Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя гісторыкі апраўдалі разьмяшчэньне кадэцкай вучэльні ля Сафійскага сабора ў Полацку 


Будаўніцтва кадэцкай вучэльні ля Сафійскага сабору ў Полацку

Газэта «Звязда» ініцыявала круглы стол, прысьвечаны пытаньням археалягічнага нагляду на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Сярод іншага ўздымалася пытаньне законнасьці будаўнічай актыўнасьці ў Полацку, дзе побач з Сафійскім саборам улады хочуць разьмясьціць кадэцкі корпус, хоць раней гэтая тэрыторыя плянавалася пад турыстычныя патрэбы.

Як паведамляла Свабода, летась побач зь Верхнім замкам пачалася маштабная рэканструкцыя. Згодна з плянамі, да 2021 году ў будынках, якія працяглы час займаў шпітальны гарадок, разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гэта значыць, побач з саборам зьявіцца рэжымны аб’ект, які ўскладніць подступы да замчышча.

Запрошаныя на дыскусію ў рэдакцыю «Звязды» адмыслоўцы, якія прадстаўляюць розныя дзяржаўныя структуры, сышліся ў думцы, што сытуацыя пад кантролем, ахоўнае заканадаўства не парушаецца. Незалежныя экспэрты падобным падыходам абураныя.


Афіцыйная пазацыя: «Дзейнасьць без парушэньня заканадаўства»

Намесьнік дырэктара па навуковай рабоце Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Лакіза:

«Так, цяпер гэтая сытуацыя актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Выказваюцца вельмі розныя думкі. Але пакуль што заказчык тых работ не адышоў ні на адну кропку ад выкананьня заканадаўства пры ўзгадненьні і, спадзяюся, далейшым ажыцьцяўленьні захадаў у ахове археалягічнай спадчыны».

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Верхняга замку
Будаўнічыя работы на тэрыторыі Верхняга замку

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А. Куляшова, доктар гістарычных навук Дзяніс Дук:

«На Верхнім замку ў паваенны час не было аніякага праекту археалягічных раскопак. Так, старажытны княжацкі храм ХІІ стагодзьдзя быў выпадкова адкрыты, калі капалі катлаван пад морг. І сёньня, калі той зьнесены, пляцоўка будзе выкладзена спэцыяльнай пліткай, каб пабачыць контуры гэтай царквы, якую, хутчэй за ўсё, называлі ў гонар Архангела Міхаіла. Парэшткі захоўваюцца ў зямлі, і, калі зьявіцца такая патрэба, можна будзе іх далей дасьледаваць.

Драўляныя будынкі ХІІІ стагодзьдзя на тым месцы, дзе самы вялікі культурны пласт у Полацку, да 8 мэтраў, як былі адкрытыя? У 1958 годзе, калі ўзводзіўся анкадыспансэр, былі выкінутыя на паверхню бярвёны. Тады грамадзкасьць падняла пытаньне: што тут робіць экскаватар? І работы былі прыпыненыя, зьявіліся археолягі і пачаліся буйнамаштабныя раскопкі... Сёньня ёсьць інвэстыцыйны праект, разуменьне, што там будзе наведзены парадак».

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Верхняга замку
Будаўнічыя работы на тэрыторыі Верхняга замку

Загадчыца Цэнтру археалёгіі і старажытнай гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук Вольга Ляўко:

«Некаторыя калегі пачалі заклікаць: падымайся, народ, бараніць Полацак. Ад чаго? Тыя, хто сапраўды хвалюецца, што адбываецца на Верхнім замку, маглі бы звярнуцца да нас, мы б усё паказалі. У 2018 годзе, калі распрацоўваўся праект рэканструкцыі, прадстаўнікі праектнай установы да мяне езьдзілі з кожнай часткай пляну на ўзгадненьне. Для іх я зрабіла вялікую тэчку з матэрыяламі аб тых дасьледаваньнях, якія ўжо праводзіліся на тэрыторыі Верхняга замку за 80 гадоў.

Інстытут даў свае рэкамэндацыі, як мінімізаваць умяшаньне ў культурны пласт, каб зберагчы яго для будучых пакаленьняў, бо бегчы за бульдозэрам, выцягваючы з-пад яго нейкія знаходкі, было б няправільна. Усё гэта прадугледжана і рэалізуецца. На адкрытых участках, на якіх можна правесьці стацыянарныя раскопкі, прысутнічаюць археолягі. Кожны кавалак зямлі на гэтай тэрыторыі знаходзіцца пад нашым кантролем. На парушэньні, якія могуць дапускацца, рэакцыя імгненная і жорсткая — аж да адхіленьня арганізацыі ад далейшага ўдзелу ў работах».

Тэрыторыя за плотам вызначаная пад кадэцкую вучэльню
Тэрыторыя за плотам вызначаная пад кадэцкую вучэльню

Начальніца упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір:

«Заканадаўствам, у прыватнасьці палажэньнямі Кодэксу Рэспублікі Беларусь „Аб культуры“, прадугледжана распрацоўка праектаў зонаў аховы, згодна зь якімі рэглямэнтуюцца пытаньні ўтрыманьня і выкарыстаньня аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, пакуль такі праект зоны аховы гістарычнага цэнтру Полацку не гатовы.

Мясцовыя органы ўлады павінны арганізоўваць распрацоўку праектаў зонаў аховы і ня толькі гістарычных цэнтраў гарадоў, а ў тым ліку і аб’ектаў археалёгіі, архітэктуры, помнікаў гісторыі. На працягу 2019 году была арганізавана распрацоўка і зацьверджана Міністэрствам культуры 28 праектаў зонаў аховы менавіта па археалёгіі. Такія дакумэнты павінны абавязкова быць, зь імі было б прасцей працаваць, нават, калі ёсьць нейкія парушэньні, прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці».

Да Сафійскага сабору хочуць падсяліць кадэтаў
Да Сафійскага сабору хочуць падсяліць кадэтаў

Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.

«Так, трэба аформіць зону аховы гістарычнага цэнтру Полацку. Фактычна яна ёсьць — магчыма, на нейкім этапе мясцовыя ўлады не зрабілі крок, каб яе афіцыйна зарэгістраваць. Але самае важнае, што дасьледаваньні тут выконваюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Думаю, шчыльнае ўзаемадзеяньне дапаможа вырашаць многія праблемныя моманты. Наш інстытут супрацоўнічае і зь Міністэрствам адукацыі, і зь Міністэрствам культуры. Калі ўзнікаюць пэўныя пытаньні, мы тэрмінова прымаем рашэньні, прыпыняем работы».

Незалежная пазыцыя: «Магільшчыкі беларускай дзяржаўнасьці»

Археоляг, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў — акурат той «калега-гісторык», які заклікае тэрмінова «бараніць Полацак». І, хоць ён 45 гадоў свайго жыцьця прысьвяціў вывучэньню полацкіх нетраў, на круглы стол у «Звязду» яго не запрасілі.

У ранейшых камэнтарах для Свабоды адмысловец адзначаў, што прарасейскай кадэцкай вучэльні ня месца побач з нацыянальнай сьвятыняй, а «бульдозэрную рэстаўрацыю» называў узаконеным злачынствам. Пасьля апошніх заяваў калегаў ў сваім поглядзе толькі ўмацаваўся.

Археоляг Сяргей Тарасаў
Археоляг Сяргей Тарасаў

«Камэнтаваць можна кожны сказ: ад „узгадненьняў“ і „непарушнасьці“ культурнага археалягічнага пласта да „вішанькі на торце“ — сьпілаваньня дрэваў без „выкарчоўваньня“ (самае каштоўнае для археалёгіі якраз у драўляных каранях). Мне прыкра, сумна і сорамна за вас, калегі. Што вы робіце, дзе вашае сумленьне! Усе разам аддаяце ня проста зямлю, ахвяруеце сэрца нашай дзяржавы, душу нашай радзімы, Грааль айчыннай археалёгіі — каму? Грашам і маскоўскім кадэтам!

Ва ўсіх нас заўжды ёсьць магчымасьць выбару: альбо ўвайсьці ў гісторыю, альбо ў гісторыю „ўляпацца“. Падобна, спадарове, вы выбралі апошняе. З усёй пашанаю да вашых прафэсійных дасягненьняў (манаргафіі і энцыкляпэдыі, безумоўна, застануцца на вякі), ня станьце магільшчыкамі калыскі нашай дзяржаўнасьці. Аб вас будуць казаць экскурсаводы ў Полацку, прыводзячы прыклад Герастрата. Іншага ня будзе...»

Частка былога езуіцкага калегіюму перададзена Полацкаму ўнівэрсытэту
Частка былога езуіцкага калегіюму перададзена Полацкаму ўнівэрсытэту

Некалькі гадоў таму на падставе Комплекснай праграмы разьвіцьця Полацку быў распрацаваны інвэстыцыйны праект. Плянавалася ўзнавіць страчаныя будынкі базыльянскага кляштара, музэіфікаваць руіны храмаў і грамадзянскіх пабудоваў XII стагодзьдзя, стварыць цэнтар гісторыі і археалёгіі. А таксама аднавіць абарончыя вежы, збудаваць назіральныя пляцоўкі, пешаходны мост, гатэлі і кавярні ў сярэднявечным стылі.

Дзеля гэтага прадугледжваўся вывад мэдыцынскіх устаноў з ахоўнай зоны. Але фактычна толькі той пункт і рэалізаваны — на тэрыторыі Верхняга замку не зьявілася ні гатэляў, ні кавярняў, ні музэяў, ні галерэі. Амбітныя пляны зьвяліся да перасяленьня ў гістарычныя будынкі кадэцкай вучэльні. Мяркуецца, што 300 кадэтаў заедуць у казармы 1 верасьня 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG