Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фашысты так не рабілі з нашым народам». Што кажуць людзі, якія шукаюць сваякоў ля турмы на Акрэсьціна


Сваякі затрыманых прынесьлі перадачы да ізалятара на Акрэсьціна ў Менску

Ля турмы на Акрэсьціна ў Менску сёньня зноў сабраліся сваякі затрыманых з 9 па 11 жніўня. Яны шукаюць сваіх сыноў, дачок, мужоў ці жонак, дзядзькоў, сяброў, пра якіх ужо некалькі дзён няма ніякай інфармацыі.

Да турмы сёньня прыйшлі некалькі соцень чалавек. На даху будынку за сытуацыяй сачылі ў бінокль трое сілавікоў. Каля турмы стаялі 9 аўтазакаў і яшчэ 7 за варотамі турмы. Прысутныя кажуць, што на аўтазаках вывозяць затрыманых у месцы адбыцьця пакараньня, таму пляскаюць у іхны бок у далоні і гукаюць «Мы з вамі, трымайцеся!».

Аўтазакі ахоўваюць вайскоўцы са зброяй і амапаўцы. «Ганьба!», «Аддайце нашых дзяцей!», «Трое дзяцей сядзяць дома бяз бацькі!» — зьвяртаюцца да іх людзі.

Сьпісаў затрыманых супрацоўнікі турмы ня вывесілі. Шукаць сваякоў дапамагаюць валянтэры.

Валянтэрка Алена сказала, што яны дзяжураць тут трэці дзень. «Зьбіраем сьпісы людзей, якіх шукаюць родныя, блізкія, знаёмыя, сябры, каханыя, і перадаём гэтыя сьпісы ў ізалятар. Пасьля чакаем, калі нам пацьвердзяць інфармацыю пра знаходжаньне ці адсутнасьць. Пасьля гэтага тэлефануем сваякам». Алена пэрыядычна гучна чытае прысутным сьпісы затрыманых. Яна кажа, што да валянтэраў зьвяртаецца вельмі шмат людзей.

«Учора мы перапісалі больш за паўтары тысячы чалавек. Але іх насамрэч больш. Перапісваю ня толькі я, а яшчэ некалькі чалавек. Людзі ўвесь час пад’яжджаюць, і мы дапаўняем гэтыя сьпісы. Мы ўсё перадаём у ізалятар, але мала што ад іх атрымліваем. Дапазна былі тут учора, і сёньня ад раніцы». Валянтэры таксама разьмяшчаюць сьпісы ў сваім чаце ў Тэлеграме. Алена кажа, што ў жодзінскім ізалятары сьпісы вывешваюць, але яны таксама няпоўныя.

«Поўнай інфармацыі я нідзе не бачыла, і ніхто яе не перадаваў», — сказала яна.

«На трэція суткі даведалася, што сын жывы»

Людзі каля турмы на Акрэсьціна шукаюць тых, хто стаяў у чарзе на ўчастак, каб прагаласаваць, і быў затрыманы, назіральнікаў, а таксама ўдзельнікаў пратэстаў.

«Я шукаю сына зь нявесткай. Нявестка тут, але мы ня ведаем, ці быў суд і што ёй прысудзілі. Ніякай інфармацыі. Мы прывезьлі перадачу, але яе не прымаюць ужо трэці дзень. Прыйшлі, мо што даведаемся. А сын, відаць, у Жодзіне, там сьпісаў няма. Мы былі там», — кажа жанчына.

«Я даведалася толькі на трэція суткі, што 22-гадовы сын арыштаваны, што ён жывы. Вось зараз іх вывозяць, каго ў Жодзіна, каго ў Гомель на „суткі“. Людзі, якіх вызвалілі, казалі, што затрыманых прыніжаюць, распранаюць дагала, бʼюць, ставяць на калені тварам уніз. Іх ня кормяць, а калі дзяўчаты просяць сродкі гігіены, на іх проста выліваюць вёдрамі халодную ваду. У камэрах па 40-50 чалавек, на іх ціснуць там. Мы ня ведаем, што ён менавіта тут, чакаем сьпісаў», — кажа Юлія.

«Яны ваююць супраць дзяцей. Я шукаю пляменьніка Ільлю Белацаркоўнікава, ён проста ішоў па вуліцы, маленькі, худзенькі. Ня можам знайсьці ўжо некалькі дзён. Учора падалі заяву ў міліцыю, нам адказалі, што многа затрыманых, і яны ня могуць усіх іх аформіць. Мы ўчора пяць гадзін у Жодзіне былі, і ніхто нічога не сказаў. Аўтазакі прыяжджаюць, людзей гадзінамі трымаюць у аўтазаках. Цягам трох гадзін толькі тры аўтазакі разгрузілі».

«Сёньня адсюль выпусьцілі непаўналетняе дзіця, у яго ўся байка была ў крыві, ён ня мог нават гаварыць. Я ня дзеля гэтага жыла ў гэтай краіне, сумленна працавала, плаціла падаткі, каб сёньня быць тут», — кажа жанчына.

«Шукаю 19-гадовага сына, затрымалі ў ноч 10-га. Ехалі на машыне, каб яго забраць, не хапіла некалькі хвілін, падʼехалі „варанкі“ і павязалі. Тры дні нічога ня ведаем, нідзе няма інфармацыі. Гэта проста генацыд народу, дыктатар пры ўладзе», — кажа мужчына.

«Сына шукаю, зьнік у ноч з 9 на 10-га, быў у цэнтры гораду. Можна было зварʼяцець ад адсутнасьці інфармацыі, гэта найбольшая правакацыя ад дзяржаўных органаў супраць нас, гэта зьдзек. Тут у акенцы сказалі, што ён ёсьць у сьпісах, але ніякіх іншых зьвестак. Ходзім штодня, учора амаль да дзясятай вечара стаялі. Сустракаем кожную „хуткую“, удакладняем, да каго яна прыехала. Спадзяёмся, што тут. Сын ні ў чым не вінаваты», — кажа Вольга Іванаўна.

«Учора зьнік бацька, шукаем. Гэта страшна. Калі не хапае месцаў, а туды іх запіхваюць, гэта ненармальна», — кажа Натальля.

«Шукаю сына Віталя, яму 30 гадоў. Я сюды прыйшла першы раз, бо ён не прыйшоў дахаты. Я ня ведаю, дзе ён. Фашысты так не рабілі з нашым народам. Як дастукацца да нашага ўраду, як зь ім пагутарыць? Выйдзі ж пагавары — дык выпускае вайсковую тэхніку на народ. Лукашэнку ўжо даўно на пэнсію сыходзіць. Бандытаў зрабілі з нашых дзяцей, за што? Што яны захацелі свабоду? Колькі мы будзем жыць у рабстве? Мой сын не бандыт», — кажа Тамара Аляксандраўна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG