Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літаратурным музэі адкрылася выстава пра «месца сілы» Багушэвіча — «Бласлаўлёныя Кушляны»


21 сакавіка 180-ы дзень народзінаў адзначыць Францішак Багушэвіч — паэт, грамадзкі дзяяч і народны адвакат. Юбілей сьвяткуе і «месца сілы» пісьменьніка — сядзіба Багушэвіча ў Кушлянах, дзе 30 гадоў таму заснавалі музэй.

«Багушэвіч ня ўпісваўся ані ў якую сыстэму»

Каб наведнікі адчулі атмасфэру мясьцінаў Багушэвіча, у літаратурным музэі зладзілі выставу «Бласлаўлёныя Кушляны». Фотакарткі, рарытэтныя выданьні твораў, рукапісы, сямейныя рэчы і, вядома, тое самае «месца сілы» на здымках і карцінах. Але больш за ўсё перадаюць энэргетыку Багушэвіча мэбля і побытавыя рэчы. Крэсла, на якім ён сядзеў, срэбраная лыжка ці вафэльніца — звычайныя рэчы, якія паглыбяць у тыя часы.

«Багушэвічы першапачаткова мелі маёнткі каля самога Крэва і каля Полацку, — апавядае ў гутарцы з Радыё Свабода Алесь Жамойцін, загадчык музэю-сядзібы ў Кушлянах. — Гэта наша спаконвечная шляхта, карані якой сягаюць у гісторыю. Іхны радавод можна прасачыць з XVI стагодзьдзя. Таму і Кушляны аўтаматычна стаюць ў разрад такіх „месцаў сілы“, бо знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці да гістарычнага Крэва».

Алесь Жамойцін
Алесь Жамойцін


Маёнтак Багушэвічы набылі ў 1749 годзе, а сядзібу — драўляную хатку сярод старажытнага маляўнічага парку, — адбудаваў сам Францішак у 1896-м. Будынак захаваўся цалкам, перажыўшы Першую ўсясьветную вайну, калі немцы стварылі там шпіталь, і Другую ўсясьветную, і савецкія часы, калі там былі клюб і бібліятэка.

«У музэй прыяжджаюць людзі, якім пашанцавала з настаўнікамі і яны на ўзроўні школы ведаюць, хто такі Багушэвіч, — кажа Жамойцін. — Ці ўжо сфармаваныя асобы, для якіх Багушэвіч у шэрагу тых, хто стварыў перадумовы і для ўтварэньня беларускай дзяржаўнасьці, і развіцьця беларускай культуры, і беларускага пісьменства».

«Калі браць XIX стагодзьдзе, якое і называецца адраджэнцкім і дзе ёсьць карані новай літаратуры, літаратурнай мовы, то Францішак Багушэвіч — дрэва, зь якім мала што параўнаецца, бо, перш чым пачаць пісаць, ён багата перажыў, і ягоны лёс быў неадрыўны ад усяго народу, пра што сьведчыць ягоны ўдзел у паўстаньні 1863 году», — тлумачыць літаратуразнаўца, археограф, пісьменьнік Язэп Янушкевіч.

Язэп Янушкевіч
Язэп Янушкевіч

«Ён належыць да тых пісьменьнікаў, якіх з розных прычынаў усе цэнзуравалі. Антон Луцкевіч пісаў, што ксяндзы выкідалі зь ягоных твораў фрагмэнты, дзе ксёндз у чыстцы, дзе ён грэшны. А ўжо за савецкім часам выкідаліся ягоныя творы, у якіх нібыта быў антысэмітызм. То бок Францішак Багушэвіч ня ўпісваўся цалкам у сваіх творах ані ў якую сыстэму», — дадае Ігар Запрудзкі, дацэнт катэдры гісторыі беларускай літаратуры БДУ.

«Паважаю такіх людзей. Цяпер такі чалавек таксама быў бы патрэбны. Але ці ўспрынялі б яго? — разважае навуковая супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага музэю Яўгенія Ясько. — Сучаснай моладзі, мне здаецца, яго асоба ня будзе цікавая, хіба толькі нейкай супэрсьвядомай менскай моладзі. Але рэч ня ў ім, натуральна. Людзі ня ведаюць, якая ў нас цікавая гісторыя, і калі я гэта пішу, ледзьве ня плачу, бо вельмі люблю сваю краіну. Але сама не магу сказаць, што раблю ўсё, што магу, каб ужываць беларускую мову і папулярызаваць яе. Таму і іншых вінаваціць ня буду».

Выстава «Бласлаўлёныя Кушляны» працягнецца да 25 красавіка. Для тых, хто ня хоча выходзіць з дому, ёсьць электроннае выданьне зь вялікай колькасьцю матэрыялаў — фатаздымкамі, лістамі, дакумэнтамі, творамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG