Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася ад міратворчага візыту кіраўнікоў краін Балтыі


Прэм'ер-міністар Эстоніі Юры Ратас
Прэм'ер-міністар Эстоніі Юры Ратас

Канцылярыя прэм’ер-міністра і Міністэрства замежных спраў Беларусі не палічылі неабходным візыт кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў Балтыі ў сваю краіну, паведаміў прэм’ер-міністар Эстоніі Юры Ратас.

«Я прапанаваў паездку ў Беларусь трох прэм’ер-міністраў і трох міністраў замежных спраў краін Балтыі», — цытуе Інтэрфакс заяву Юры Ратаса парталу тэлерадыёвяшчаньня ERR.

Ён растлумачыў, што Эстонія — адна з краін, якія ў свой час ініцыявалі палітыку «Ўсходняга партнэрства» і трымалі яе на стале Эўразьвязу. Таму і кантактавалі з МЗС і канцылярыяй прэм’ер-міністра Беларусі. Аднак паступіла паведамленьне, што ў гэты момант ніякія кантакты непажаданыя.

«Гэта нельга расцэньваць як расчараваньне. Хоць я не лічу, што пазьбяганьне любых міжнародных зносінаў і кантактаў — гэта шлях вырашэньня сытуацыі для сёньняшняй Беларусі», — лічыць эстонскі прэм’ер.

Ратас адзначыў, што прэм’ер-міністры і міністры замежных спраў Балтыі жадалі сустрэцца ў Менску з кіраўнікамі ўраду і МЗС, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Але не з Аляксандрам Лукашэнкам.

18 жніўня ўрад Эстоніі выступіў з заявай, што Лукашэнка ў сувязі з маштабнымі фальсыфікацыямі вынікаў галасаваньня страціў мандат. Эстонія таксама заявіла, што не прызнае прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, бо яны не былі свабоднымі і сумленнымі.

27 жніўня ўрад Эстоніі прыняў пастанову аб увядзеньні нацыянальных санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, якія адказваюць за гвалт пасьля выбараў і фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня. Міністру замежных спраў даручана скласьці сьпіс такіх асобаў. Санкцыі будуць скаардынаваныя з Латвіяй і Літвой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG