Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт, які ня верыў у каранавірус. Глупства? Не, прагматычны разьлік


Лекары ў Рыо-дэ-Жанэйра ўшаноўваюць памяць загіблых ад каранавірусу калегаў

Бразылія раптам стала трэцяй краінай у сьвеце, пасьля ЗША і Расеі, па колькасьці тых, хто заразіўся каранавірусам. Тут да 22 траўня зафіксавана больш як 310 тысяч выпадкаў інфікаваньня, памерлі ўжо больш за 20 тысяч чалавек.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пры гэтым, паводле ацэнак замежных экспэртаў, сапраўдныя маштабы эпідэміі ў Бразыліі могуць быць вышэйшыя за афіцыйныя ў 15 разоў. Сёньня бразыльцы і ўвесь сьвет прыгадваюць, як бразыльскі прэзыдэнт Жаір Балсанару, былы афіцэр-дэсантнік часоў дыктатуры, да апошняга ня верыў у небясьпеку новага каранавірусу і няспынна высьмейваў карантынныя крокі ўрадаў іншых краінаў.

Дональд Трамп, якога Жаір Балсанару заўсёды называў сваім кумірам, 20 траўня заявіў, што мае намер увесьці забарону на ўезд у Злучаныя Штаты для ўсіх, хто прыбывае з Бразыліі: «Я не хачу, каб сюды прыяжджалі хворыя людзі і заражалі нашых грамадзянаў».

На працягу апошніх месяцаў Жаір Балсанару ва ўсіх выступах прыхоўваў небясьпеку новага каранавірусу, называючы яго «маленькім грыпам» (gripezinha), нагадвае расейская служба Радыё Свабода. Нядаўняе абвастрэньне сытуацыі ён пракамэнтаваў так: «Мне шкада. Што вы хочаце, каб я зрабіў?» Бразыльскі прэзыдэнт пры гэтым працягвае зьбіраць мітынгі сваіх прыхільнікаў, такіх жа «Кавіда-дысыдэнтаў», і публічна настойвае на больш хуткім паслабленьні дзеючых карантынных крокаў. Балнасару па-ранейшаму перакананы ў тым, што эканамічныя страты ад іх значна страшнейшыя, чым сама хвароба. «Моцныя выжывуць, а слабейшыя, каму наканавана памерці, хай памруць», — нядаўна сказаў ён. І моцна закашляўся.

Губэрнатары штатаў Бразыліі, якая зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай, валодаюць немалой уладай і могуць самі прымаць рашэньні, зьвязаныя з карантыннымі абмежаваньнямі. Большасьць іх увесь час крытыкуе Жаіра Балсанару — аднак паўсюдна жорсткі карантын у краіне ня ўводзіўся. Замест гэтага губэрнатары, баючыся ціску са сталіцы і з боку прыхільнікаў прэзыдэнта на месцах, увялі карантын толькі ў асобных гарадах ці ўвогуле пераклалі адказнасьць за гэтыя рашэньні на мэраў гарадоў і раённыя адміністрацыі.

Паводле апошніх зьвестак, сёньня мацней за ўсё эпідэмія закранула штат Сан-Паўлу, дзе толькі паводле афіцыйных дадзеных выяўлена амаль 74 тысячы хворых. За ім ідуць штаты Сэара і Рыо-дэ-Жанэйра, дзе інфікаваныя прыкладна па 32 тысячы чалавек. Акрамя таго, новы каранавірус асабліва моцна ўдарыў па карэнных індзейскіх народах аддаленых абласьцей Бразыліі, якія жывуць у асноўным у Амазоніі.

Пра эпідэмію ў Бразыліі і паводзінах яе прэзыдэнта ў размове зь міжнародным аглядальнікам расейскай службы Радыё Свабода Аляксандрам Госьцевым разважае знаўца Лацінскай Амэрыкі, палітоляг і сацыёляг Тацьцяна Варажейкіна:

— Несумненна, гэта яго асабісты комплекс «маскуліннасьці», — кажа Варажэйкіна, маючы на ўвазе Жаіра Балсанару. — Ён, уласна, на гэтым мачысцкім іміджы і выйграў прэзыдэнцкія выбары — на нянавісьці да жанчын, да сэкс-меншасьцяў і гэтак далей. Балсанару працягвае палітыку адмаўленьня бяды, і яна зусім жахлівая для яго краіны. Губэрнатары штатаў, мэры найбуйнейшых гарадоў уводзяць правілы ізаляцыі, карантыну, а прэзыдэнт кпіць: «Не, гэта просты «грыпчык». І больш за тое, пагражае сваім супернікам у кангрэсе і ў Вярхоўным судзе ваенным пераваротам! Гэтая сытуацыя спараджае для большасьці насельніцтва зусім дзікую сытуацыю: улады штатаў, якія непасрэдна сутыкаюцца з эпідэміяй, кажуць адно, а Балсанару — супрацьлеглае.

Завод па вырабу трунаў у Сан-Паўлу працуе 24 гадзіна на суткі ўжо некалькі дзён
Завод па вырабу трунаў у Сан-Паўлу працуе 24 гадзіна на суткі ўжо некалькі дзён

Але чаму яшчэ ён гэта робіць? Я думаю, і з абсалютна прагматычным палітычным разьлікам. Таму што Бразылія — гэта краіна, у якой, прынамсі, палову насельніцтва немагчыма пакінуць сядзець у карантыне. Людзі памруць з голаду! І Балсанару да гэтага не бяз посьпеху апэлюе. Ён і яго прыхільнікі крычаць, што падзеньне эканомікі, зьніжэньня ўзроўню працоўнай занятасьці заб’юць значна больш людзей, чым каранавірус, і на гэтай падставе патрабуюць адмены карантынных забаронаў, уведзеных губэрнатарамі. Цяжка паверыць, але ў Бразыліі за месяц сышлі ў адстаўку два міністры аховы здароўя, члены ўраду. На іх рабіўся калясальны ціск, каб яны аслаблялі карантын — у той час, як статыстыка захворваньня і сьмерцяў у Бразыліі жахлівая, і гэта ня лічачы тых, каго палічыць немагчыма.

—- Бразылія вельмі нябедная дзяржава, як і Расея, калі казаць пра бюджэт. Чаму такія жахі адбываюцца цяпер там усюды — сумятня, недахоп лекараў, абсталяваньня, масак і іншага, нават месцаў на могілках і ў пахавальных канторах? Усё ж раптоўны ўдар каранавірусу — гэта толькі правал уладаў або, што называецца, «нацыянальны характар» таксама адыграў сваю ролю?

— Па-першае, паўтару, прычынай зьяўляецца гэты дзікі кагнітыўны дысананс, які адчувае звычайны, ня вельмі адукаваны грамадзянін Бразыліі, калі ўлады штату кажуць яму адно, а прэзыдэнт краіны проста супрацьлеглае. На шчасьце, Бразылія ўсё-ткі сапраўды фэдэратыўная рэспубліка, і тое, што эпідэмія не ахапіла яшчэ большую колькасьць людзей, варта прызнаць заслугай уладаў штатаў і гарадоў. Другая прычына — сацыяльная. Гэта дзікая няроўнасьць. Тыя, хто жывуць у жабрацкіх пасёлках і раёнах, як правіла, ня маюць доступу да якаснага мэдычнага абслугоўваньня. Адпаведна, у бедных кварталах вялікіх гарадоў, у бедных штатах паўночнага ўсходу і паўночнага захаду ўсё носіць такі трагічны і хаатычны характар.

Пахаваньне правадыра аднаго зь плямёнаў у Амазоніі, які памёр ад каранавірусу
Пахаваньне правадыра аднаго зь плямёнаў у Амазоніі, які памёр ад каранавірусу

Мяркую, што, вядома, галоўная віна ляжыць на ўладах. Я ня схільная ў чымсьці вінаваціць нацыянальны характар, гэта наогул рэч, якая цяжка паддаецца вызначэньню. Але, вядома, у Бразыліі, гэтак жа як у Гішпаніі ці Італіі, людзі пры знаёмстве цябе цалуюць, абдымаюць, сьвяткуюць заўсёды велізарнымі кампаніямі, гэта нацыянальная звычка, сёньня — небясьпечная. І тыя, хто калі-небудзь у жыцьці бачыў фавэлы Сан-Паўлу або Рыо-дэ-Жанэйра, зь іх дзікай цеснатой, зразумела, уяўляе, якое там можа быць «сацыяльнае дыстанцыяваньне», які там «карантын». Па прызнаньні, зноў жа, мэра Сан-Паўлу, усё большая і большая колькасьць інфікаваных выяўляецца менавіта на пэрыфэрыі гораду.

Гэта гіганцкая аглямэрацыя, там жыве больш за 20 мільёнаў чалавек, і менавіта на «чорных», бедных ўскраінах ўсё больш і больш ачагоў інфэкцыі. Калі цэнтар гэтага вялізнага гораду яшчэ неяк знаходзіцца пад кантролем, таму што там вельмі добрая, сапраўды, сыстэма аховы здароўя, то чым далей ад яго, тым сытуацыя горшая.

Інтэрвію цалкам на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG