Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Deep Purple у року (і ў камені)


«Клясычны» склад Deep Purple: Джон Лорд, Роджэр Гловэр, Іян Гілан, Рычы Блэкмар, Іян Пэйс.

Сёньня споўнілася роўна 50 гадоў з выхаду ў сьвет альбому «Deep Purple In Rock», які стаў адным з краевугольных камянёў у разьвіцьці рок-музыкі. Новае гучаньне, якое ў гэтым альбоме прапанаваў гурт Deep Purple, захапіла сотні тысяч фанатаў року на сьвеце ды інсьпіравала шмат якія рок-гурты 1970-х і пазьнейшых гадоў.


Сёньняшнім аматарам рок-музыкі гэты музычны альбом можа гучаць ужо занадта па-старасьвецку і нецікава. Але для такіх мэляманаў, як я, якія слухалі Deep Purple у першай палове 1970-х па радыё «за жалезнай заслонай», гэтая музыка была глытком сьвежага паветра ды фармавала музычны густ на дзесяцігодзьдзі. І адначасова выклікала шкадаваньне — чаму я жыву тут, а яны выступаюць там, куды я не магу паехаць, і ніколі не пабываю на іхным канцэрце?..

«Deep Purple In Rock» быў чацьвёртым альбомам гурту, які ўзьнік у 1968 годзе. Пра тры папярэднія альбомы пісаць ня буду, бо яны былі эклектычнымі музычнымі мяшанкамі (у асноўным кавэрамі чужых кампазыцый), якія ніяк не прадвяшчалі той сэнсацыі, якую выклікаў іх чацьвёрты дыск.

Дыск запісаў «клясычны» склад Deep Purple (гэтак званы Mark II): Джон Лорд (клявішы), Роджэр Гловэр (бас-гітара), Іян Гілан (сьпевы), Рычы Блэкмар (гітара), Іян Пэйс (бубны). Усе песьні былі кампазыцыямі ўдзельнікаў гурту. Альбом на фоне пераважнай большасьці музычнай прадукцыі таго часу вылучаўся сваім «жорсткім» гучаньнем і віртуознасьцю інструмэнталістаў (асабліва Лорда і Блэкмара), дапоўненай «агрэсіўным» вакалам Гілана.

«Калі нешта не гучыць драматычна, яно ня мае права быць на альбоме», — сказаў калегам з гурту Рычы Блэкмар падчас запісаў «Deep Purple In Rock», якія адбываліся ў трох розных студыях у Лёндане ад жніўня 1969 да траўня 1970-га, у перапынках паміж шчыльна запоўненым графікам канцэртаў, на якіх музыкі шліфавалі свае кампазыцыі для векапомнага альбому.

Найлепшая, па-мойму, кампазыцыя гэтага альбому — 10-хвілінная песьня «Child in Time», ня толькі адна з найбольш пазнавальных песень Deep Purple, але і адна з найбольш вядомых кампазыцый ва ўсёй рок-музыцы.

Прамоцыі альбому «Deep Purple In Rock» спадарожнічала вельмі ўдалая, гітавая кампазыцыя «Black Night», якая ў чэрвені 1970 выйшла сынглам разам зь песьняй «Speed King» з альбому («Black Night» уключылі як бонус у юбілейнае выданьне альбому ў 1995 годзе).

З пэрспэктывы паўстагодзьдзя здаецца несумненным, што Deep Purple, разам з гуртамі Led Zeppelin і Black Sabbath, можна лічыць пачынальнікам стылю heavy metal і адначасова адным з найлепшых прадстаўнікоў музыкі hard rock. (Дзеля справядлівасьці адзначу, што ў тым памятным 1970 годзе зьявіліся яшчэ такія важныя для гэтай музыкі альбомы, як «Led Zeppelin III» ды «Paranoid» гурту Black Sabbath.)

Прамоцыі альбому «Deep Purple In Rock» дапамагла таксама вельмі ўдалая вокладка. На ёй «каменныя» (in rock) абліччы пяці музыкаў гурту ў бравурным мастацкім шаржы на барэльефныя абліччы чатырох амэрыканскіх прэзыдэнтаў, сапраўды высечаных у гары Рашмар у штаце Паўднёвая Дакота. Застаецца таямніцай, як мастаку-стваральніку вокладкі ўдалося «ўплішчыць» твары музыкаў у каменную гару тады, калі ніхто і ня марыў пра ніякія фаташопы.

У Deep Purple, на маю думку, ёсьць музычна лепшыя і цікавейшыя альбомы, чым «Deep Purple In Rock». Напрыклад «Machine Head» (1972) або «Come Taste the Band» (1975). Але гэты чацьвёрты — першапраходнік, таму ён і застаецца ў гісторыі.

Вядома, у сярэдзіне 1970-х я ня мог і марыць, што дажыву да часу, калі змагу схадзіць на канцэрт Deep Purple і паслухаць «жыўцом» усе тыя сотні разоў праслуханыя на магнітафоне песьні. Але чаго на сьвеце не бывае! Мінула 30 гадоў, і ў сярэдзіне нулявых гэтага стагодзьдзя Deep Purple прыехалі з канцэртам у Прагу. Ну як на такое не пайсьці і не прасьлязіцца?! З «клясычнага» складу ў гурце засталіся Гловэр, Гілан і Пэйс. І засталася энэргетыка, ня горшая за тую з 1970-х…

Што яшчэ? На сёлетні жнівень назначаны выхад новага альбому гурту, «Whoosh!». Паціху спадзяюся: можа, яны зноў завітаюць у Прагу?

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG