Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст студэнтаў у Менску 1 верасьня
Пратэст студэнтаў у Менску 1 верасьня

25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў

Што адбываецца ў Беларусі на 25-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:19 2.9.2020

Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга на судзе ў Менску. Яго вінавацяць у тым, што падчас працы на акцыі пратэсту ён «удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»

15:15 2.9.2020

Адмова Лаўрова сустракацца зь беларускай апазыцыяй выводзіць Каардынацыйную Раду за межы перамоўнага працэсу

Піша аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

Як паведаміў «Коммерсантъ», міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў пасьля сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімерам Макеем заявіў, што расейскае кіраўніцтва не плянуе сустрэчы зь беларускай апазыцыяй — «спачатку ёй трэба стварыць структуру, сфармаваную ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».

Безумоўна, маецца на ўвазе Каардынацыйная Рада, паколькі існыя партыі зарэгістраваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Такім чынам, Лаўроў, з аднаго боку, адрынае якія-небудзь кантакты з Радай, якая ўсклала на сябе функцыі перадачы ўлады, пры тым, што, як цяпер зразумела, Крэмль імкнецца кантраляваць падзеі ў Беларусі і не дапусьціць ніякіх перамоваў (тым болей перадачы ўлады) без свайго ўдзелу.

З другога боку, гэта падштурхоўвае Раду трансфармавацца ў прадугледжаную заканадаўствам арганізацыйную форму, што ўцягнула б яе ў доўгатэрміновую бюракратычную гульню і істотна аслабіла б сувязі з пратэстным рухам, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

15:14 2.9.2020

ЦВК: Ярмошына ў Менску, але камэнтароў пра падзеі ў Беларусі не дае

Лідзія Ярмошына знаходзіцца ў Менску на працоўным месцы, заявілі Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.

Яе сакратарка адмовілася наўпрост злучыць карэспандэнта Свабоды зь Ярмошынай па службовым тэлефоне, але схадзіла да яе ў кабінэт на хвіліну, каб перапытаць, ці не пагадзілася б яна пракамэнтаваць для Свабоды апошнія падзеі ў Беларусі, выкліканыя выбарамі 9 жніўня.

Сакратарка вярнулася ад Ярмошынай і сказала, што тая не дае камэнтароў на гэтую тэму. Пры гэтым яна абвергла зьвесткі, што Ярмошына нібыта выехала ў Расею, у Калінінград.

15:12 2.9.2020

Дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Польшчы заклікалі да пэрсанальных санкцый супраць Лукашэнкі

Дэпутаты сышліся ў меркаваньні, што эўрапейская супольнасьць не павінна адмаўляцца ад беларускага пытаньня, а таксама фінансавай і эканамічнай падтрымкі.

Падчас дыскусіі таксама абмяркоўвалася тэма санкцый супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Палякі сыходзяцца ў меркаваньні, што Аляксандар Лукашэнка абавязкова павінен быць у чорным сьпісе Эўразьвязу.

15:10 2.9.2020

Калектыў Горадзенскага мясакамбінату заклікаў да новых выбараў і прыгразіў забастоўкай

Калектыў Горадзенскага мясакамбінату накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў, Генпракуратуру і Горадзенскі абласны савет дэпутатаў. Работнікі выставілі шэраг патрабаваньняў, у тым ліку, новыя выбары, спыненьне гвалту і пакараньне вінаватых у гвалце і фальсыфікацыях. Пад зваротам пакінулі подпісы 853 супрацоўнікі мясакамбінату.

У сваім лісьце яны адзначылі, што выбары 9 жніўня прайшлі з парушэньнямі, што выклікала пратэсты па ўсёй краіне.

Патрабаваньні калектыву Горадзенскага мясакамбінату:

  • выконваць заканадаўства Беларусі;
  • прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі, правесьці новыя адкрытыя выбары з празрыстым падлікам галасоў, прысутнасьцю незалежных назіральнікаў;
  • адстаўка Аляксандра Лукашэнкі праз страту даверу, главы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, главы МУС Юрыя Караева;
  • спыніць гвалт у дачыненьні да грамадзян Беларусі;
  • расьсьледаваць усе выпадкі, калі людзей незаконна затрымлівалі і білі, і пакараць вінаватых;
  • пакараць вінаватых у фальсыфікацыях падчас выбараў.
15:08 2.9.2020

Квасьнеўскі: Саша, ты каля фінішнай рысы...

Экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі даў інтэрвію ВВС, у якім распавёў пра свае сустрэчы з Лукашэнкам і ацаніў пэрспэктывы цяперашняга кіраўніка Беларусі.

15:03 2.9.2020

Пачаліся суды над журналістамі. Справы вяртаюць на дапрацоўку

Першымі ў судзе Кастрычніцкага раёну разглядалі справы журналістаў Tut.by Надзеі Калінінай і Аляксея Суднікава. Паводле рашэньня судзьдзі Рудэнка, матэрыялы спраў гэтых журналістаў вярнулі на дапрацоўку. Пры гэтым у РАУСе журналістаў маюць права ўтрымліваць яшчэ 72 гадзіны.

Справы іншых чатырох затрыманых журналістаў пакуль не разгледжаныя.

Затрыманыя 1 верасьня журналісты Tut.by, Kp.by і агенцтва БелаПАН правялі ноч у Кастрычніцкім РУУС. На ўсіх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту.

Сярод затрыманых карэспандэнты партала Tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, журналісты «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Сяргей Шчагалёў, Мікіта Дубаленка і Марыя Эляшэвіч, а таксама фатограф агенцтва БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

Рэпарцёраў затрымалі каля 17.00 у раёне стадыёна «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў». Рэпарцёры, нагадаем, пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам Прэса (менавіта так, загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх маюцца бэйджы з фота і назвай выданьня, якое яны прадстаўляюць. Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту, якая праходзіла ў Менску.

14:51 2.9.2020

Аднаго зь лідэраў магілёўскіх пратэстаў арыштавалі на 20 сутак

Прычына — нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне службовай асобе.

1 верасьня ён прыйшоў на лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсыфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені». Актывіст зьвяртаўся да «45 пэдагогаў гэтай школы, якія працавалі ў трох участковых камісіях, што месьціліся ў навучальнай установе».

Валадара Цурпанава затрымалі прысутныя на ўрачыстасьці міліцыянты і даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Да суду яго трымалі ў ізалятары. У камэнтары абласной міліцыі дзеяньні актывіста назвалі спробай «сарваць урачыстую лінейку».

Судзьдзя Тацяна Міхайлава пазбавіла абвінавачанага права ўдзельнічаць у працэсе праз онлайн-трансьляцыю, бо ён быў супраць таго, каб працэс вёўся на расейскай мове, і патрабаваў перакладчыка

14:50 2.9.2020

Жанчыны сабраліся ля стэлы ў Менску, каб адзначыць перамогу на фашызмам

Каля стэлы «Менск — горад-герой» праходзіць акцыя жанчын пад назвай «Дзень перамогі над фашызмам».

Гэты дзень гістарычны: 2 верасьня 1945 году капітуляцыю ў Другой сусьветнай вайне абвясьціла Японія — апошні з гітлераўскіх саюзьнікаў.

Міліцыянты папярэджваюць, што мерапрыемства несанкцыянаванае, і пагражаюць прававымі наступствамі.

«Увечары страшна выйсьці з дому. Карнікі ў чорным катуюць людзей, заганяюць мірных жыхароў у храм і замыкаюць дзьверы. Кожны беларус зь дзяцінства ведае, як гэта называецца. Фашызм. Нашы бабулі адолелі фашыстаў. Яны ваявалі і партызанілі, стаялі ля станка, лячылі параненых і гадавалі дзяцей. Дзякуючы ім беларусы выжылі як народ і захавалі свае каштоўнасьці: чалавечнасьць і годнасьць. Мы таксама пераможам! Таму цудоўныя беларускія дзяўчаты зноў выходзяць на вуліцы!», — гаворыцца ў паведамленьні ініцыятывы Girl Power Belarus.

14:33 2.9.2020

Ліцэй БДУ асудзіў гвалт на менскіх вуліцах. ЗАЯВА

У заяве «рашуча асуджаюць эскаляцыю гвалту на вуліцах Беларусі, якая назіраецца ў апошнія тыдні»:

«1 верасьня 2020 году выпускнікі Ліцэя БДУ сабраліся на мірную акцыю салідарнасьці ў падтрымку затрыманых выпускнікоў Антона Бяленскага і Андрэя Пазьняка, якая адбывалася насупраць галоўнага ўваходу ў Ліцэй БДУ. Акцыя скончылася жорсткімі затрыманьнямі з прымяненьнем сілы на тэрыторыі ўстановы адукацыі.

Нагадваем, што згодна з ч.1 арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Згодна з арт 35. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

Супрацоўнікі Ліцэю БДУ асуджаюць усе формы агрэсіі і гвалту, тым больш на тэрыторыі ўстановы адукацыі, бо Ліцэй заўжды быў прыкладам спакойнага і паважлівага стаўленьня ня толькі да сваіх вучняў, настаўнікаў і выпускнікоў, але і да ўсіх суграмадзян, якія мірна выяўляюць сваё меркаваньне»

14:19 2.9.2020

Больш за 1000 супрацоўнікаў мазырскага НПЗ заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай

Нязгодныя з вынікамі выбараў і абураныя жорсткасьцю сілавікоў работнікі ААТ «Мазырскі НПЗ» напісалі калектыўны ліст у адрас кіраўніцтва завода. Яны патрабуюць іх пачуць і адкрыта абмеркаваць падзеі апошніх тыдняў у краіне. Пад лістом падпісалася амаль 1186 чалавек, паведамляе Tut.by.

Работнікі выступаюць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, за правядзеньне новых выбараў, асуджаюць гвалт з боку сілавікоў у дачыненьні да мірных грамадзянам і патрабуюць сумленнага расьсьледаваньня ўсіх выпадкаў гвалту з прыцягненьнем да адказнасьці ўсіх вінаватых.

Таксама рабочыя патрабуюць падачы дэпутацкіх запытаў па фактах затрыманьня працаўнікоў завода сілавымі структурамі і растлумачыць абгрунтаванасьць затрыманьня актывіста суполкі «Краіна для жыцьця», работніка ААТ «Мазырскі НПЗ» Руслана Парфёнава.

Падпісанты работнікі акцэнтуюць увагу на тым, што ня могуць далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, бо ня хочуць рызыкаваць эканамічнай стабільнасьцю прадпрыемства.

14:18 2.9.2020

Макей прыгразіў краінам Балтыі «асымэтрычнымі санкцыямі». Сьпіс гатовы, але публікаваць яго ня будуць

Афіцыйны Менск адкажа Літве, Латвіі і Эстоніі «асымэтрычнымі санкцыямі», заявіў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

«Яны хочуць быць наперадзе плянэты ўсёй, — абурыўся Макей. — Пытаньні выкарыстаньня падобных інструмэнтаў мы раней абмяркоўвалі і сыходзіліся ў тым, што санкцыі — абсалютна непрымальны спосаб міждзяржаўных стасункаў. І мне было дзіўна, што ўжо на другі дзень пасьля выбараў сталі чуцца галасы, што трэба ўводзіць санкцыі. Каб рэальна ацаніць сытуацыю, патрэбен час».

Паводле кіраўніка замежнапалітычнага ведамства, беларускі бок таксама правёў міжведамаснае ўзгадненьне, падрыхтаваў і зацьвердзіў свае сьпісы. Праўда, удакладніў, што публікаваць яго МЗС Беларусі ня мае намеру.

«Бог ім судзьдзя. Нам вядома пра санкцыйны сьпіс. Будзем даваць адэкватны адказ, — прыгразіў Макей. — Гэта найперш тыя асобы, якія заўзята спрабавалі ўмешвацца ў справы беларускай дзяржавы, уносілі прапановы аб фінансавай падтрымцы апанэнтаў».

У Маскве Ўладзімер Макей правёў перамовы з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. Ён расказаў, што Беларусь пасьпяхова стрымала спробы «каляровай рэвалюцыі звонку».

14:18 2.9.2020

Павал Латушка патлумачыў, чаму выехаў у Польшчу

Павал Латушка паведаміў Свабодзе пра свой выезд у Польшчу 2 верасьня:

«Я з раніцы знаходжуся ў Польшы на запрашэньне арганізатараў эканамічнага форуму ў Крыніцы Гурскай. Я неаднойчы браў удзел у гэтым форуме як амбасадар Беларусі. Падчас форуму пляную расказаць аб палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў Беларусі.

У мяне заплянаваныя таксама сустрэчы ва ўрадзе, парлямэнце і МЗС Польшчы. Яшчэ я паеду ў Вільню, дзе буду мець сустрэчы ў МЗС і парлямэнце Літвы, каб паінфармаваць аб сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў».

Латушка паведаміў, што ён перасек мяжу ў Бераставіцы на машыне і зьбіраецца вярнуцца пасьля заканчэньня праграмы форуму і сваіх сустрэч.

Эканамічны форум у Крыніцы Гурскай — штогадовы форум, які называюць польскім Давосам. Сёлета ён праходзіць з 8 па 10 верасьня.

13:58 2.9.2020

Да мэнэджара фірмы PandaDoc, якая дапамагае звольненым міліцыянтам, прыйшлі людзі ў цывільным

2 верасьня да Віктара Куўшынава, аднаго з топ-мэнэджараў кампаніі PandaDoc, прыйшлі чатыры чалавекі ў цывільным. Яго жонка расказала Tut.by, што муж не выходзіць на сувязь, зьнік пэрсанальны кампутар.

Раніцай зь ператрусам ў менскі офіс кампаніі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Cузаснавальнік PandaDoc — ІТ-бізнэсовец Мікіта Мікада, які прапануе дапамогу сілавікам, што звольніліся пасьля выбараў.

«Зачынілі супрацоўнікаў у офісе, забараняюць карыстацца тэлефонамі, усё аглядаюць, — напісаў Мікада, які сам цяпер знаходзіцца за мяжой. — Патрабуюць, каб разблякавалі кампутары, іначай забяруць. З офісу нікога не выпускаюць».

Аляксандра Дзікан, жонка Віктара Куўшынава, расказала, што муж працаваў дома.

«Нянька выходзіла зь дзіцем на вуліцу, пасьпела паведаміць, што ідуць чатыры чалавекі ў цывільным. Цяпер датэлефанавацца мужу не магу, ён не падымае трубкі, няма дома і ягонага кампутара».

Віктар Куўшынаў дапамагаў падаць заявы ў праваахоўныя органы пэдагогам, якія былі сябрамі камісіі і сталі сьведкамі фальсыфікацыі выбараў. Таксама спрыяў з пошукам працы ў выпадку звальненьня.

У ліпені яго затрымалі байцы АМАП на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, калі спрабаваў падаць скаргу ў ЦВК на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Пазьней апынуўся ў адным аўтазаку з родным братам, таксама айцішнікам. Суд прызначыў абодвум адміністрацыйны арышт.

13:36 2.9.2020

Прысуды затрыманым 1 верасьня студэнтам і журналістам. Сьпіс

2 верасьня ў судах Менска разглядаюць адміністрацыйныя справы супраць затрыманых напярэдадні студэнтаў, якія адзначылі «Дзень ведаў» пратэстам, а таксама журналістаў, якія асьвятлялі гэтыя несакцыянаваныя акцыі.

Журналістаў фармальна спынялі для праверкі службовых пасьведчаньняў, а пасьля абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя першыя выракі.

13:07 2.9.2020

Гомельскага актывіста з суду забралі ў шпіталь

2 верасьня Гомельскі абласны суд разглядаў скаргу актывіста Валера Сьляпухіна. У залі прысутнічалі і міліцыянты, якія намагаліся ўручыць актывісту чарговую позву ў міліцыю і забраць яго ў аддзел.

«Валеру зрабілася блага — пачала адымацца адна рука, падняўся ціск, яму выклікалі «хуткую», — паведаміла Свабодзе жыхарка Гомля Сьвятлана Нарскіна, якая была на судзе.

14 ліпеня ў Гомлі праходзіла акцыя салідарнасьці, на якой былі затрыманыя 20 чалавек, у тым ліку і Валер Сьляпухін. 15 ліпеня суд пакараў актывіста арыштам на 10 сутак. Гэтае рашэньне суду 2 верасьня Сьляпухін абскарджваў у абласным судзе, ён казаў, што доказаў ягонай супрацьпраўнай дзейнасьці не было. Суд ягоны пазоў не не задаволіў.

13:06 2.9.2020

Макей у Маскве заявіў, што ў Беларусі спынілі каляровую рэвалюцыю

Цягам трох дзён Расея і Беларусь абмяняюцца візытамі чыноўнікаў высокага рангу.

2 верасьня ў Маскву выправіўся кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей. У размове са сваім калегам Сяргеем Лаўровым ён заявіў, што ўлады краіны «не дазволілі рэалізаваць ўкраінскі сцэнар каляровай рэвалюцыі звонку».

«Сёньня нам даводзіцца адказваць як на ўнутраныя, так і на вонкавыя выклікі. Прычым апошняе ў большай ступені перадвызначае першае. Хачу сказаць, што мы вытрымалі першы націск і не дазволілі ў у Беларусі ўкраінскі сцэнар — сцэнар каляровай рэвалюцыі, арганізаванай звонку», — запэўніў Макей міністра замежных спраў Расеі.

13:06 2.9.2020

Латушка: «Сёньня ў Беларусі больш ня дзейнічае заканадаўства»


Інтэрвію з Паўлам Латушкам, які працягвае заклікаць беларускія ўлады да дыялёгу аб выхадзе з грамадзка-палітычнага крызісу пасьля несумленных выбараў 9 жніўня і масавага гвалту супраць удзельнікаў акцый пратэсту.

13:05 2.9.2020

МУС: У Менску падчас пратэстаў 1 верасьня затрымалі 95 чалавек

МУС Беларусі паведаміла аб затрыманьні 95 чалавек падчас акцый пратэсту ў Менску 1 верасня.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс». 1 верасьня ў Менску прайшлі акцыя пратэсту студэнтаў, мітынг на Плошчы незалежнасьці.

Сярод затрыманых былі і журналісты, які сёньня будуць судзіць.

13:05 2.9.2020

Польскія эўрадэпутаты: у інтарэсах бясьпечнай Польшчы бясьпечная Беларусь

У Эўрапарлямэнце адбываецца паседжаньне Польскага клюбу, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі. Пасяджэньне польскіх дэпутатаў Эўрапарлямэнту праводзіцца на запрашэньне дэпутатаў ад партыі «Права і справядлівасьць», інфармуе Польскае радыё.

Але ў паседжаньні бяруць удзел палітыкі як кіроўнай партыі Польшчы, так і апазыцыі.

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі дыстанцыйна зьвязаўся з дэпутатамі Эўрапарлямэнту ў пачатку сустрэчы.

Перад пачаткам канфэрэнцыі дэпутат Дамінік Тарчынскі сказаў журналістам, што ў інтарэсах Польшчы, каб усе гаварылі ў адзін голас аб Беларусі і Расеі, якая, як многія адзначаюць, ужо вядзе там гібрыдную дзейнасьць:

«У інтарэсах Польшчы, каб не было ўнутранага канфлікту, таму што расейцы чакаюць толькі гэтага. Мы ўсе ведаем з гісторыі, як Расея паводзіла сябе ў адносінах да Польшчы, Украіны, а цяпер і Беларусі. Што сказаў нябожчык прэзыдэнт Лех Качыньскі, трэба нагадваць кожны дзень (...) Сёньня я нагадваю ўсім польскім палітыкам, каб яны змагаліся за бясьпечную Польшчу: і ў інтарэсах бясьпечнай Польшчы — бясьпечная Беларусь», — заявіў дэпутат Эўрапарлямэнту ад ПіС Дамінік Тарчынскі.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG