Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 2006-м 83% менчукоў, якіх я абышоў, былі за Лукашэнку або сумняваліся ў выбары. У 2020-м такога адчуваньня няма»


Аляксей Трыпуз

Жыхар Менскага раёну Аляксей Трыпуз у 2006 годзе вёў дзёньнік падчас збору подпісаў за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча ў прэзыдэнты. Ён перагледзеў уласныя нататкі 14-гадовай даўнасьці і расказаў у інтэрвію Свабодзе, чым прэзыдэнцкая кампанія 2020 году адрозьніваецца ад 2006-га.

«Тады за Лукашэнку была большасьць»

Нататкі, якія падчас выбарчай кампаніі 2006 году рабіў Аляксей
Нататкі, якія падчас выбарчай кампаніі 2006 году рабіў Аляксей

У 2006 годзе Аляксей Трыпуз вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Ён запісаўся ў ініцыятыўную каманду Аляксандра Мілінкевіча і зьбіраў подпісы па кватэрах у Менску — на вуліцах Быхаўскай і Брылеўскай. Аляксей захаваў уласныя нататкі, якія рабіў падчас той выбарчай кампаніі.

«У прынцыпе, можна было сказаць, што за Лукашэнку большасьць, — кажа Аляксей. — Сярод 60 кватэр, якія я абышоў у адным доме, 83% людзей былі або прыхільнікамі Лукашэнкі, або сумняваліся ў сваім выбары».

На вуліцы Брылеўскай, 24 ён адзначыў, што сярод 80 кватэраў за Мілінкевіча пагадзіліся падпісацца толькі 7. І гэта пры тым, што ў Менску Лукашэнка звычайна меў найменшую падтрымку.

«Трэба прызнаць, не было адчуваньня, што мы перамаглі на выбарах 19 сакавіка 2006 году. І гэта нават нягледзячы на тое, што на плошчу выйшлі шмат людзей», — кажа Аляксей.

Запрашэньне на ўдзел у выбарах, якое захаваў Алексей у сваім архіве
Запрашэньне на ўдзел у выбарах, якое захаваў Алексей у сваім архіве

У сваім дзёньніку ён запісваў і гісторыі тых, хто адмаўляўся падпісвацца за Мілінкевіча. Сярод іх былі заможныя людзі. Адзін зь іх, як занатавана ў Аляксея, мужчына гадоў 40, які часта езьдзіў у Польшчу. Ён сьцьвярджаў, што Варшава выглядае горш за Менск. А таму той чалавек не хацеў, каб замест Лукашэнкі да ўлады прыйшоў іншы чалавек.

«Я для сябе адзначыў, што электарат Лукашэнкі не аддаваў подпісаў за іншых кандыдатаў, у той час як людзі, якія аддавалі подпісы, умоўна, за Казуліна ці за Скрабца (кандыдат, які зьняўся на карысьць Мілікенвіча. — РС), без пытаньняў падпісваліся і за іншых альтэрнатыўных кандыдатаў», — кажа Аляксей.

«Адчуваньне, што сёньня нас большасьць»

«Цяпер адчуваньня, што за Лукашэнку большасьць, абсалютна няма, — кажа Аляксей. — Сёньня ёсьць адчуваньне, што нас большасьць».

У 2006-м за зьбіраньне подпісаў плацілі грошы, то бок сябры ініцыятыўнай групы былі матываваныя, каб сабраць як найбольш. У кожным з дамоў на сваім участку за Мілінкевіча падпісваліся ў сярэднім у адной зь дзесяці кватэраў. А летам 2020 году ўжо самі людзі выстройваліся ў кілямэтровыя чэргі, каб паставіць подпісы за ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Электарат Лукашэнкі ў 2006-м быў настроены даволі ваяўніча. А цяпер, відаць, гэты баявы настрой перайшоў і да нас, да праціўнікаў Лукашэнкі», — кажа Аляксей.

Аляксей жыве ў Новай Баравой за Менскай кальцавой аўтадарогай. Гэты мікрараён вядомы сваёй палітычнай актыўнасьцю. Тут праходзіў уласны ланцуг салідарнасьці 14 ліпеня, ладзіліся палітычныя флэшмобы, у вокнах і на бальконах многіх кватэраў цяпер вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі. Шмат хто запісаўся ў назіральнікі за выбарамі. У тым ліку і Аляксей.

Па яго словах, за ўвесь час ён сустрэў толькі аднаго чалавека зь іхнага мікрараёну, хто адкрыта падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

«Іх усё ж такі меншасьць. Што тычыцца нашага дома і, магчыма, нашага раёну, я думаю, складана будзе паспрачацца, што большасьць за альтэрнатыўных кандыдатаў», — кажа Аляксей.

У 2006-м былі лістоўкі і газэты, а цяпер усе маюць выхад у інтэрнэт

Агітацыйныя налепкі і ўлёткі з архіву Аляксея Трыпуза
Агітацыйныя налепкі і ўлёткі з архіву Аляксея Трыпуза

Чаму ў 2006-м Лукашэнка быў больш папулярным, чым цяпер? Хоць тады і сабралася вялікая Плошча, а потым яшчэ некалькі дзён трываў намётавы лягер. Аляксей бачыць прычыну ў тым ліку і ў даступнасьці інфармацыі. У хатнім архіве ён захаваў вялікі стос улётак, якія распаўсюджваліся ў 2006-м.

«Тады, па сутнасьці, не было інтэрнэту. У 2006 годзе трэба было пайсьці ў інтэрнэт-кавярню. Я памятаю, як сам хадзіў на Галоўпаштамт», — кажа Аляксей.

Але галоўнымі крыніцамі інфармацыі заставаліся газэты і тэлевізія.

«Цяпер абсалютная большасьць беларусаў маюць выхад у інтэрнэт. Людзьмі нашмат складаней маніпуляваць, чым тады. І тыя ўлёткі, якія я паказаў, яны ня так ужо і патрэбны цяпер», — лічыць Аляксей.

Рэпрэсіі цяпер скіраваныя супраць усіх

Аляксей Трыпуз зьвяртае ўвагу яшчэ на яшчэ адно важнае адрозьненьне палітычных кампаній 2006 і 2020 гадоў. А менавіта, што ўсе рэпрэсіі ў той год былі скіраваныя толькі супраць удзельнікаў палітычнага працэсу.

«А цяпер, калі большасьць хоча новага прэзыдэнта, незразумела, супраць каго скіроўваць рэпрэсіі. І фактычна рэпрэсіі скіраваныя супраць усіх», — кажа Аляксей.

Да таго ж у 2006 годзе рэпрэсіі не былі такім жорсткімі, лічыць Аляксей Трыпуз. Ён, напрыклад, быў студэнтам і зьбіраў подпісы за апазыцыйнага палітыка. Але праблемаў ва ўнівэрсытэце з гэтым ня меў. Адзінай санкцыяй было тое, што на наступны год яго не ўключылі ў «апэратыўны атрад» ў інтэрнаце (гэта студэнты, якія сочаць за парадкам. — РС). Але за кошт добрай пасьпяховасьці ён захаваў за сабой месца ў інтэрнаце. Ва ўнівэрсытэце ўвогуле не было пытаньняў, хоць адміністрацыя і ведала, што Трыпуз зьбіраў подпісы за Мілінкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG