Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аднойчы ў вялізным горадзе». Як прайшоў першы інклюзіўны спэктакль на сцэне Купалаўскага


29 лютага прайшоў інклюзіўны спэктакль «Аднойчы ў вялізным горадзе» — першы на сцэне Купалаўскага. Праўда, ад нацыянальнага тэатру гэтым разам толькі сцэна і некалькі майстар-клясаў для маладых актораў. Аўтары спэктаклю «Аднойчы ў вялізным горадзе» — сямейны інклюзіў-тэатар «І».

Квіткі на спэктакль пачалі прадаваць у студзені. Але скарысталі не тэатральную касу, а краўдфандынгавую плятформу Ulej.by

Неабходны мінімум сродкаў сабралі менш чым за суткі.

Гэта ня першы і не адзіны інклюзіўны спэктакль у Беларусі. Але арганізатары выйшлі за межы будзённай арганізацыі тэатральнай пастаноўкі.

Разам з квітком можна было набыць трэнінг у Віталя Гуркова, квіткі на канцэрт гуртоў Nizkiz і «Молчат дома», майстар-клясу з купалаўцамі. А можна было паглядзець спэктакль у адной VIP-ложы са Сьвятланай Алексіевіч і нават выпіць зь ёю гарбаты пасьля паказу (усе тры лоты па 200 рублёў кожны — выкупленыя). На жаль, у дзень паказу Алексіевіч захварэла, таму выкананьне гэтага лоту давялося перанесьці.

Ірына Пушкарова, рэжысэрка і мастацкая кіраўнічка інклюзіў-тэатру «І», у першай прафэсіі балерына. Па завяршэньні балетнай кар’еры яна адкрыла сваю харэаграфічную студыю. Аднойчы прыняла ў свой калектыў дзіця з аўтызмам — з гэтага пачалася гісторыя яе інклюзіўнага тэатру.

Харэаграфічны грунт Ірыны відаць у пастаноўцы: гэта дзіцячы м’юзікал з акцэнтам на масавыя харэаграфічныя нумары. Такі харэаграфічны ход дазваляе ўключыць у спэктакль максымум удзельнікаў — на сцэну агулам выходзяць каля 100 артыстаў. Значная частка іх — маленькія ўдзельнікі хору «Музычныя пацеркі», што працуе пры музычнай школе № 10 імя Я. Глебава. У спэктаклі граюць і больш за дваццаць дзяцей з аўтызмам. Цягам спэктаклю амаль немагчыма адрозьніць, хто зь дзяцей мае нейкія асаблівасьці разьвіцьця. Спэктакль — відавочная дэманстрацыя інклюзіўнага грамадзтва.

Спэктакль заснаваны на апавяданьні Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ялінцы». Ірына кажа, што гэтае апавяданьне стала першым сур’ёзным творам, які яна і дзеці абмеркавалі. Прычым абмяркоўвалі тэму сьмерці.

«Дзеці пра сьмерць пачынаюць думаць даволі рана, — кажа Ірына. — Я прыйшла да дзяцей і спытала, ці хочуць яны паразмаўляць на такія складаныя філязофскія тэмы. Яны сказалі: „Так, проста нам няма з кім“. Да таго ж у гэтым маленькім апавяданьні вельмі ёміста выяўленая тэма адзіноты чалавека, не такога, як усе».

У размовах падчас падрыхтоўкі п’есы «Аднойчы ў вялізным горадзе» нарадзіўся другі спэктакль — «Восем пачуцьцяў». Менавіта ён стаў той пляцоўкай, дзе дзеці змаглі разам паплакаць, пасьмяяцца і пабыць адно з адным.

«Дзеці вельмі самотныя, асабліва калі пачынаецца падлеткавы пэрыяд, сталеньне, — кажа Ірына. — Іх апаноўвае процьма розных эмоцыяў. У тым ліку нэгатыўных. Я раней ня ведала, што дзеці з аўтызмам зь цяжкасьцю адрозьніваюць эмоцыі. Станоўчыя яшчэ могуць, але адмоўныя — не. Ім складана самім гэтыя эмоцыі праявіць. Мы гэтым займаемся на занятках, спрабуем ператравіць гэтыя эмоцыі».

Інклюзіўны тэатар «І» — сямейны. Што гэта значыць, патлумачыў у вітальным слове прадусар тэатру Леанід Дзінарштэйн. Дзеці граюць дзяцей, дарослыя граюць дарослых, і ў выніку атрымліваецца максымальна шчырая гісторыя.

Наступны спэктакль «Восем пачуцьцяў» сямейны інклюзіў-тэатар «І» пакажа 15 сакавіка ў ДК МАЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG