Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Крыстэў пра сем першых урокаў каранавірусу


Іван Крыстэў (Ivan Krastev)

Каранавірусны крызіс радыкальна паўплывае на падыходы Эўразьвязу да ўсіх іншых крызісаў, з якімі ён сутыкнуўся за апошняе дзесяцігодзьдзе, лічыць баўгарскі палітычны аналітык Іван Крыстэў (Иван Кръстев, ​Ivan Krastev), адзін з заснавальнікаў Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў, у блогу на сайце рады.

«У якія дзіўныя дні мы жывем, — напісаў мне ўчора гішпанскі сябар, — і яны сапраўды дзіўныя. Мы ня ведаем, калі скончыцца пандэмія COVID-19; мы ня ведаем, як яна скончыцца; і цяпер мы можам толькі здагадвацца пра яго доўгатэрміновыя палітычныя і эканамічныя наступствы. У часе крызісу мы заражаныя вірусам няпэўнасьці. Але ёсьць як мінімум сем рэчаў, якія робяць гэты крызіс вельмі адрозным ад папярэдніх.

Першы ўрок заключаецца ў тым, што, у адрозьненьне ад фінансавага крызісу 2008–2009 гадоў, каранавірус прымусіць вярнуцца да моцнага ўраду. Пасьля краху Lehman Brothers шмат хто з назіральнікаў лічыў, што спароджаны крызісам недавер да рынку прывядзе да большай веры ва ўрад. Гэтая канцэпцыя не была новай: у 1929 годзе, пасьля прыходу Вялікай дэпрэсіі, людзі запатрабавалі моцнага ўрадавага ўмяшаньня для ліквідацыі правалаў на рынку. У 1970-х гадах усё было наадварот: людзі былі расчараваныя ўрадавым умяшаньнем, і яны зноў пачалі верыць у рынак. Парадокс 2008–2009 гадоў палягае ў тым, што недавер да рынку не прывёў да патрабаваньняў большага ўмяшаньня з боку ўраду. Зараз каранавірус істотна верне ўраду ягоную вагу. Людзі спадзяюцца, што ўрад арганізуе калектыўную абарону супраць пандэміі, яны спадзяюцца, што ўрад уратуе эканоміку, якая ідзе на дно. Эфэктыўнасьць урадаў цяпер ацэньваецца іх здольнасьцю зьмяняць штодзённыя паводзіны людзей.

Другі ўрок заключаецца ў тым, што каранавірус яшчэ раз дэманструе містыку межаў і дапаможа зацьвердзіць зноў ролю нацыянальнай дзяржавы ўнутры Эўрапейскага Зьвязу. Гэта ўжо можна ўбачыць у закрыцьці многіх межаў паміж краінамі — і ў тым, што кожны ўрад у Эўропе засяроджваецца на сваім народзе. У звычайных умовах краіны-ўдзельніцы не рабілі б ніякіх адрозьненьняў паміж грамадзянствамі пацыентаў у сваіх сыстэмах аховы здароўя, але ў гэтым крызісе яны, хутчэй за ўсё, будуць аддаваць перавагу сваім грамадзянам (гаворка ідзе не пра імігрантаў зь іншых рэгіёнаў, а пра эўрапейцаў з пашпартамі ЭЗ). Такім чынам, каранавірус будзе ўзмацняць нацыяналізм, хоць праўда не этнічны нацыяналізм. Каб выжыць, урад папросіць грамадзян узьвесьці муры ня проста паміж дзяржавамі, а паміж асобнымі людзьмі, бо небясьпека заразіцца зыходзіць ад людзей, зь якімі яны часьцей за ўсё сустракаюцца. Найбольшую рызыку ўяўляюць не незнаёмыя людзі, а найбліжэйшыя да вас.

Трэці ўрок каранавірусу тычыцца даверу да экспэртызы. Фінансавы крызіс і крызіс уцекачоў 2015 году выклікалі вялікую незадаволенасьць грамадзтва экспэртамі. Гэты зрух, які стаў адным з галоўных посьпехаў палітыкаў-папулістаў за апошнія дзесяць гадоў, будзе адменены каранавірусам. Большасьць людзей вельмі гатовыя давяраць экспэртам і прыслухоўваюцца да навукоўцаў, калі на карту пастаўленае іхнае жыцьцё. Ужо можна заўважыць, наколькі гэта дадало даверу да прафэсіяналаў, якія вядуць барацьбу з вірусам. Прафэсіяналізм зноў у модзе.

Чацвёрты ўрок можна інтэрпрэтаваць па-рознаму, але тым ня менш ён вельмі важны. На жаль, каранавірус можа надаць большую прывабнасьць шырокамаштабнаму аўтарытарызму, які практыкуе кітайскі ўрад. Кітайскіх лідэраў можна вінаваціць у адсутнасьці празрыстасьці, з прычыны чаго яны павольна рэагавалі на распаўсюджаньне вірусу, але эфэктыўнасць іх рэакцыі і здольнасьць кітайскай дзяржавы кантраляваць рух і паводзіны людзей вельмі ўражваюць. Ва ўмовах цяперашняга крызісу грамадзяне пастаянна параўноўваюць рэакцыю і эфэктыўнасьць сваіх урадаў зь дзеяньнямі іншых урадаў. І ня варта зьдзіўляцца, калі на другі дзень пасьля крызісу будзе Кітай выглядаць як пераможца, а ЗША — як пераможаныя.

Пяты ўрок датычыць кіраваньня ў крызіснай сытуацыі. Чаму ўрады навучыліся ў барацьбе з эканамічнымі крызісамі, крызісам уцекачоў і тэрактамі, дык гэта таму, што паніка была найгоршым ворагам. Калі б месяцамі пасьля тэракту людзі зьмянілі штодзённыя паводзіны і перасталі пакідаць свае дамы, гэта дапамагло б тэрарыстам дасягнуць сваіх мэтаў. Тое самае было і ў 2008-2009 гадах: зьмена ў паводзінах часта павялічвала кошт крызісу. Таму адказам лідэраў і астатніх грамадзянаў былі лёзунгі «захоўвайце спакой», «працягвайце жыць», «ігнаруйце рызыку» і «не перабольшвайце». Цяпер урадам даводзіцца загадваць грамадзянам зьмяніць свае паводзіны і заставацца дома. А посьпех урадаў у гэтай справе вельмі залежыць ад іх здольнасьці запалохаць людзей так, каб яны рабілі тое, што ім загадана. «Не панікуйце» — памылковы мэсыдж ва ўмовах крызісу COVID-19. Каб стрымаць пандэмію, людзі мусяць панікаваць — і мусяць кардынальна зьмяніць свой лад жыцьця.

Шосты ўрок заключаецца ў тым, што крызіс COVID-19 будзе мець моцны ўплыў на дынаміку адносінаў паміж пакаленьнямі. Ва ўмовах дыскусій пра зьмены клімату і зьвязаныя зь ёй рызыкі, маладыя пакаленьні вельмі крытычна ставіліся да старэйшых за тое, што яны эгаістычныя і ня думаюць пра будучыню сур’ёзна. Каранавірус перакульвае гэтую дынаміку: цяпер у грамадзтве старэйшыя людзі значна больш уразьлівыя і адчуваюць пагрозу ў відавочным нежаданьні міленіялаў зьмяніць свой лад жыцьця. Гэты міжпакаленчы канфлікт можа ўзмацніцца, калі крызіс будзе працягвацца доўга.

Сёмы ўрок заключаецца ў тым, што ў пэўны момант урады будуць вымушаныя выбіраць паміж стрымліваньнем пашырэньня пандэміі за кошт разбурэньня эканомікі і дапушчэньнем большых чалавечых стратаў дзеля ўратаваньня эканомікі.

Пакуль яшчэ вельмі рана разважаюць пра палітычнае ўзьдзеяньне COVID-19. Крызіс апраўдаў страхі антыглябалістаў: закрыцьцё аэрапортаў і самаізаляцыя людзей выглядаюць як судны дзень глябалізацыі. Але, як ні парадаксальна, новая антыглябалісцкая сытуацыя можа аслабіць папулісцкіх палітычных дзеячоў, якія, нават калі яны маюць рацыю, ня маюць рашэньня праблемы. Крызіс COVID-19 таксама радыкальна паўплывае на падыходы Эўразьвязу да ўсіх іншых крызісаў, з якімі ён сутыкнуўся за апошняе дзесяцігодзьдзе. Падаткавая дысцыпліна больш ня лічыцца эканамічнай мантрай нават у Бэрліне, і няма эўрапейскага ўраду, які б у гэты момант выступаў за адкрыцьцё межаў для ўцекачоў.

Паглядзім, як менавіта крызіс паўплывае на будучыню эўрапейскага праекту. Але зразумела, што ў цэлым каранавірус паставіць пад сумнеў некаторыя асноўныя палажэньні, на якіх грунтуецца ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG