Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне плянуюць адкрыць помнік беларускаму пісьменьніку Яну Баршчэўскаму


Ян Баршчэўскі

Чуднаўская гарадзкая рада на чарговай сэсіі ў красавіку разгледзіць пытаньне аб вылучэньні зямельнага надзелу, на якім плянуюць паставіць помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму — ён жыў і памёр у горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласьці.

Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве
Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве

«Цяпер мы разглядаем два магчымыя месцы для помніка Баршчэўскаму, але больш схіляемся да таго, што помнік мусіць быць пастаўлены паблізу рыма-каталіцкага касьцёлу Адшуканьня Крыжа Гасподняга», — паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.

Паводле яе, ідэю такога ўшанаваньня памяці Яна Баршчэўскага падтрымалі Міністэрства культуры Беларусі, Літаратурны музэй і Фонд імя Льва Сапегі.

«Фонд прапанаваў ужо і эскіз помніка, які мае паяднаць бюст і тую надмагільную пліту, што знайшлі летась у Чуднаве. Мы хацелі б, каб гэта адбылося ў верасьні, калі мы адзначаем дзень гораду», — дадала Сьвятлана Захарчанка.

Што папярэднічала

Летась у красавіку ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага. Спачатку яе перадалі на захоўваньне ў мясцовы рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга, а потым перавезьлі ў Жытомір і перадалі абласному аддзяленьню Саюзу палякаў Украіны.

Рэстаўраваць надмагільле яшчэ не пачалі. Знаходцы таксама пакуль не прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

У дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знаходзіцца мэтрычны дакумэнт аб сьмерці Яна Баршчэўскага. Да таго дакладная даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая не захавалася.

Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах навакольлямі возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску. Сама вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне прозьвішчам Максімовіч) і «Бунт хлопаў».

У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Юліі Жавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG