Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск: Лукашэнка прапаноўваў аб’яднаць Беларусь і Ўкраіну пад сваім прэзыдэнцтвам. «Пул первого»: выдумка


Дональд Туск
Дональд Туск

Пра гэта былы кіраўнік польскага ўраду, цяперашні лідэр Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце Дональд Туск расказаў у інтэрвію выданьню Onet.pl

Лукашэнка — супольны прэзыдэнт Беларусі і Ўкраіны?

— Памятаю, я раней пра гэта не казаў, як Менск у тыя самыя гарачыя дні ўкраінскага крызісу стаў выконваць ролю своеасаблівага пасярэдніка паміж ЭЗ, Расеяй і Ўкраінай. Тады мне патэлефанаваў Лукашэнка, я ўсё яшчэ быў прэмʼер-міністрам, і ён наўпрост прапанаваў пераканаць ЭЗ, што ён можа быць гарантам мірнага вырашэньня ўкраінскай праблемы. І прапанаваў падтрымаць яго ідэю аб беларуска-ўкраінскім саюзе, каб ён быў прэзыдэнтам абедзьвюх краінаў.

Яму здавалася, што гэта адзіны спосаб стрымаць Расею ад яе агрэсіўных намераў. Ня дзеля Ўкраіны, а праз страх страціць уладу. У той час усе баяліся, што Расея ня спыніцца на анэксіі Крыму, і што Лукашэнка баіцца некантраляванага разьвіцьця падзей, ахвярай якіх можа стаць ня толькі Ўкраіна, але і Беларусь. І гэта таксама можа азначаць яго канец.

І вясной 2014 году, і ў любы іншы час Лукашэнка быў, ёсьць і будзе заўсёды на сваім баку. Хутчэй за ўсё, ён спрабаваў высьветліць, наколькі шырокае поле для яго гульні і ці можна ўцягнуць у яе Эўропу. Але трэба прызнаць, што ён і так адыграў станоўчую ролю ва ўкраінскай справе, незалежна ад таго, якой мы бачым яго матывацыю. Сёньня мы маем справу з Лукашэнкам, які ня толькі страціў мандат даверу многіх беларусаў, але і перайшоў другую «чырвоную рысу».

Ён ня толькі жорстка душыць уласнае грамадзтва, але і адназначна просіць у Расеі гарантыі бясьпекі. Я памятаю яго выступ 15 жніўня, калі ён сказаў: «Будзьце асьцярожныя ў Маскве, гэта таксама выльецца на вашу краіну, вы павінны мне дапамагчы». Ясьней сказаць нельга — прыйдзіце на дапамогу, бо я не змагу ўправіцца адзін.

Беларусь і Ўкраіна: адрозьненьні ў плянах Пуціна

— У Беларусі Крыму няма, Данбасу няма. Тут любое ўмяшаньне было б відавочнай агрэсіяй супраць Беларусі ў цэлым. Адкрыта антырасейскіх беларусаў няма. Абараняць меншасьць, як нібыта на Данбасе, у Беларусі немагчыма. Пуцін грае свой палітычны тэатар на карысьць сваёй грамадзкай думкі, заяўляючы, што гаворка ідзе пра абарону расейскай меншасьці альбо расейскамоўных украінцаў ад нацыяналістычнай Украіны. Гэтае апраўданьне ня можа быць выкарыстана ў Беларусі.

У гэтым сэнсе ў Пуціна менш месца для манэўру, чым у выпадку з Украінай. Са зразумелых прычын у Беларусі значна больш прысутнічае Расея, чым ва Ўкраіне. Але гэта ўскладняе рэалізацыю пазытыўнага сцэнару для абодвух бакоў. Ня думаю, што Пуцін вырашыў практычна прыйсьці на дапамогу Лукашэнку. У гэтым няма неабходнасьці. Пакуль армія і міліцыя ляяльныя і адданыя Лукашэнку, гэтых сілаў дастаткова для падаўленьня апазыцыі. Як будуць паводзіць сябе Расея і Пуцін, калі гэтая ляяльнасьць да Лукашэнкі будзе падарваная, што таксама магчыма, калі высьветліцца, што супраціў Лукашэнку зьяўляецца і ў сілавых міністэрствах? Я ня ведаю.

«Пуцін прыме сцэнар частковага кантролю над Беларусьсю без Лукашэнкі і з апазыцыяй пры ўладзе»

— Калі Пуцін пасьлядоўны і дзейнічае ў адпаведнасьці зь цяперашняй лёгікай, то ў яго не павінна ўзьнікнуць праблем з пошукам партнэраў, адказных і дастаткова бясьпечных з пункту гледжаньня расейскіх інтарэсаў. Прыхільнасьць Пуціна да Лукашэнкі, безумоўна, не сэнтымэнтальная.

Я ведаю, што Пуцін думае пра ўкраінскіх лідэраў у мінулым і ў сучаснасьці, альбо пра беларусаў і іх кіраўнікоў. Гэта не павага і прызнаньне. Зь яго пункту гледжаньня, незалежнасьць Украіны і сувэрэнітэт Беларусі — гэта непаразуменьні.

У Пуціна ўсё яшчэ ёсьць аргумэнты, каб прысутнасьць Расеі ў гэтых краінах была гарантаваная. Вось чаму маё разуменьне не падказвае мне такога сцэнару, каб Расея вырашыла дзейнічаць сілай. Калі нешта ня здарыцца ў самой Расеі. Я ня думаю, што Хабараўск стане інкубатарам дэмакратычнай «чумы», якая выкліча ў Пуціна нейкія вельмі нэрвовыя рэакцыі.

У Пуціна ў гэтым сэнсе ёсьць час. У Лукашэнкі значна менш часу. Пад Пуціным яго фатэль пакуль не гарыць. Пад Лукашэнкам — гарыць. Пры неабходнасьці Пуцін таксама прыме сцэнар частковага кантролю над Беларусьсю без Лукашэнкі і з апазыцыяй пры ўладзе.

Прапрэзыдэнцкі беларускі тэлеграм-канал «Пул первого» адрэагаваў на паведамленьне Дональда Туска пра колішнія прапановы Лукашэнкі іранічнай рэплікай: «Тут пішуць, што Лукашэнка ў 2014-м прапаноўваў стварыць Беларуска-Ўкраінскі Саюз і стаць яго прэзыдэнтам. Такой фантастыкай направа і налева дзеліцца Туск».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG