пры затрыманьні журналістаў падчас студэнцкага пратэсту 1 верасьня парушэньня заканадаўства не было. У выпадку нязгоды прапанавалі зьвяртацца ў пракуратуру.

«Прэса — гэта сьвятое. Юры Караеў», «Свабоду журналістам», «Рабілі сваю працу — апынуліся на Акрэсьціна» — з такімі плякатамі прысутныя журналісты Tut.by, «Онлайнеру», «БелаПАН», «Нашай нівы» і іншых мэдыя сталі насупраць будынку МУС.

Каля 18:17 невядомыя затрымалі і зьвезьлі фотакарэспандэнта Tut.by Зьмітра Брушка. Яго завезьлі ў Кастрычніцкае РУУС, дзе раней трымалі схопленых падчас студэнцкай акцыі журналістаў.

Міліцыя папрасіла журналістаў сысьці з пляцоўкі насупраць міністэрства, паведаміўшы, што гэта «рэжымны аб’ект».

50 чалавек з плякатамі разьмясьціліся на скрыжаваньні вуліц Гарадзкі Вал і Нямігі.

Пасьля журналісты рушылі да Міністэрства інфармацыі.

18:12 3.9.2020

«Миротворець» унёс Лукашэнку ў базу ворагаў Украіны

Украінскі цэнтар «Миротворець», які пачаў дзейнічаць адразу пасьля анэксіі Расеяй Крыму і ўвядзеньня войскаў на ўкраінскі Данбас, уключыў Аляксандра Лукашэнку ў базу асобаў, датычных да злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі, міру, бясьпекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку.

Аляксандар Лукашэнка пазначаны як «памагаты тэрарыстаў і расейскіх акупантаў» за тое, што адмовіўся выдаць Украіне затрыманых у Беларусі ўдзельнікаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» і перадаў іх Расеі.

Заява экс-прэзыдэнта Эўрапейскай Рады і колішняга прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска аб тым, што Аляксандар Лукашэнка вясной 2014 году прапанаваў стварыць і ачоліць украінска-беларускі зьвяз, каб спыніць баявыя дзеяньні на Данбасе, стала падставаю для абвінавачаньня ў замаху на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

18:01 3.9.2020

Маёр юстыцыі звольнілася зь Сьледчага камітэту праз «актыўную грамадзянскую пазыцыю»

Маёр юстыцыі Вольга Варчэня звольнілася праз «актыўную грамадзянскую пазыцыю» зь менскага гарадзкога ўпраўленьня Сьледчага камітэту. Рапарт на звальненьне за 18 жніўня Варчэня апублікавала ў сваім інстаграме.

«Колькі людзей, столькі думак. Хтосьці сказаў, што дарма, хтосьці — ганаруся, а хтосьці — збаялася. Найважнейшае: я ведаю, што для сябе зрабіла правільны і асэнсаваны выбар. Дзякуй усім, хто падтрымаў», — напісала Варчэня пад фота рапарту і службовага пасьведчаньня.

Варчэня адмовілася камэнтаваць сваё звальненьне Свабодзе. Паводле інфармацыі Tut.by, 5-гадовы кантракт зь ёю падпісалі ў 2019 годзе. Праз звальненьне яна мусіць сплаціць цалкам грошы, якія атрымоўваюць сілавікі пры заключэньні кантракту.

18:00 3.9.2020

Журналісты прыйшлі да МУС

Журналісты сабраліся каля Міністэрства ўнутраных спраў і патрабуюць сустрэчы зь міністрам Караевым. Гэта выклікана частымі затрыманьнямі журналістаў падчас акцыяў пратэсту. Цяпер там каля паўсотні чалавек.

Справы шасьці затрыманых падчас студэнцкага пратэсту журналістаў сёньня так і не давезьлі ў суд, яны застаюцца за кратамі больш за двое содняў.

17:57 3.9.2020

У дзяржаўных арганізацыях пачынаюць жорстка фільтраваць інтэрнэт

Інтэрнэт-правайдэр «Дзелавая сетка» паведаміў, што з 15 верасьня ў дзяржаўных органах і арганізацыях будуць заблякаваныя замежныя DNS-сэрверы. Гэта азначае, што будуць дасяжныя толькі дазволеныя беларускія вэб-сайты.

У паведамленьні на афіцыйным сайце кампанія спасылаецца на загад Апэратыўна-аналітычнага цэнтру № 408 ад 6 сьнежня 2019 году. 15 верасьня ён уступіць у сілу і будзе тычыцца ўсіх інтэрнэт-правайдэраў, упаўнаважаных пастаўляць інтэрнэт-паслугі дзяржаўным арганізацыям.

Паводле загаду ААЦ, пастаўнікі інтэрнэт-паслугаў для дзяржаўных арганізацыяў мусяць укараніць сыстэму апрацоўкі DNS-запытаў карыстальнікаў з выключэньнем прамога выкарыстаньня замежных DNS-сэрвэраў.

Сярод іншых захадаў кантролю за карыстальнікамі — абавязковы для правайдэра глыбокі аналіз пакетаў з дадзенымі ў рэальным часе. Гэта дазваляе, сярод іншага, выяўляць трафік віртуальных прыватных сетак (VPN — дазваляюць абыходзіць блякаваньне канкрэтных сайтаў. — РС), абмяжоўваць хуткасьць і якасьць трафіку (у тым ліку разнастайных мабільных праграм і мэсэнджараў).

17:25 3.9.2020

Тэлевядоўцу Дзьмітрыя Кахно асудзілі на 10 содняў арышту

3 верасьня тэлевядоўцу БТ Дзьмітрыя Кахно асудзілі на 10 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Судовы працэс над Дзьмітрыем Кахно прайшоў у Першамайскім раённым судзе Менску. Судзіў яго празь відэасувязь Максім Трусевіч.

Дзьмітры Кахно адразу хадайнічаў аб зьмякчэньні яму меры стрыманьня, бо мае 2-гадовага сына і цяжарную жонку.

Кахно судзілі за тое, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці 23 жніўня па праспэкце Незалежнасьці, трымаў на плячах бел-чырвона-белы сьцяг, выкрыкваў «Вядоўцы з народам». У якасьці доказу судзьдзя паказаў Кахно здымак з шэсьця ў Інстаграм.

«Бачна вам?» — перапытаў судзьдзя. «Так, бачна. Толькі ня бачу колькасьці лайкаў», — адказаў Дзьмітры Кахно.

Кахно расказаў, як яго затрымлівалі 1 верасьня: некалькі чалавек са зброяй да яго падбеглі ў двары дому, паклалі на дарогу, потым у мікрааўтобусе «як злачынцу, паставілі на калені».

Віну Дзьмітры Кахно прызнаў цалкам. Сказаў, што ўдзельнічаў у шэсьці з мэтай «выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю». Прызнаў, што на плячах у яго быў бел-чырвона-белы сьцяг.

Кахно судзілі ў кабінэце судзьдзі, не ў судовай залі. Сакратар суду сказала, што вольных заляў няма. У кабінэт упусьцілі толькі жонку і маці Кахно, а таксама 5 журналістаў.

Адвакат Антон Гашынскі даводзіў суду, што Дзьмітры Кахно «сацыяльна не небясьпечны». Адвакат кажа, што, выходзячы на шэсьце, Кахно рэалізаваў сваё канстытуцыйнае права на выказваньне думкі.

Суд вырашыў, што віна Кахно даказаная.

Дзьмітры Кахно зьвязвае сваё затрыманьне з пратэстам, які ён выказаў 2 месяцы таму пасьля затрыманьняў каля крамы Symbal.by, пасьля чаго звольніўся з працы.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG