Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы знакаміты найміт у сьвеце памёр ва ўзросьце 100 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сьне ў доме для састарэлых ў Паўднёвай Афрыцы памёр Майк Гоар — адзін з самых вядомых наймітаў ў сьвеце. Пра гэта паведамляе ВВС.

«Рызыка важнейшая за жыцьцё»

Гоар, які меў мянушку «шалёны Майк», нарадзіўся ў 1919 годзе індыйскай Калькуце ў ірляндзкай сям’і, ён удзельнічаў у кангалескіх войнах 60-х гадоў і праславіўся як адзін з самых пасьпяховых камандзіраў наймітаў.

«Майк Гоар заўсёды кіраваўся прынцыпам "Рызыка важнейшая за жыцьцё", і тым больш дзіўны той факт, што ён змог дажыць да ста гадоў» — адзначыў Крыс Гоар, сын легендарнага «салдата ўдачы».

Падчас Другой усясьветнай вайны Майк Гоар служыў ва Ўзброеных сілах Вялікай Брытаніі і выйшаў у адстаўку ў чыне маёра. Пасьля гэтага ён вырашыў стаць бухгальтарам і нават адкрыў некалькі невялікіх фірмаў у Паўднёвай Афрыцы.

Аднак ў 1961 годзе лёс зьвёў яго з кангалескім палітыкам і бізнэсоўцам Маізам Чомбэ, які праз 3 гады стаў прэм’ер-міністрам Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

У 1964-м Чомбэ наняў Гоара для барацьбы з паўстанцамі, якія прытрымліваліся марксісцкай ідэалёгіі.

Калі праз паўтара года Гоар і яго каманда наймітаў, якіх называлі «дзікія гусі», атрымалі перамогу, пра іх ужо ведаў увесь сьвет.

Дзейнасьць Гоара была адлюстраваная ў мастацтве, у 1978 годзе на экраны выйшаў фільм «Дзікія гусі», у якім ролю палкоўніка Алена Фолкнэра, прататыпам якога паслужыў Гоар, сыграў Рычард Бэртан.

Сам «Шалёны Майк» кансультаваў гэты фільм, а адзін зь яго байцоў нават сыграў там ролю найміта.

Сэйшэлы
Сэйшэлы

Няўдалы пераварот на Сэйшэлах

У пачатку 80-х Майкл Гоар адышоў ад найміцкага бізнэсу. Прынамсі, так здавалася да 1981 году, калі ён нечакана ўзяў удзел у спробе перавароту на Сэйшэльскіх астравах, якія незадоўга да гэтага атрымалі незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.

Гоар добра ведаў Сэйшэлы і, мяркуючы па ўсім, шчыра ненавідзеў сацыялістычны ўрад прэзыдэнта Франса-Альбэра Рэнэ. Заручыўшыся падтрымкай урадаў Паўднёвай Афрыкі і Кеніі, Гоар распрацаваў плян перавароту.

У кастрычніку 1981 году, знаходзячыся ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, ён атрымаў партыю зброі, якую схаваў у склепе вясковага дома. Затым ён наняў каманду з 46 чалавек, зь якімі меў намер прыехаць на Сэйшэлы пад выглядам дабрачыннага піўнога клюбу былых гульцоў у рэгбі.

Амаль усе чальцы каманды прайшлі мытню ў аэрапорце на Сэйшэлах, але адзін найміт стаў ня ў тую чаргу, пачаў спрачацца з супрацоўнікам мытні і ў выніку яго вырашылі абшукаць.

Калі ў багажы ў яго выявіўся аўтамат AK-47, найміт запанікаваў і прызнаўся, што апроч яго ў аэрапорце ёсьць і іншыя людзі са зброяй.

Падчас мітусьні, якая ўзьнікла з прычыны гэтага выкрыцьця, найміты захапілі авіялайнэр кампаніі Air India і паляцелі на ім назад у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.

Там яны здаліся ўладам і былі пасаджаны ў турму на 6 дзён, пасьля чаго Гоар і яго плян былі абсьмяяныя ўсьветнай прэсай.

Зрэшты, празь год адбыўся паўторны суд у справе аб захопе самалёту Air India, і Гоар атрымаў 20 гадоў турмы, але адседзеў толькі 33 месяца.

У апошнія гады Майкл Гоар жыў у Паўночна-Афрыканскай Рэспубліцы і пісаў мэмуары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG