Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба неяк адцягвацца думкамі ад таго жаху, што адбываецца». Размова з паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай


Юлія Цімафеева

Да чаго штурхае каранавірусная пандэмія? Чаго дабіўся «ПрайдзіСвет»? За што любіць нарвэскую мову? Што хаваецца ў слове «ROT»? Размова зь Юліяй Цімафеевай, рэдактаркай онлайн-часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».

— На сайце часопісу «ПрайдзіСвет» пад канец мінулага месяца пачаўся відэапраект пад назвай «Лета з ПрайдзіСветам». Патлумачце, калі ласка, ідэю «Лета з ПрайдзіСветам», ну і парэклямуйце гэтую ініцыятыву пры нагодзе…

— Мы даўно не абнаўлялі свой сайт. Апошні нумар «ПрайдзіСвета» — прысьвечаны літаратуры ЛГБТК — выйшаў 31 сьнежня 2018 году. А пасьля мы вырашылі ўзяць перапынак і заняцца сольнымі кар’ерамі, калі можна так сказаць, — паэтычнымі, празаічнымі, музычнымі… Ганна Янкута, напрыклад, пачала пісаць дзіцячую літаратуру. Уладзь Лянкевіч заняўся больш музыкай. Альгерд Бахарэвіч, які таксама ўвайшоў у нашу каманду, працягваў сваю сольную кар’еру. Выходзілі кнігі, пераклады: Кацярыны Маціеўскай, Ганны Янкуты, Алены Пятровіч, мае таксама…

Але аднойчы мне стала сумна, я пагаварыла з нашай рэдакцыяй і зразумела, што і яны крыху засумавалі па «ПрайдзіСвеце». І вось дзякуючы карантыну, калі ўсе сядзелі аддзеленыя ў сваіх душных кватэрах, мы вырашылі пагаварыць у Zoom’е, я прапанавала штосьці такое «замуціць» — экспэрымэнтальны праект, хутчэй зарыентаваны на відэа, чым на тэкст. І так мы вырашылі паспрабаваць новую форму ўзаемадзеяньня з чытачамі…

Вучыцца новаму

— Хто канкрэтна працуе пры гэтым праекце?

— Апрацоўкай відэа займаюся я. Чаму? Мне падабаецца вучыцца ўсяму новаму. Часам мне падаецца, што нават калі я буду паміраць, таксама буду нечаму вучыцца — вывучаць нейкую новую мову, або засвойваць нейкую праграму, або яшчэ нешта.

І таму я пачала займацца праграмай відэамантажу. Гэта з аднаго боку. А з другога, сумна, калі няма прэзэнтацыяў, калі няма сустрэчаў з чытачамі і чытаньняў уголас. Таму гэты відэапраект — своеасаблівая форма самарэалізацыі, магчыма, яшчэ больш інтэнсіўная, чым праца з публікай.

Ну і яшчэ адна прычына. Трэба неяк адцягвацца думкамі ад таго жаху і несправядлівасьці, што адбываецца наўкола. Творчасьць і новыя веды даюць магчымасьць пераключацца. Гэта ў нечым мэдытацыя.

Я займаюся відэа, але мне таксама дапамагае наша рэдакцыйная рада: Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская. Мы размаўляем зь іншымі перакладчыкамі і перакладчыцамі, пісьменьнікамі і пісьменьніцамі. Вось і вас запрасілі таксама. Нядаўна ў праекце паўдзельнічала Вераніка Акудовіч, якая да Блюмздэя зрабіла цікавую лекцыю пра Лючыю Джойс, дачку Джэймса Джойса. Мы хочам пашырацца, не абмяжоўвацца толькі сваім удзелам.

Добры бок каранавірусу

— Як часта вы плянуеце рабіць такія літаратурныя відэапрэзэнтацыі?

— Пакуль раз на тыдзень, а пасьля пабачым.

На гэты момант у нас выйшлі толькі тры выпускі. Першы быў прысьвечаны Энхедуаньне, самай старажытнай вядомай аўтарцы ў гісторыі літаратуры. Другі — «любімчыку» нашай рэдакцыі — партугальскаму паэту Фэрнанду Пэсоа. А трэці — акурат на Блюмздэй, прысьвечаны Джэймсу Джойсу.

Цяпер Ганна Янкута рыхтуе сэрыю лекцыяў пра Джэйн Остэн, раман якой «Пыха і перадузятасьць» яна пераклала. Ганна ўжо чытала гэтыя лекцыі на публіцы, але цяпер хоча зрабіць іх у відэафармаце.

— Выглядае на тое, што каранавірусная сытуацыя да нейкай ступені аблегчыла вам працу, што тычыцца якраз гэтага праекту?

— Можна сказаць, яна падштурхнула нас да нейкіх новых дзеяньняў, да пошукаў новых шляхоў самарэалізацыі. Але калі казаць пра нас і нашы «сольныя кар’еры», дык, безумоўна, карантын і сама пандэмія адбіліся на нас — сустрэчы скасоўваюцца, мы зачыненыя дома… З аднаго боку, гэта добра, бо ёсьць час папрацаваць над перакладамі ці ўласнымі тэкстамі, падрыхтаваць кнігу і гэтак далей. А з другога, вядома, сумнавата праз адсутнасьць камунікацыі і жывога водгуку на тое, што робіш…

Адкуль і куды пайшоў «ПрайдзіСвет»

— Вы сказалі, што «ПрайдзіСвет» з 2018 году не абнаўляўся. А колькі абнаўленьняў, то бок нумароў часопісу, выйшла да таго часу?

— Да таго часу выйшаў 21 нумар. Апошні называўся «Знак прысутнасьці». Ня так і шмат, але…

— Ну чаму «ня так і шмат»?! Я калісьці думаў — вось дойдуць да чацьвёртага нумару, стане ім нецікава, і на гэтым усё закончыцца…

— Хо-хо!

— Я, шчыра кажучы, не чакаў, што вас тады такая — як тут сказаць? — заўзятая каманда сабралася. Давайце хвілінку паўспамінаем. Скажыце, хто першы даў ідэю выдаваць «ПрайдзіСвет» у 2009-м?

— У 2009 выйшаў першы нумар, але працаваць мы пачалі раней. У прынцыпе ідэя зрабіць такі часопіс належала мне. Вось так нясьціпла прызнаюся…

— Ну якая тут нясьціпласьць! Часопіс існуе 11 гадоў і далей разьвіваецца дзякуючы вашай актыўнасьці. Так што гаварыце далей…

— Ідэя належала мне, але я не хацела і не магла працаваць адна, заўжды патрэбная каманда. Я пачала шукаць іншых людзей, тых, хто таксама апантаны літаратурай і перакладам. У 2008 годзе склаўся нейкі рэдакцыйны касьцяк, у прынцыпе з тых маладых людзей, якія вучыліся ў Беларускім калегіюме ў Валянціна Акудовіча. Мы тады рыхтавалі часопіс «Паміж» – такі альманах Беларускага калегіюму. І на тых нашых сустрэчах я прапанавала ідэю «ПрайдзіСвета». Тады ж да каманды далучыліся Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская, якія наведвалі «Перакладчыцкую майстэрню» Андрэя Хадановіча, што таксама працавала пры БК.

У 2009 годзе мы выдалі першы нумар, і так усё закруцілася. Нехта сыходзіў, а нехта, як Ігар Крэбс і Альгерд Бахарэвіч, далучаўся. Мы былі маладыя, і нам хацелася нешта рабіць для беларускай літаратуры, для беларускага перакладу. Мы ставілі перад сабой амбітныя мэты. І, як мне здаецца, мы нечага дасягнулі, бо беларускі пераклад — ня толькі дзякуючы нам, вядома, — разьвіваецца, і сёньня выходзіць шмат перакладных кніг. Тады, калі мы пачыналі, у перакладзе быў пэўны спад, калі параўноўваць зь перакладамі ў 1990-х ці 1980-х.

Сытуацыя зь перакладамі палепшала

— Як вы ацэньваеце цяперашні перакладчыцкі патэнцыял у Беларусі? Ці ёсьць сёньня людзі ў Беларусі, які могуць перакладаць, кажучы фігуральна, з кітайскай або малайскай мовы?

— Я сапраўды думаю, што цяпер у Беларусі ня так кепска, як было, напрыклад, 10 гадоў таму. Але я тут не параўноўваю з 1990-мі гадамі, калі даволі шмат перакладаў выходзіла ў дзяржаўных выдавецтвах. Наконт малайскай мовы я ня ўпэўненая, а наконт кітайскай можна пашукаць. Людзі, якія могуць перакладаць з кітайскай мовы, напэўна, ёсьць, хоць, ня выключана, у іх могуць быць большыя праблемы зь беларускай мовай, чым з кітайскай…

У «ПрайдзіСвеце» друкаваліся пераклады з такіх экзатычных моваў, як японская, хіндзі, санскрыт, малагасійская, напрыклад… Наагул у нас зьяўляліся пераклады больш чым з 40 моваў. Але тут такая рэч: перакладчыкі, якія могуць перакласьці тэкст з замежнай мовы на беларускую, ёсьць і яны могуць нешта прапаноўваць, але не заўсёды ёсьць выдаўцы, гатовыя гэта выдаваць. Для «ПрайдзіСвету» можна перакласьці нейкае апавяданьне, можна перакласьці падборку вершаў. А вось перакласьці цэлую кнігу, якую ніхто ня хоча выдаваць, — гэта ўжо сумнавата.

Дарэчы, у нас таксама некалі была свая кніжная сэрыя — Бібліятэка часопісу «ПрайдзіСвет» «PostScriptum», якую мы выдавалі пры падтрымцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У ёй выйшла даволі шмат кніг, як зборнікаў апавяданьняў, што друкаваліся ў часопісе, гэтак і асобных вялікіх твораў. Кнігі сэрыі цяпер зрабіліся рарытэтамі.

На жаль, сэрыя цяпер не выходзіць. Але затое ў нас ёсьць выдавец Андрэй Янушкевіч, які друкуе раманы — зь нямецкай, ангельскай або з партугальскай. Ёсьць перакладная сэрыя «Паэты плянэты», якую выдае Зьміцер Колас. І Ганна Янкута, і Кацярына Маціеўская, і Ігар Крэбс, і Ўладзь Лянкевіч, і Алена Пятровіч, і я друкуем свае пераклады ў іх таксама.

Падаецца, што ўсё ж цяпер зь перакладамі на беларускую мову сытуацыя лепшая, чым было ў пачатку 2010-х. Але калі параўноўваць з Украінай, напрыклад, дык значна горшая…

Любоў да нарвэскай мовы

— А цяпер пахваліцеся — зь якіх моваў перакладалі і перакладаеце вы? І зь якіх моваў хацелі б перакладаць?

— Я перакладаю ў асноўным з ангельскай, перакладала таксама крыху з партугальскай, некалькі вершаў з гішпанскай. Перакладала і зь нямецкай, маю намер зрабіць кнігу Паўля Цэляна для «Паэтаў плянэты». А некалькі гадоў таму я пачала вучыць нарвэскую мову. Яна мяне вельмі зацікавіла, магу сказаць, што цяпер я яе проста люблю. З нарвэскай я пераклала ўжо дзьве кнігі. Гэта «Лета Гармана» Стыяна Холе, дзіцячая кніга, якая выйшла два гады таму ў выдавецтве «Янушкевіч». А сёлета там жа рыхтуецца да выданьня кніга «Сьнежная сястра» Маі Лундэ з ілюстрацыямі Лісы Айсата. Гэта таксама дзіцячая кніга, але ўжо даволі тоўстая, ня проста кніжка-карцінка.

— Паколькі мне самому вельмі цікава вучыцца нарвэскай мове і чытаць па-нарвэску, дык я запытаюся ў вас якраз пра яе, а не пра іншыя. Вам было цяжка навучыцца ёй?

— Я не магу сказаць, што ўжо так добра валодаю гэтай мовай. Бо ёсьць пэўныя праблемы з вывучэньнем нарвэскай мовы ў Беларусі. Адзінае месца, дзе яе выкладаюць, — гэта Цэнтар швэдзкіх дасьледаваньняў, але, на жаль, там пастаянна недабор у групы больш прасунутага ўзроўню. А тут яшчэ і карантын перапыніў заняткі… Але ў прынцыпе маё валоданьне нарвэскай дазваляе мне перакладаць прынамсі дзіцячыя кнігі.

Калі гаварыць пра саму нарвэскую мову, яна мяне зачаравала. Мне падаецца, гэта даволі простая мова і, можа быць, якраз гэтым мне і падабаецца. Я разумею, як яна зробленая, разумею структуру яе граматыкі… Гэтая мова добра «кладзецца» ўнутры мяне. Калі я вучыла нямецкую ў «іньязе», то адчувала яе абсалютна чужой, я не магла яе ні зразумець, ні прыняць. І толькі жыцьцё прымусіла мяне ёй вучыцца, слухаць і нават крыху гаварыць, чытаць на ёй і перакладаць. А вось нарвэская — зусім мая.

Яшчэ адна рэч, якая мне ў ёй падабаецца, — гэта адсутнасьць строгай нормы. У самым пачатку моўных заняткаў нам адразу сказалі — няма адзіна правільнай нарвэскай мовы. Нават калі прыняць, што ёсьць два пісьмовыя варыянты — bokmål і nynorsk, то ўсё роўна мы вучым дыялект Осла. А ў Нарвэгіі дыялектаў шмат, і ўсе яны маюць права на існаваньне. І калі вы прыедзеце ў Нарвэгію і паспрабуеце гаварыць на дыялекце Осла, вас адразу вылічаць як іншаземку. Бо ўсе карыстаюцца сваімі дыялектамі. І мне вельмі спадабалася такая «моўная дэмакратыя».

— Ці плянуеце вывучаць нейкую новую мову бліжэйшым часам?

— Пакуль не. Я хачу крыху падцягнуць нямецкую і разабрацца лепей з тымі, зь якімі ўжо працую. Я ня бачу сябе вялікай паліглёткай. А яшчэ я, вядома, хацела б таксама пісаць сваё…

ROT і Рот. І таксама Род

— Давайце пра сваё. Я чуў, што сёлета мае выйсьці ваш новы паэтычны зборнік. Можаце крышку расказаць нам пра яго?

— Магу. Сёлета мусіць зьявіцца мая новая паэтычная кніга. Яна выйдзе адразу ў двух выдавецтвах: у праскім выдавецтве «Вясна» і менскім выдавецтве «Янушкевіч». Гэта мая першая кніга за чатыры гады, папярэдняя — «Цырк», выйшла ў 2016 годзе. Зборнік будзе называцца «ROT» — загаловак будзе напісаны лацінскімі літарамі, і ў самой назьве будзе схаваны верш. У ёй таксама адлюстраваная мая цяга да моваў, бо прачытваць назву можна будзе па-рознаму: у залежнасьці ад таго, якімі мовамі вы валодаеце. Па-беларуску «rot» — гэта орган. Па-нямецку слова азначае «чырвоны». Па-нарвэску — «корань» і «кавардак». Па-ангельску — «гніць». І з гэтай шматзначнай і шматмоўнай назвы нараджаецца галоўны вобраз маёй кнігі, якая і пра «рот», і пра «род», і пра чырвоны, цялесны «корань» языка… Мова, род, рост і сталеньне — гэта асноўныя тэмы гэтай кнігі.

— Вы ўсё яшчэ дапрацоўваеце гэтую кнігу ці ўжо здалі яе рэдактару?

— Я ўжо аддала кнігу ў выдавецтвы. Мастацкім рэдактарам зборніка выступіла паэтка Вальжына Морт, якая напісала таксама прадмову да кнігі, а моўным рэдактарам быў Сяргей Шупа.

Шмат якія вершы з гэтай кнігі ўжо сям-там друкаваліся, некаторыя зь іх ужо перакладалі на розныя мовы. Да таго ж, многія вершы ўвайшлі ў раней выдадзеныя замежныя зборнікі: польскі «Cyrk i inne wiersze» (пераклад і ўкладаньне Богдана Задуры) і нямецкі «Zirkus» (пераклад Томаса Вайлера і Тыны Вюншман).

«Калі я стамляюся ад словаў»

— На заканчэньне я запытаю ў вас пра яшчэ адзін ваш занятак — фатаграфаваньне. Часта бачу вашы цікавыя здымкі ў Фэйсбуку ці яшчэ недзе ў сеціве. Што з гэтым?

— Магчыма, гэта ўсё ж маё хобі, а не, як вы кажаце, занятак. Фатаграфаваць я пачынала ў Парыжы ў 2016 годзе, калі мы з Альгердам Бахарэвічам былі там на ягонай стыпэндыі. А потым я неяк уцягнулася. Я не лічу сябе прафэсійнай фатографкай, але ў мяне былі выставы, да прыкладу, летась у Варшаве і ў музэі Максіма Багдановіча ў Менску. Апошняя выстава — у межах «Месяца фатаграфіі», чым я вельмі ганаруся.

Для мяне фатаграфія — гэта ў нейкай ступені працяг паэзіі. Калі я стамляюся ад словаў, бяруся за фотаапарат. Калі я стамляюся ад выяваў, калі не магу больш фатаграфаваць, тады зноў вяртаюся да словаў: да вершаў і перакладаў. Гэта своеасаблівае перацяканьне аднаго мастацтва ў другое. Але і тое, пра што я ўжо казала: мне ўвесь час хочацца нечаму вучыцца. І так я вучылася і, безумоўна, далей вучуся фатаграфаваць.

Размову ілюструюць фатаграфіі аўтарства Юліі Цімафеевай.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG